З гісторыі
У далёкім 1932 годзе жыхары нашага, тады балоцістага, краю атрымалі першы нумар раённага выдання, якое называлася “Трыбуна калгасніка”. Зараз ён захоўваецца ў кніжнай палаце ў Маскве.
Газета падпарадкоўвалася райкаму КП(б)Б і раённаму Савету дэпутатаў працоўных. На яе старонках супрацоўнікі ўсебакова асвятлялі калгаснае будаўніцтва, прамысловасць, культурна-масавую работу ў раёне. Выходзіла два разы ў тыдзень фарматам ¼ друкаванага аркуша – гэта палова старонкі сучаснага нумара. Працавала і друкарня, дзе займаліся выпускам дробнай бланачнай прадукцыі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны, у перыяд акупацыі дзейнасць выдання была часова прыпынена. Яшчэ ў руінах ляжала гаспадарка, людзі не да канца паверылі ў вызваленне, а 23 снежня 1943 года, менш чым праз месяц пасля выгнання ворага, паштальёны разнеслі першую пасляваенную раёнку. Не хапала паперы, і некаторыя нумары выходзілі ў зменшаным фармаце.
Разбураная краіна ўзнаўлялася неверагоднымі па хуткасці тэмпамі. Разам з ёй мацнеў і раён. Вядома ж, наша выданне не заставалася ў баку ад гэтага вірлівага жыцця. У 1955 годзе фармат газеты павялічыўся да паловы друкаванага аркуша, і яна пачала выходзіць тройчы ў тыдзень.
У 1962-м праходзіць рэарганізацыя ў сельскай гаспадарцы. Некаторыя калгасы ператвараюцца ў саўгасы, трэцяя частка земляробаў раёна становіцца рабочымі ў сумесных гаспадарках. І назва “Трыбуна калгасніка” перастае адпавядаць зместу газеты. Рашэннем бюро райкама КПБ выданне змяняе назву на “Прамень камунізму”. У гэтым жа годзе ў Хойніках на базе трох раёнаў (дадаюцца Брагінскі і Камарынскі) ствараецца калгасна-саўгаснае ўпраўленне. Выпуск раённай газеты спыніўся. Але ненадоўга. У 1963 годзе гэтае ўпраўленне было раздзелена на два, створаны Хойніцкі і Брагінскі раёны. 16 сакавіка выйшла ў свет раённая газета, якая называлася “Маяк Палесся”.
У часы перабудовы і крызісаў, развалу і безуладдзя мясцовае выданне працягвала прыходзіць да чытача. Хаця тады нешматлікі калектыў рэдакцыі не атрымліваў зарплаты часам па два месяцы.
24 лютага 1995 года засна-вальнікамі газеты сталі раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў, працоўны калектыў рэдакцыі. Гэта гіс-торыя, і аб ёй мы ўжо не раз пісалі.
Сёння “Маяк Палесся” – сучаснае выданне, якое актыўна заваёўвае інтэрнэтпрастору, зарэгістравана ва ўсіх сацыяльных сетках, застаецца запатрабаваным у падпісчыкаў і карыстальнікаў Інтэрнэта. У мінулым годзе “МП” стаў пераможцам абласнога этапу творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці МНС у намінацыі “Прапаганда ведаў у галіне забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва”. Заняў трэцяе месца ў аналагічным рэспубліканскім конкурсе.
Аб чым пісалі
1 студзеня 1935 года. На першай старонцы “Трыбуны калгасніка” быў змешчаны артыкул “Разгорнем паход, арганізуем гурткі па чытанні і вывучэнні лепшых твораў мастацкай літаратуры”. Ён заклікаў усіх рабочых, калгаснікаў і працоўных Брагіншчыны падтрымаць ініцыятыву калгаснікаў перадавога Аршанскага раёна асвойваць мастацкую літаратуру. Ім раілі чытаць творы Міхаіла Шолахава, Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янкі Купалы і інш.
29 лютага 1936 года. Раёнка паведамляла, як галасаваць у дзень выбараў у Вярхоўны Савет СССР, калі пройдзе ў Мінску ўсебеларускі злёт перадавікоў сацыялістычнай жывёлагадоўлі, знаёміла з пастановай раённай камісіі па спаборніцтве з Хойніцкім раёнам. У крытычным матэрыяле “Як падрыхтаваць сытага каня да вясны” ўздымалася праблема дрэнных адносін старшынь калгасаў, брыгадзіраў і конюхаў да захавання і вырошчвання конскага пагалоўя.
