Аператыўная зводка па Брагінскім раёне з 21 па 27 сакавіка

Грамадства Тэрыторыя закона

На мінулым тыдні ў міліцыю па лініі 102 паступіла 38 паведамленняў. Аб гэтым расказалі ў штабе РАУС.

Узбуджана адна крымінальная справа. 26 сакавіка ў Рэчыцкую ЦРБ з дыягназам “множныя пераломы рэбраў справа” накіравана работніца аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Са слоў жанчыны, траўму яна атрымала пры падзенні у кармушку на МТФ падчас дойкі кароў.

Зарэгістравана чатыры здарэнні. Так, 22 сакавіка ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб выяўленні на тэрыторыі нарыхтоўчага пункта Брагінскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Боепрыпасы знішчаны сапёрна-піратэхнічнай групай вайсковай часці 5525 (г. Гомель).

Раніцай 23 сакавіка жыхар Камарына 1930 года нараджэння пайшоў з дому і да гэтага часу яго месца знаходжання невядома. Мабільнага тэлефона пенсіянер пры сабе не меў.

23 сакавіка ў 13.30 загарэлася гаспадарчая пабудова ў Пераносах. У выніку пажару хлеў цалкам знішчаны. Прычына высвятляецца.

25 сакавіка ў Рэчыцкую ЦРБ з дыягназам “падкапсульная гематома левай почкі з разрывам” накіравана жыхарка Брагіна. Устаноўлена, што траўму грамадзянцы К. падчас сваркі на глебе рэўнасці нанёс яе сужыцель яшчэ 20 сакавіка.

Супрацоўнікамі міліцыі складзена 16 адміністрацыйных пратаколаў. У тым ліку восем – за распіццё спіртнога або знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы (арт. 19.3 КаАП).

За парушэнне правілаў дарожнага руху да адказнасці прыцягнуты 42 чалавекі, 7 з якіх – веласіпедысты і пешаходы. 21 сакавіка супрацоўнікамі ДАІ затрыманы грамадзянін К., які кіраваў аўтамабілем “Фальксваген Джэта” ў нецвярозым стане (0,8 праміле). Праведзена абследаванне вулічна-дарожнай сеткі.

Падрыхтавала Вольга ПАЛЯШЧУК