Дырэктар  ААТ  “Брагінка”  Тамара  Кудан: у разліку на ўраджай робім усё, што ад нас залежыць

Грамадства Сельская гаспадарка

Руслан Нікалаеў засявае за змену 30-гектарную плошчу.

Як складзецца сітуацыя на палітычным полі ў 2022-м, ці паўплывае яна на хлебнае поле беларусаў, да чаго патрэбна быць гатовымі, працаўнікі ААТ “Брагінка” летась не ведалі. Прытрымліваліся спрадвечнай сялянскай мудрасці: рыхтуй летам сані, а зімой – колы. Па словах дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Тамары Кудан, з восені правялі дэфектоўку сельгасмашын, падлічылі, колькі грошай спатрэбіцца на іх рамонт, і прыступілі да работы. Сёлета на гэтыя мэты ім выдзелілі з бюджэту звыш 50 тысяч рублёў. Затрымкі з пастаноўкай тэхнікі на лінейку гатоўнасці не было.

Да ўсяго пасеялі 1169 гектараў азімых зерневых і правялі зяблевае ворыва, што значна аблегчыла і паскорыла тэмп палявых работ вясной. Паклапаціліся і пра насенне: завезлі эліту яравых культур, а таксама папоўнілі запасы мінеральных угнаенняў. Вітаміны ўрадлівасці ўносяць у гэтыя дні пад азімыя, рапс, шматгадовыя травы. Калі праязджалі па палях, звярнулі ўвагу, што расліны актыўна пайшлі ў  рост, зазелянелі.

– Арганіку пачалі вывозіць 4 сакавіка, ужо ачысцілі тэры-торыі ўсіх ферм, – расказвае Тамара Сямёнаўна. – Уносяць яе пад кукурузу чатыры адзінкі тэхнікі, заворвае механізатар ААТ “Брагіна-грасэрвіс”. Партнёры па аграпрамысловым комплексе аказваюць нам адчувальную дапамогу.

Згодна з планам, “Брагінцы” патрэбна пасеяць 400 гектараў яравых зерневых. У тым, што за дзесяць дзён хлебаробы з пастаўленай задачай справяцца, сумненняў не выклікае, бо і вясной, і восенню гэтую работу выконвае Руслан Нікалаеў, прафесіянал з вялікім стажам і вопытам. За дзень ён загортвае ў глебу насенне на плошчы 30 і болей гектараў. Камбінаваны агрэгат Руслана Анатольевіча выконвае за адзін праход тры аперацыі: культывуе, сее і барануе. Адразу кідаецца ў вочы, што поле выраўнена, падрыхтавана яшчэ з восені. На 29 сакавіка ў гаспадарцы было пасеяна 30 гектараў трыцікале і 135 аўса з запланаваных 200 га.

На ўліку – кожны літр ГЗМ

Прааналізаваўшы расход паліва за тры папярэднія гады, тыпавыя нормы сёлета знізілі на 10%. Створана камісія з трох чалавек па водпуску, замеры ГЗМ і пламбіраванні паліўных бакаў. Чарговы пуцявы ліст механізатар або вадзіцель не атрымаюць, пакуль не вернуць папярэдні. Запраўшчык Сяргей Кудрэнка ўказвае ў транспартным дакуменце колькасць залітага ў бак гаручага, нумар пломбы, кантралюе, каб тут стаяў подпіс гаспадара тэхнікі. Рабочая змена ў яго пачынаецца на пачатку 7-й гадзіны. Сяргей Мікалаевіч і сустракае механізатараў з поля. Пломбы мяняюцца кожны дзень, выкарыстаныя – утылізуюцца. За ўлік ГЗМ адказвае галоўны бухгалтар, за аб’ёмы і якасць выкананага дзённага задання – галоўны аграном, за расцэнкі і аплату працы – галоўны эканаміст.

Экран адлюстроўвае ход палявых работ.
Кожная пломба пранумаравана.

Аб кармах, як аб хлебе

У гэтыя вясновыя дні закладваецца і падмурак будучага ўраджаю, і кармавая база. З улікам таго, што колькасць буйной рагатай жывёлы прырасла на 293 галавы, імкнуцца павялічыць запасы зернефуражу, сена, сенажу. Стратэгічнай культурай лічыцца кукуруза, пад якую ўносяць максімальную колькасць арганікі. Насенне каралевы палёў сваё, не першы год гаспадарка супрацоўнічае з эксбазай “Крынічнае”.

Сёмы год вырошчваюць проса, намалочваюць каля 200 тон зерня (рэалізуюць яго на Рэчыцкі КХП). Салому прасуюць, скормліваюць потым маладняку. Культура гэтая прываблівае тым, што сеяць яе можна ў ліпені. Адзін год, расказваюць, паклалі насенне ў глебу нават пасля ўборкі рапсу. У бягучым годзе адвядуць аднагадовай травяной расліне не менш чым 100 гектараў. Разам з механізатарамі на полі зараз і галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Берднік.
Рапс (ён займае 200 га) перазімаваў добра, цяпер неабходна наладзіць за ім догляд, выканаць усе тэхналагічныя аперацыі. Каб павялічыць валавы збор зерневых, пасевы сілкуюць карбамідна-аміячнымі сумесямі з мікраўгнаеннямі. Вяскоўцы летась нямала зрабілі для хлебнага поля, бо адчуваюць сваю адказнасць за харчовую бяспеку краіны ў гэтай няпростай палітычнай сітуацыі.

Галоўны аграном Мікалай Берднік.
Запраўшчык Сяргей Кудрэнка.

Клопат аб людзях

Людзі, якія працуюць у полі светлавы дзень, акружаны ўвагай і клопатам. Для іх абсталявалі душавую і гардэробную, арганізавалі гарачае харчаванне ў сваёй сталовай. З удзельнікамі пасяўной правялі нараду, на якой абмеркавалі арганізацыйныя пытанні, пазнаёмілі з аплатай працы, мерамі маральнага і матэрыяльнага стымулявання. У час вучобы нагадалі аб правілах тэхнікі бяспекі і аховы працы. Вяскоўцы прайшлі медагляд, іх забяспечылі спецвопраткай.

Дарэчы, экран ходу палявых работ запаўняецца кожны дзень, указваецца норма-змена і заробак хлебаробаў. За гэтым строга сочыць Тамара Сямёнаўна. У спецыялістаў некалькі павераных алкатэстараў, якія можна ўзяць з сабой на поле. Вытворчы працэс наладжаны, калектыў ведае свае задачы і нацэлены на іх выкананне.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК