Насенне спецыялісты называюць залатым фондам будучага ўраджаю. Згодна з планам, пад ураджай бягучага года хлебаробам раёна неабходна засыпаць 1649 тон (з улікам страхавога фонду). Такая колькасць насеннага матэрыялу ёсць.
Задача спецыялістаў Брагінскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін – правесці поўны аналіз на ўсходжасць, чысціню, засмечанасць шкоднікамі і каранціннымі аб’ектамі, адпаведнасць стандарту. Вось што расказаў вядучы аграном інспекцыі Аляксандр РУДАБЕЛЕЦ:
– Насенне ўсё ачышчана, 1464 тоны з гэтай колькасці (89%) праверана. Кожны год мы праводзім сортаабнаўленне і сортазамену. У гаспадаркі Брагіншчыны паступіць 165 тон эліты і суперэліты. Насенне ніжэй другой рэпрадукцыі ў ААТ не выкарыстоўваецца. Пры падборы яравых культур перавагу аддаём беларускай селекцыі. Насенне азімых каласавых, напрыклад, сельгасвытворцы набываюць самастойна там, дзе ім найбольш выгадна.
Сёлета на палі ААТ “Малажынскі” вернецца яравая пшаніца, якой адвядуць 50 гектараў. У 2021-м добры ўраджай дала азімая, таму вырашана пасеяць і яравую. Прапісваецца на палетках Брагіншчыны азімы ячмень. Летась гэтую культуру вырошчваў толькі “Чамярыскі”, які першым пачаў жніво ў нашым раёне. Сёлета ячмень будзе каласіцца на палетках “Імя Жукава”, “Малажынскі”, “Камарынскі”, дзе яму выдзелілі па 50 гектараў, у “Брагінцы”– на 15 га. Чамярысцы пашырылі пасяўную плошчу гэтай культуры да 432 гектараў. Робіцца ўсё, каб ураджайнасць зерневых і зернебабовых радавала.
Ніна СІНІЛАВА