Прафсаюзы: Брагіншчына далучылася да месячніка бяспекі ў галіне жывёлагадоўлі

Грамадства Сельская гаспадарка

З 1 па 19 лістапада ў Гомельскай вобласці праводзіцца месячнік бяспекі ў галіне жывёлагадоўлі.

На гэтым тыдні старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Раман Цеслянок і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка пабывалі на жывёлагадоўчых аб’ектах у Хракавічах і Новай Грэблі.

Яны праверылі стан транспарцёраў гноевыдалення і варот, якія могуць стаць прычынай трагедыі, а таксама гатоўнасць памяшканняў да зімы, утрыманне быкоў-вытворнікаў і наяўнасць інфармацыйных матэрыялаў па ахове працы. Без заўваг не абышлося. Іх адрасавалі спецыялістам зааветслужбы, якія прысутнічалі ў гэты час на МТФ. У планах прафсаюзных лідараў – наведаць усе ААТ раёна.

Жывёлагадоўчая галіна лічыцца траў-манебяспечнай. У сельскагаспадарчых арганізацыях Гомельшчыны за 2018–2020 гады на вытворчасці загінулі чатыры чалавекі (трое з іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення) і 22 цяжка траўміраваны. Сёлета не стала двух жывёлаводаў, а сямёра атрымалі траўмы.

Месячнік ставіць сваёй мэтай прадухіленне няшчасных выпадкаў на вытворчасці, правядзенне інструктажоў па ахове працы з работнікамі МТФ і комплексаў, павышэнне кантролю за захаваннем вытворча-тэхналагічнай дысцыпліны і заканадаўства аб ахове працы.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК