Прызыў-2021. Мікалаю Чаусу з Краснага выпаў гонар праходзіць службу ў паветрана-дэсантных войсках

Грамадства

Провады на службу ў армію праходзяць звычайна ў атмасферы ўрачыстасці. Наказ будучым салдатам даюць людзі ў пагонах, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Бласлаўляе прызыўнікоў протаіерэй Уладзімір Зелянкоўскі, а маці просяць аб адным: берагчы сябе. Так было і на гэты раз. Падчас асенняга прызыву Брагіншчына правяла ў армію 22-х юнакоў. Службу яны нясуць у Брэсце, Віцебску, Барысаве, Слуцку. Сямёра – у пагранічных, тры – ва ўнутраных войсках, адзін – у падраздзяленні спецыяльнага назначэння.

Мікалай Чаус з аграгарадка Краснае задаволены: яму выпаў гонар праходзіць суровую мужчынскую школу ў паветрана-дэсантных войсках у Віцебску. 20 лістапада наш зямляк прыняў прысягу. Радасць гэтага ўрачыстага моманту з ім раздзялілі родныя і блізкія. Вось што расказала маці Таццяна Васільеўна:

– Мне спадабалася ўсё: горад, арганізацыя мерапрыемства, паказальныя выступленні, а галоўнае – я ўбачыла радасць у вачах сына. Ён трапіў у асобную гвардзейскую часць, якая прайшла слаўны баявы шлях. Назад я вярталася ў добрым настроі. Мікалай тэлефануе кожную нядзелю, у яго ўсё добра. Да службы ён паспеў закончыць ліцэй і крыху папрацаваць у ААТ “Камарынскі”. Чакаю яго, каб абняць у родным доме.

Ніна СІНІЛАВА