15 лістапада 65-годдзе з дня нараджэння адзначае Міхаіл Ярасавіч Казачэнка з Хракавіч

Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы

Высокаадукаваны і вопытны педагог і сёння застаецца запатрабаваным у Хракавіцкай школе. Гэтага чалавека паважаюць і вучні, і іх бацькі. Ён карыстаецца аўтарытэтам не толькі ў сваім педкалектыве, але і сярод настаўнікаў іншых устаноў адукацыі раёна (з некаторымі знаёмы амаль сорак гадоў). Міхаіл Ярасавіч лёгка падтрымае свайго суразмоўцу, знойдзе цікавую тэму для гутаркі. У ліку асноўных рыс яго характару – прыветлівасць і тактоўнасць.

У згодзе і ўзаемаразуменні разам з жонкай Валянцінай Анатольеўнай (таксама настаўніцай) выхавалі дваіх дочак, дапамаглі ім атрымаць вышэйшую адукацыю.

Старэйшая, Наталля, прадоўжыла сямейную дынастыю педагогаў. Як і бабуля Станіслава Людвігаўна, аддала перавагу дашкольнаму навучанню. ВНУ закончыла з чырвоным дыпломам, і аддзел адукацыі г. Жабінка (туды трапіла па размеркаванні) даверыў маладому спецыялісту ўзначаліць дзіцячы садок. Кіруе калектывам ужо 21-шы год. Малодшая, Таццяна, упэўнена, што вырошчваць хлеб не менш ганарова, чым вучыць і выхоўваць дзяцей. Яна стала аграномам.

А яшчэ наш паважаны юбіляр – тройчы дзядуля. Умерана строгі і патрабавальны, а разам з тым шчодры і дабрадушны.

Прафесійны ўзровень

У верасні Міхаіл Ярасавіч распачаў свой саракавы навучальны год. Дарэчы, Хракавіцкая школа – яго адзінае месца работы. Побач з ім мне давялося працаваць аж 24 гады. Улічваючы водгукі былых выпускнікоў і меркаванні калег, я зрабіла адназначны вывад: юбіляр дасканала авалодаў методыкай выкладання школьных прадметаў і ясна ўсвядоміў прызначэнне і ролю настаўніка. Ён імкнецца да таго, каб выхаваўчыя задачы сучаснай школы ажыццяўняліся праз змест тэмы ўрока і ў цесным супрацоўніцтве педагога і вучняў.

Умела спалучае на сваіх уроках Міхаіл Ярасавіч тэорыю з практыкай. А фізіка і ДПЮ (дапрызыўная падрыхтоўка юнакоў), якія выкладае, дапамагаюць вучням раскрыць і рэалізаваць свае магчымасці. Многія выпускнікі ўдзячны настаўніку не толькі за базавыя веды, але і за тое, што навучыў прымяняць іх на справе. Гэта дапамагло стаць запатрабаванымі спецыялістамі ў розных сферах дзейнасці.

Усё павінна быць прагожым

На генетычным узроўні закладзены ў характар Міхаіла Ярасавіча такія рысы, як працалюбства і акуратнасць. Змалку ён кіруецца сцвярджэннем, што ў чалавека ўсё павінна быць прыгожым: як дом і адзенне, так і ўзаемаадносіны ў сям’і, з сябрамі, аднавяскоўцамі. Дабрыня, клопат, узаемавыручка – гэта ўсё яму прывілі ў сям’і, дзе нарадзіўся і вырас.

У маіх вачах Міхаіл Ярасавіч – узор прыстойнасці, эталон акуратнасці ва ўсім. Заўсёды на любімую працу прыходзіць у адпрасаваным касцюме, да бляску начышчаным абутку, з тонкім густам падабраным да кашулі гальштуку і ў добрым настроі. У кабінеце фізікі ўсё на сваіх месцах. Абсалютны парадак – на настаўніцкім стале. Гэта таксама дысцыплінуе вучняў, стымулюе іх быць падобнымі на свайго педагога.

Міхаіл Ярасавіч – “тэхнар”. Ён ведае і любіць тэхніку, таму яго аўтамабіль – як люстэрка. Каля дома, у двары і на прысядзібным участку ў любую пару года – поўны ажур.

Толькі парадавацца можна сямейным узаемаадносінам Казачэнкаў. І на працы, і падчас адпачынку – разам. Узгадваю, як мы, настаўнікі, дапамагалі калгасу апрацоўваць буракі. У залежнасці ад сабранага ўраджаю, нам для ўласных кароў бясплатна выдавалі “прагрэсіўку” – буракі і сена ў цюках. У сям’і Казачэнкаў тады не было ўласнай гаспадаркі, але яны ніколі не адмаўляліся ад праполкі. За гэтую работу ў асноўным браліся жанчыны і дзеці, але Міхаіл Ярасавіч і тут быў побач з жонкай, нягледзячы на пасаду дырэктара школы.

Умее наш юбіляр не толькі вучыць дзяцей законам фізікі, увішна працаваць на полі і агародзе, але і прыгожа адпачываць. Валодаючы добрымі вакальнымі данымі, часта выступаў з жонкай дуэтам, выконваючы папулярныя эстрадныя песні, якія цяпер мы называем хітамі. А на цырымоніі адкрыцця прыватнай калекцыі “Іванава сядзіба”, галоўным ініцыятарам і заснавальнікам якой ён з’яўляецца, правёў для гасцей майстар-клас на ткацкім станку (адноўленым, дарэчы, уласнымі рукамі).

