На вясковых прасторах. ААТ “Камарынскі”: прафесіяналы сваю справу ведаюць

Галоўнае Год народнага адзінства Грамадства Сельская гаспадарка

Аляксандр Мішчанка новай тэхнікай задаволены.

У адкрытае акцыянернае таварыства “Камарынскі” мы прыеахалі якраз у абедзенны час. Падсілкаваўшыся, камбайнеры і вадзіцелі накіраваліся да сваёй тэхнікі, каб прадоўжыць работу. Надвор’е ў пятніцу, 30 ліпеня, стаяла сухое і ветранае, хаця перад гэтым прашумела навальніца. Дажджы сіноптыкі абяцалі і ў наступныя дні, так што патрэбна было спяшацца. Зерневымі і зернебабовымі занята 2917 гектараў, а ўбрана была толькі палова плошчаў.

Размова з галоўным аграномам гаспадаркі Аляксандрам Петруненкам  адбылася кароткая. Ён, акрамя таго што кантраляваў ход жніва, дастаўляў  абеды ўдзельнікам уборачнай кампаніі. Ведаючы прасторы і працягласць палёў “Камарынскага”, не сталі яго затрымліваць.

Хлебная культура – жыта – сёлета камарынцаў не парадавала. Дарэчы, не толькі іх, але і працаўнікоў некаторых ААТ раёна. Аляксандр Аляксеевіч расказаў, што ўраджайнасць і жыта, і трыцікале складае ўсяго 15 цэнтнераў з гектара. Для сябе ён ужо вызначыў, на якіх землях іх неабходна сеяць. Ячменю адвялі 553 гектары. На думку агранома, гэта нядрэнная культура. Дала яна ад 20 да 25 цнт/га. З улікам бальнасці зямель “Камарынскага” – не самы горшы паказчык.

Затое пшаніца адплаціла за клопаты. Адвялі ёй участкі, якія добра падрыхтавалі. Насенныя, напрыклад, далі па 32 цнт/га, а ў сярэднім – па 28,9.

У час адказных кампаній імкнёмся пабываць ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, так што можам зрабіць вывады, дзе і як арганізаваны вытворчы працэс. У камарынцаў свой, адметны  стыль работы. На жніве ў тым ліку. Мы доўга былі на полі, дзе ўбіралі ямень, назіралі, як працуюць экіпажы. Не першы год  за штурваламі стэпавых караблёў – толькі старшыя камбайнеры, без памочнікаў.  Іх нямнога, але гэта прафесіяналы высокага класа. Віталь Сафіенка і Іван Давідзенка паспелі ўжо абмалаціць рапс, зараз пераключыліся на збожжавыя культуры. Хлебаўборачныя машыны ўсе механізатары вялі павольна, без спешкі, каб зжаць палеглыя мясціны.

Аляксей Тамілка адвозіць збожжа на зернеток не першы год.
За штурвалам камбайна – Іван Давідзенка.

Улічваючы найвышэйшую нагрузку на камбайн у гэтым адкрытым акцыянерным таварыстве, аблвыканкам дапамог аснасціць машынна-трактарны парк: выдзеліў сельгасмашыны вытворчасці “Гомсельмаша”. Пра тое, што сучасную высокапрадукцыйную тэхніку аддадуць менавіта Аляксандру Мішчанку, ведалі. Летась такога ж прыгажуна даверылі Віталію Сафіенку. Хацелася пабачыць, што ўяўляе сабой гэтая мадэль.  Па словах хлебароба, камбайн падаспеў якраз напярэдадні  жніва. Праз два дні пачалася масавая ўборка.

Неаднаразовы пераможца сярод маладзёжных экіпажаў, а ім  Аляксандр Мішчанка быў не толькі ў раёне, але і ў вобласці, у першай палове дня эксплуатуе кормаўборачны камбайн “Ягуар”, а пасля абеду – збожжаўборачны. Той, на якім працаваў не адзін год і выходзіў у лідары, перадаў Віталію Ганушу.

Аналізуючы аператыўныя даныя ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, нельга не заўважыць, што выпрацоўка на камбайн у “Камарынскім” у апошнія дні – найвышэйшая сярод ААТ: 21 гектар пры сярэднераённай 14 га. Да слова, як і убраная плошча (126 гектараў).

Адзін з тых, хто адвозіць збожжа ад камбайнаў – Аляксей Тамілка. Ёсць і першы тысячнік: Валянцін Бельчанка даставіў з поля на зернеток 1359 тон (на 2 жніўня).

Шырокія хлебныя прасторы.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ

#хлебомедины