Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 верасня прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
ШАС у гэтым годзе адзначыла сваё 20-годдзе, і саміт у Таджыкістане юбілейны. На пасяджэнні кіраўнікі дзяржаў падвялі вынікі дзейнасці арганізацыі за мінулы перыяд, абмеркавалі стан і перспектывы шматбаковага ўзаемадзеяння і прапанавалі свае шляхі развіцця арганізацыі. Аляксандр Лукашэнка таксама спыніўся на некалькіх тэмах, якія патрабуюць, на яго думку, цеснага ўзаемадзеяння ў арганізацыі.
Паводле слоў Прэзідэнта, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва цяпер давядзецца сутыкнуцца з гістарычным стрэс-тэстам, магчыма, самым сур’ёзным за ўсю гісторыю.
Першае. Паскорыць спалучэнне глабальных стратэгій развіцця
«ШАС — адна з самых буйных у свеце рэгіянальных арганізацый. Гэты статус дае ўсе рэсурсы і магчымасці, каб не іграць па правілах, якія дыктуюць знешнія сілы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, краіны ў сілах забяспечыць мір на роднай зямлі і адстаяць шматпалярнае справядлівае светаўладкаванне. Для гэтага, лічыць Прэзідэнт, неабходна паскорыць спалучэнне глабальных стратэгій развіцця, пашырыць узаемадзеянне ў сферы бяспекі, прадоўжыць умацоўваць супрацоўніцтва ў галіне інфраструктуры, прамысловых паркаў, высокіх тэхналогій.
Другое. Узмацніць узаемадзеянне ў сферы аховы здароўя
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсё яшчэ не слабее пагроза распаўсюджвання COVID-19, а значыць, трэба аб’яднаць намаганні, каб пераадолець наступствы пандэміі. «Нам як ніколі неабходна з’яднацца і разам працаваць над стварэннем альянсу ў галіне аховы здароўя», — адзначыў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што дзяржавам ШАС трэба актывізаваць супрацоўніцтва ў вытворчасці вакцын і лякарстваў, і не толькі ад каранавіруса.
Трэцяе. Актыўней змагацца са злабадзённымі выклікамі
«Злабадзённыя для нашага часу глабальныя выклікі, асабліва незаконны абарот наркотыкаў, тэрарызм, экстрэмізм, нелегальная міграцыя, хвалююць і нашу краіну», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі бок падтрымаў ініцыяванае Таджыкістанам рашэнне стварыць антынаркатычны цэнтр ШАС. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што прыняты на саміце дакумент аб статусе наглядальніка пры ШАС дасць магчымасць Беларусі і іншым дзяржавам забяспечыць максімальна шырокі ўдзел у супрацоўніцтве ў сферы бяспекі, у тым ліку процідзеянні сепаратызму і экстрэмізму.
Чацвёртае. Стварыць прававую сістэму барацьбы з кіберпагрозамі
Кібератакі і маніпуляцыі свядомасцю праз інтэрнэт Прэзідэнт назваў адным з найбольш небяспечных выклікаў для краін ШАС. «Яны пагражаюць бяспецы не толькі дзяржаўных інстытутаў, але і грамадскім інтарэсам, а таксама правам людзей», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, адна з праблем у гэтым кантэксце — адсутнасць міжнароднай прававой сістэмы, што ўстанаўлівае нормы і правілы паводзін у гэтай сферы. Распрацоўка адпаведнай міжнароднай базы дасць магчымасць вырашыць гэтыя пытанні, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
«Глабальная ініцыятыва бяспекі даных, прапанаваная кітайскімі партнёрамі, а таксама раней агучаная Беларуссю ініцыятыва па стварэнні «пояса лічбавага добрасуседства» могуць стаць важнымі крокамі для руху наперад у гэтым напрамку», — дадаў ён.
Пятае. Развіваць агульную транспартную прастору
Перспектыўным кіраўнік дзяржавы лічыць далейшае развіццё агульнай транспартнай прасторы ШАС, якая будзе садзейнічаць фарміраванню спрыяльнай лагістычнай інфраструктуры.
«Сумеснымі намаганнямі мы можам эфектыўна злучыць Еўропу з Азіяй, забяспечыўшы пашырэнне сеткі маршрутаў і стварэнне неабходных умоў для транзіту», — заявіў Прэзідэнт. Беларусь і Кітай, адзначыў ён, ужо актыўна працуюць у гэтым напрамку.
Кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу на неабходнасці развіваць чыгуначныя перавозкі. «Менавіта чыгуначны транспарт аказаўся самым устойлівым да розных абмежаванняў ва ўмовах пандэміі», — канстатаваў беларускі лідар.
Шостае. Займацца аднаўляльнымі крыніцамі энергіі і атамнай энергетыкай
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што міжнародная супольнасць цяпер удзяляе вялікую ўвагу экалогіі, праблеме глабальнага пацяплення, разбалансіроўцы прыродных сістэм і вычарпанню рэсурсаў.
«Мы зыходзім з агульнай неабходнасці пашырэння ўзаемадзеяння ў сферах аднаўляльных крыніц энергіі і атамнай энергетыкі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Сёмае. Часцей выкарыстоўваць нацыянальныя валюты ў міжнародным гандлі
«Беларусь рашуча і паслядоўна падтрымлівае прапановы ШАС у частцы пашырэння выкарыстання нацыянальных валют у гандлі і фінансах», — заявіў Прэзідэнт.
На яго думку, існуючая ў свеце сітуацыя дэманструе ўсё большую слабаабароненасць тых краін, якія цалкам абапіраюцца на адну вядомую ўсім валюту. «Гэта не проста пазбаўляе нас канкурэнтных фінансавых і эканамічных пераваг, але і пагражае нацыянальнай бяспецы. Тым больш што ўсё часцей гэты рычаг пачынае выкарыстоўвацца як зброя», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Восьмае і самае актуальнае. Дапамагчы народу Афганістана ў аднаўленні краіны
Кіраўнік дзяржавы назваў ШАС унікальнай пляцоўкай для абмеркавання праблем у Афганістане, які мае статус наглядальніка ў арганізацыі. «Усе мы паважаем суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць гэтай дзяржавы. Прытрымліваемся прынцыпаў міжнароднага права аб неўмяшанні ва ўнутраныя справы, — сказаў Прэзідэнт. — Уключэнне Афганістана ў развіццё рэгіянальнай транспартнай, лагістычнай, энергетычнай інфраструктуры крытычна важна для павышэння ўзроўню спалучанасці Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, а таксама эканамічнай прасторы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў цэлым».
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова садзейнічаць у аднаўленні афганскай інфраструктуры, а каардынаваная пазіцыя краін ШАС па Афганістане змагла б стварыць перадумовы для таго, каб арганізацыя выступіла сістэмным інтэгратарам работы іншых міжнародных ігракоў.
Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў: усе праблемы ў Афганістане зможа вырашыць толькі народ гэтай краіны. Суседнія краіны, якія зацікаўлены мець побач стабільнага партнёра, могуць у гэтым дапамагчы.
«Але ўсе мы павінны разумець, што імгненна вырашыць гэтыя праблемы не атрымаецца. Трэба ісці спакойна, цярпліва, прапануючы тыя ці іншыя шляхі дапамогі Афганістану. Не трэба свае каштоўнасці ім навязваць — яны выберуць сваю будучыню самі. Гэтаму вучыць нас і сучасная гісторыя развіцця рэгіёна Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ раз падкрэсліваю: афганцы выберуць сваю будучыню самі. Нам трэба ім дапамагчы».