Прыхільнікі здаровага ладу жыцця і аматары актыўнага адпачынку правялі суботні дзень з карысцю. Сёння на базе Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі прайшлі спаборніцтвы па лыжным спорце “Брагінская лыжня – 2022”.
Перад стартам намеснік старшыні райвыканкама Іна Міхаленка пацікавілася настроем удзельнікаў, пажадала лёгкай дыстанцыі і перамог.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Кандрацюк адзначыла, што ў любых спаборніцтвах галоўнае – удзел, пажадала ўсім поспехаў і здароўя.
У якім парадку будзе праходзіць змаганне, расказаў старшыня ФСК “Ураджай” Сяргей Фурс.
Аб музычным суправаджэнні мерапрыемства паклапаціліся работнікі Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра.
Спаборніцтвы праводзіліся ў дзвюх групах:
– сярод устаноў адукацыі раёна;
– сярод устаноў і арганізацый раёна.
Потым на лыжню выйшлі ўсе жадаючыя праверыць свае сілы ў асабістым першынстве.
Барацьба за лідарства была напружанай і ўпартай. Эмоцыі, спартыўны азарт і жаданне перамагчы перапаўнялі ўсіх спартсменаў. Актыўна лыжнікаў падтрымлівалі іх сябры і калегі, падбадзёрвалі як на дыстанцыі, так і на фінішы.
Як і ў любых спаборніцтвах, на гэты раз поспех таксама ўсміхнуўся мацнейшым.
Першыя месцы ў сваіх групах занялі каманды Камарынскай школы і Камарынскага лясгаса.
Другія месцы – каманды Брагінскай школы і Новаіёлчанскага сельскага Савета.
Трэція месцы – каманды Вуглоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы і запаведніка.
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК