На Брагіншчыне пачалося жніво. У добры шлях, хлебаробы!

Грамадства Сельская гаспадарка

На базе ААТ “Чамярыскі” прайшло свята першага снапа – “Зажынкі”. Сёлета сельгаспрадпрыемства вырошчвала азімы ячмень, які паспявае на два тыдні раней за іншыя культуры, таму менавіта з яго і пачалі. Камбайнеры і іх памочнікі, вадзіцелі выстраілі тэхніку ў рад у чаканні ўрачыстага моманту. Побач з імі – работнікі раённага дома культуры, на сталах  – пышныя караваі, букеты палявых кветак.

Слова даецца старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Кохану:

“Сёння прыемнае мерапрыемства, бо пачынаецца жніво. Праца хлебароба ганаровая, але на яе вынікі ўплываюць многія фактары. У бягучым годзе і надвор’е паспрыяла, і зроблена вамі нямала. Своечасова пасеялі, апрацавалі, падсілкавалі пасевы, каб вырасціць добры ўраджай. Застаецца яго ўбраць і перавезці ў засекі. Летась “Чамярыскі” заняў першае месца ў раёне па валавым зборы зерневых і зернебабовых. Менавіта тут з’явіліся першыя камбайнеры і вадзіцелі-тысячнікі, якіх павіншаваў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей. А Брагінскі раён па гэтым паказчыку ў вобласці – на сёмай пазіцыі. У нас цудоўныя працалюбівыя і адказныя людзі. Нягледзячы на тое, што ў ААТ  – найвышэйшая нагрузка на камбайн, і свой хлеб убіраюць, і суседнім раёнам дапамагаюць.

Аляксандр Васільевіч пажадаў усім моцнага здароўя, плёну ў працы, спрыяльнага надвор’я і добрых  вынікаў. Каб хапала энергіі на ўсе справы: і грамадскія, і дамашнія, каб на стале ў кожнага  заўсёды быў хлеб, ды і заробкі былі нядрэнныя.

Да ўдзельнікаў свята звярнулася в.а. старшыні Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Галіна Салавей. Яна пажадала хлебаробам Брагіншчыны высокіх намалотаў, моцнага здароўя, цярплівасці і аптымізму.

Дырэктар “Чамярыскага” Адам Царанок павіншаваў удзельнікаў жніва са святам першага снапа, выказаў словы падзякі механізатарам, якія своечасова падрыхтавалі камбайны. Працавалі без выхадных, каб пачаць касавіцу хлябоў без спазнення.

Дзяўчаты з сярпамі зжалі першы сноп. Настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Брагіне айцец Уладзімір блаславіў вяскоўцаў на нялёгкую, але ганаровую працу, пажадаў, каб засекі былі поўныя зерня, работа спорылася.

Кіраўнік гаспадаркі дае каманду выязджаць у поле. Адзін за адным камбайны ўразаюцца ў густую сцяну ячменю. Жніво пачалося. У добры шлях, хлебаробы!

Ніна СІНІЛАВА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