Дарагія землякі! Як вы ўжо ведаеце, у раёне праходзіць акцыя «Дарогамі спаленых вёсак». Мы самі, нашы дзеці, унукі і праўнукі павінны ведаць праўду пра вайну, ахвярамі якой сталі мільёны людзей. У знакавым для брагінчан месцы будзе ўзведзены манумент у памяць аб спаленых вёсках, загубленых мірных жыхарах.
Па сутнасці ствараецца мемарыял памяці – прапаную так назваць гэтае месца. Увасабленне гістарычнай справядлівасці ў нашым жыцці – не забыць тых, хто загінуў. На гэтае месца будуць і павінны прыходзіць людзі як у храм Божы, каб ушанаваць забітых, сюды будуць прыводзіць дзяцей, прыязджаць маладажоны пасля рэгістрацыі шлюбу.
Асноўнай часткай манумента будзе звон. Яго набат для нас – папярэджанне, трывога, голас загубленых людзей. “Людзі добрыя!
Мы так хацелі жыць, так любілі жыццё, а яго адабралі нелюдзі. Мы звяртаемся да вас, зрабіце ўсё магчымые, каб бяда не паўтарылася. Любіце адзін аднаго, радуйцесь жыццю, жывіце доўга і шчасліва, жывіце і за нас. Мы вас любім, мы з вамі ў вашай памяці…”
Сёння я хачу спытаць у кожнага: а што ты зрабіў у маральным і матэрыяльным плане, які твой удзел у акцыі?
Лічу, што ўдзел у акцыі могуць прыняць і пенсіянеры. Мы не пакрыўджаныя дзяржавай, давайце ж зробім для свайго раёна добрую справу.
Асобны зварот да прадпрымальнікаў: тое, што робіцца ў рамках акцыі, гэта дзеля вашых будучых праўнукаў. Кожны з вас мае нейкія сродкі, і я думаю, знойдуцца яны і для таго, каб зрабіць свой уклад у агульную скарбонку.
І апошняе. Сёлета наш любімы Брагін будзе адзначаць 875 гадоў з першаага свайго згадвання ў летапісах. А на імяніны прыходзяць з падарункамі. Дык няхай нашы ахвяраванні будуць падарункам да юбілею, які прыпаў на гэты знакавы Год гістарычнай памяці. Усіх жыхароў Брагіншчыны віншую з вясной, з новай пасяўной, з новымі вяселлямі і хрысцінамі, жывіце доўга і шчасліва. Міру і спакою вашым сем’ям!
Аляксандр Цярэшчанка,
пенсіянер