Плануецца, што гэтую пасяўную будуць праводзіць не толькі механізатары гаспадарак, але і іх вопытныя калегі з арганізацый і прадпрыемстваў раёна, у першую чаргу звязаныя з АПК.
Калі бываем у калектывах, знаёмімся з людзьмі, нярэдка ў адрас таго або іншага працаўніка чуем ад спецыялістаў інжынернай службы: выдатна ведае будову трактара, дысцыплінаваны, сумленны. Веды і багаты вопыт такіх запатрабаваны ў першую чаргу.
Па словах старшага інспектара ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ніны ЯРМОЛЕНКІ, у ААТ на сёння не хапае 42-х механізатараў: 24-х – у “Камарынскім”, дзевяці – у “Чамярыскім”, трох – у “Брагінцы”, чатырох – у “Брагінскім”, двух – у “Імя Жукава”. Не адчуваюць кадравага голаду толькі “Пераможнік” і “Малажынскі”.
Часткова вырашыць праблему плануюць і з дапамогай выпускнікоў Хойніцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Заява на размеркаванне ў наш раён 20 трактарыстаў-машыністаў ужо пададзена. Некаторыя з іх будуць прызваны ў армію на тэрміновую службу, а тыя, хто застанецца, набяруцца вопыту пад кіраўніцтвам калег са стажам.
Уборка зерневых і зернебабовых стала ў нашай краіне справай дзяржаўнай важнасці. Брагіншчына – не выключэнне. Жніво вядуць работнікі МНС, аддзела адукацыі, меліяратары, на асабістых грузавых аўтамабілях адвозяць зерне ад камбайнаў прыватнікі. З такім жа стараннем і настроем, клопатамі аб будучым ураджаі варта правесці сяўбу яравых. Тады і з хлебам будзем, і з высокімі намалотамі, а значыць, і з заробкамі, і ў лідары зноў выйдзем.
Ніна СІНІЛАВА