Асабліва зацікавілі Чырвоная і Чорная дошкі. На першую з іх за добрую падрыхтоўку да веснавой сяўбы быў занесены Крыўчанскі сельсавет (старшыня Ціханчук Лена). На другую за марудныя тэмпы па падрыхтоўцы да веснавой сяўбы, за зрыў засыпкі, ачысткі і абмену насення, вывазкі гною і здабычы торфу – Шкуратоўскі (старшыня Сакоўскі), Спярыжскі (старшыня Кіслоў), Малажынскі (старшыня Харко), Астраглядаўскі (старшыня Каплан) сельскія Саветы.
Нумар “Трыбуны калгасніка” за 1937 год змяшчаў невялікія паведамленні з месц (пісьмы рабочых і калгаснікаў) пад загалоўкамі: “Хата-чытальня – культурны ачаг на вёсцы” (подпіс – Мятліцкі), “Клуб заўсёды на замку” (Сікорын), “Раўняцца па перадавой брыгадзе” (Кубар), “Хлявы не ацеплены” (Пяхота) і інш. Матэрыял пад рубрыкай “Большэвіцкі друк – у масы” абвяшчаў аб пачатку падпіскі на газету “Трыбуна калгасніка”, а таксама і на іншыя газеты і часопісы, якія выходзілі ў СССР на 1938 год. Падпісная цана на месяц на мясцовае выданне была 45 кап., на квартал – 1 руб. 35 кап., на год – 5 руб. 40 кап.
У гэтыя і іншыя гады раёнка рабіла міжнародны агляд, расказвала пра падзеі ў іншых краінах, агітавала галасаваць за дастойных кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР, усебакова асвятляла жыццё раёна, краіны, уздымала вострыя праблемы, знаёміла з перадавікамі вытворчасці і перадавым вопытам. У кожны дом прыходзіла як надзейны дарадчык, мудры настаўнік і асветнік.
Слова пра калег
З галоўным рэдактарам нам пашанцавала. Як кіраўнік Галіна Шаўчэнка прынцыповая і патрабавальная, як чалавек – спагадлівая і чулая, гатовая ў любы час прыйсці на дапамогу, даць дзельную параду, перасцерагчы ад памылак. З ёй мы адчуваем сябе абароненымі, упэўненымі ў сваіх сілах. Трапныя словы Галіны Адамаўны, сказаныя да месца, бывае, з гумарам, а часам і з сарказмам, могуць астудзіць гарачыя галовы, спыніць грубіяна, прымусіць памяняць рашэнне апанента. Нездарма яе публікацыі знаходзяць шчыры водгук у чытачоў.
Рэдактар аддзела грамадска-палітычнай інфармацыі Валянціна Бельчанка аптымістычная і разважлівая, заўсёды імкнецца нешта падказаць і параіць і нашым пазаштатным аўтарам, і калегам. Яна мае права і пакрытыкаваць, і даць настаўленні. Любая тэма ёй падуладна, а матэрыялы цікавыя, якасныя і насычаныя.
Вольга Паляшчук – наш нязменны фотакарэспандэнт. Яна актыўная, заўсёды ў руху, мае юрыдычную адукацыю, што дазваляе ёй пісаць на праваахоўную тэматыку і тым самым садзейнічаць прафілактыцы правапарушэнняў у раёне.
Не раз маглі бачыць на розных мерапрыемствах нашу маладую супрацоўніцу Ірыну Стычынскую. Яна прыйшла ў рэдакцыю газеты нядаўна, але ўжо літаральна зраднілася з калектывам.
Сучасны выгляд выдання шмат у чым залежыць ад працы Ніны Каленчанкі, якая займаецца працэсам набору і вёрсткі, прапаноўвае добрыя ідэі па ўдасканаленні знешняга выгляду газеты.
Галоўны бухгалтар Ларыса Каленчанка трымае на кантролі ўсю фінансавую дзейнасць, грашовыя паступленні, расходы і раіць, якім чынам палепшыць фінансавае становішча рэдакцыі.
Юрый Дубіна – вадзіцель, вопытны, уважлівы. Паспець своечасова, быць упэўненым у дарозе немалаважна для кожнага. Для журналіста – тым больш. Заслуга Юрыя Аляксандравіча ў тым, што мы ніколі не спазняемся.
І ў 1932-м, і зараз калектыў рэдакцыі імкнецца рабіць газету яшчэ больш цікавай і прыгожай, працуючы з любоўю да Брагіншчыны і з клопатам пра чытача. Заставайцеся з намі.
Ніна СІНІЛАВА