Беларуская мова – на ўсе 100! Такі вынік у выпускніцы гімназіі г.п. Брагіна Дарыны Раманчук

Галоўнае Грамадства

Набраць запаветны максімум на ЦТ па гэтым прадмеце  дапамаглі ўрокі і факультатывы настаўніцы, настойлівая праца над сабой.

Ну хто ж з абітурыентаў аб гэтым не марыць – атрымаць сертыфікат з такой, здавалася б, недасягальнай “сотачкай”. З 17 120 чалавек, якія сёлета здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па роднай мове, найвышэйшы бал – у сарака. Выпускніца гімназіі г.п. Брагіна – у гэтым ліку.

Падрыхтоўку да адказнай кампаніі Дарына пачала яшчэ ў дзясятым класе. Якую мову выбраць, сумненняў не было: цікавасць да прадмета абудзіла Ала Фёдараўна Пінчук, з якой займалася з пятага класа. Педагог, дарэчы, вопытны, вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, з больш як 30-гадовым стажам. Дзяўчынку адразу ж падкупілі спакойны, ураўнаважаны характар настаўніцы, яе разважлівасць і тактоўнасць, уменне стварыць камфортную, добразычлівую атмасферу. У такіх умовах, як зазначыла Дарына, нараджалася ўпэўненасць у сваіх сілах, расло жаданне ўдасканальваць і ўзбагачаць веды, засвоенае на ўроках.

На факультатыўных занятках, што вяла Ала Фёдараўна па суботах, галоўны акцэнт рабіўся на выкананне тэставых заданняў мінулых гадоў. За кожнае, зробленае правільна, вучаніца атрымлівала 2,5 бала і не раз дасягала, па словах настаўніцы, найлепшага выніку. Пралікі, памылкі (часам – з-за звычайнай няўважлівасці) аналізавалі разам, каб выключыць іх у далейшым. На трох РТ Дарына набрала 92, 81 і 86 балаў. Але запаветны максімум прынесла менавіта ЦТ.

Хваляванне перад атрыманнем інфармацыі пасля іспытаў настолькі зашкальвала, што дзяўчынка вырашыла не накіроўваць са свайго тэлефона SMS-запыт – падключыла даную паслугу на тэлефон маці. І наказала: абвяшчаць пасля ўсіх трох экзаменаў! Ды як тут утрымацца, не павіншаваць дачку, калі вынік – сто балаў: радасць была бязмежная. Малайчына!

Настаўніца і сяброўкі – першыя, з кім Дарына падзялілася прыемнай навіной.  Гонару за сваю вучаніцу Ала Фёдараўна не хавае. Верыла ў яе і хвалявалася не менш. Паспяхова здалі, дарэчы, ЦТ па беларускай мове ўсе сем яе вучняў, якіх рыхтавала да іспытаў. Сярэдні бал у іх склаў 78,1.

Сама ж Дарына лічыць, што дасягнуць такога бліскучага выніку можна і без дапамогі рэпетытара. Ёй для гэтага хапіла набытых ведаў, урокаў і факультатываў настаўніцы, настойлівай працы над сабой. А нейкі працэнт, па меркаванні юнай брагінчанкі, залежыць і ад удачы: якія выпадуць заданні, наколькі яны будуць для цябе складаныя. Таму пажаданне ўсім, хто лічыць сто балаў недасягальнай марай, адно: «Плённа працуйце, верце ў свае сілы, паменш хвалюйцеся і не слухайце тых, хто скажа: у цябе не атрымаецца».

На вялікі жыццёвы прастор Дарына выходзіць упэўнена: разам з атэстатам у яе высокія 367 балаў. У сертыфікатах па замежнай мове і грамадазнаўстве – 87 і 85 адпаведна. З прафесійным накірункам вызначылася даўно, зрабіла выбар на карысць правазнаўства. Але ў дзень нашай сустрэчы яшчэ вагалася, у якую ўстанову падаваць дакументы. Магчыма, гэта будзе БДУ ці Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Няхай усё атрымаецца!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