Не пасаваць перад цяжкасцямі

Валодае Міхаіл Ярасавіч і такімі рысамі характару, як ураўнаважанасць і прадбачлівасць, мэтанакіраванасць. Згадзіцеся, у кожнага з нас у жыцці складваецца не заўсёды так, як хочацца. Адзін пасуе перад выпрабаваннямі, а другі мабілізуе ўсе сілы на вырашэнне праблемы. Міхаілу Ярасавічу лёс таксама не раз рабіў выклікі, але ён стойка пераадольваў цяжкасці.

За гады працы ў школе з’яўляўся дырэктарам, намеснікам па вучэбна-выхаваўчай рабоце, кіраўніком ДПЮ, выкладчыкам фізікі і матэматыкі. Моцны характар і зараз дапамагае яму быць стрыманым, з увагай не толькі выслухаць апанента, але і пачуць яго, прааналізаваць праблему, знайсці выйсце.

Родны кут

Бесклапотнае, вельмі яркае дзяцінства і поўнае светлых амбіцыйных мар юнацтва прайшлі ў прыгожай вёсцы Смалегаў, што ў Нараўлянскім раёне. Там закончыў дзесяцігодку, прызваўся на службу ў супрацьпаветраныя войскі. Пасля дэмабілізацыі паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, дзе сустрэў будучую жонку. У студэнцкай сям’і нарадзілася дачушка. А праз год па размеркаванні Міхаіл Ярасавіч і Валянціна Анатольеўна былі накіраваны ў Хракавіцкую школу.

Малую радзіму наш юбіляр наведваў падчас водпуску. Успаміны аб дагледжаным і ўтульным бацькоўскім доме з бярозай-прыгажуняй каля яго і сёння трывожаць душу: перад вачамі ўсплываюць дарагія вобразы бацькі, маці, старэйшай і малодшай сясцёр, школьных сяброў і аднавяскоўцаў, мясцовы лес, луг, азёры. На жаль, родная вёска знікла з карты раёна ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Добры след на зямлі

Страціўшы ў 30-гадовым узросце малую радзіму, Міхаіл Ярасавіч здабыў яе ў Хракавічах. І цяпер гэтая вёска для сям’і Казачэнкаў з’яўляецца роднай. Менавіта таму юбіляр стаў галоўным ініцыятарам стварэння тут этнаграфічнага музея. Плённа папрацавалі пад яго кіраўніцтвам калегі-аднадумцы Валянціна Анатольеўна (жонка) і Ларыса Іванаўна, калега, якая аддала пад будучы музей пустуючы бацькоўскі дом. Гэтыя трое энтузіястаў паклапаціліся аб тым, каб не толькі сучаснікі, але і будучыя пакаленні змаглі даведацца аб сваіх вытоках, дакрануцца да іх.

Для Міхаіла Ярасавіча, як і для многіх людзей яго пакалення, галоўнае – пакінуць добры след на зямлі. Мая сям’я і былыя калегі Тамара Хіжанок, Святлана Ганчарэнка, Надзея Кірбай віншуюць Міхаіла Ярасавіча з юбілеем. Жадаем яму творчага натхнення, доўгай і светлай жыццёвай дарогі, каб кожны новы дзень дарыў толькі прыемныя ўражанні.

Любоў МАЙСЕЕНКА

 

Пяць пытанняў юбіляру

1. Аб чым думаеце сам-насам?

– Часцей за ўсё пагружаюся ва ўспаміны пра блізкіх людзей. Бацька застаўся для мяне своеасаблівым маяком, які паказвае накірунак у жыцці. Маці – пяшчотная, гаваркая, працавітая. Прывучала працаваць з маленства і нас, дзяцей. І сёння памятаю яе запавет: “Ніколі, сынок, не падзяляй работу па гаспадарцы на “мужчынскую” і “жаночую”. Змалку я і посуд мыў, і бялізну. Навучыўся нават кросны ткаць. Усплывае ў памяці і прыгожы голас маці, а таксама песні, якія яна перадала маім дачушкам.

2. Ці збылася запаветная мара?

– Так! Я марыў стаць настаўнікам, як старэйшая сястра.

3. Якое ўражанне пакінула служба ў арміі?

– Найлепшае! Там шмат чаму навучылі. Прыемна было і мне, і бацькам, калі ад камандзіра часці да іх дасылаліся лісты з падзякай.

4. Самая яркая падзея ў жыцці…

– Гэта і атрыманне дыплома, і нараджэнне дачушак, і з’яўленне на свет унукаў, і размяшчэнне майго прозвішча на абласной Дошцы гонару. А на даны момант – людская падзяка за стварэнне прыватнай калекцыі “Іванава сядзіба”.

5. Што яшчэ накоплена ў жыццёвай скарбонцы?

– Незабыўныя малюнкі бесклапотнага дзяцінства, светлыя мары юнацтва, дружная сям’я, паспяховыя дзеці, перспектыўныя ўнукі, добразычлівыя землякі, удзячнасць былых вучняў, шматлікія граматы, дымломы, лісты з падзякай. Спадзяюся, гэта скарбонка яшчэ будзе папаўняцца.