Мітынг у гонар 76-й гадавіны Вялікай Перамогі адбыўся ў Брагіне

Галоўнае

У гісторыі нашай краіны не было больш бязлітаснай вайны, чым Вялікая Айчынная. Памяць пра по-дзвіг савецкіх салдат і Вялікую Перамогу навекі ўпісана ў гераічны летапіс Беларусі і кожнай беларускай сям’і. 76-ты мірны май зноў нагадаў нам пра перажытую трагедыю. Гэта – вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы рэспублікі-партызанкі.

9 мая мы ўсе, многія – сем’ямі, ішлі да помніка загінуўшым воінам, каб аддаць ім даніну памяці, сэрцам дакрануцца да іх подзвігу, ускласці на мармуровыя пліты вянкі і жывыя кветкі. Імі першы вясновы месяц асабліва багаты. Чырвоныя цюльпаны, гваздзікі ў сонечны дзень пад блакітным небам выклікалі асацыяцыю з кроплямі пралітай крыві мільённаў ахвяр, загубленых жыццяў.

…Чуецца калакольны звон.

– Гэта званы памяці, – тлумачыць вядучы дзяўчынцы-падлетку. – Будзем жыць і памятаць кожнага, хто здабываў перамогу і навечна застаўся салдатам. Сярод іх – Пётр Рыгоравіч Зіновіч, камісар партызанскага атрада імя Катоўскага ў Брагінскім раёне (загінуў 24 лістапада 1943 года), Фёдар Іларыёнавіч Філіпенка, кіраўнік Савіцкай падпольнай арганізацыі (забіты ў сакавіку 1943-га), Мікалай Ульянавіч Дубіна, кіраўнік Брагінскай падпольнай арганізацыі (расстраляны ў жніўні 1942-га). І яшчэ сотні падпольшчыкаў і партызан Брагіншчыны, закатаваных і расстраляных, тысячы землякоў, якія загінулі на франтах…

Пачынаецца мітынг-рэквіем. Да прысутных на плошчы звяртаецца старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Ён сардэчна віншуе ветэранаў, працаўнікоў тылу, жыхароў і гасцей раёна з 76-годдзем воінскай славы – Днём Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 9 мая – не проста гістарычная дата, а сімвал гонару за тых, кто адстаяў свабоду і незалежнасць краіны, сімвал рашучасці і волі беларусаў. Кіраўнік раёна адзначыў, што ў слаўны гераічны летапіс дзяржавы ўпісалі свой подзвіг жыхары Брагіншчыны:

– Больш чым дзесяць тысяч нашых землякоў знайшлі апошні прытулак далёка ад родных месцаў. З глыбокай пашанай мы схіляем галовы перад тымі, хто абараняў Радзіму на фронце і ў тыле, кто здзейсніў бессмяротны подзвіг у імя нашай свабоды і незалежнасці.

Светлая памяць тым, хто аддаў жыццё ў імя міру і дабрабыту, будучага на Зямлі!

Асаблівыя словы прызнання ў гэты дзень я адрасую ветэранам. Нізкі паклон вам, паважаныя ўдзельнікі кровапралітных баёў, усім тым, хто працаваў у імя Перамогі ў тыле, хто ўзнаўляў гарады, хто, атрымаўшы пахавальную, перасільваў боль і гора, знаходзіў у сабе сілы зноў брацца за любую работу, каб наблізіць дзень вызвалення. Вы – наш гонар і прыклад для пераймання, узор сілы духу, любові да роднай краіны, згуртаванасці і самаахвярнасці, узаемавыручкі і адказнасці за тых, хто побач.

З Днём Перамогі цёпла павіншавала брагінчан дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская. Яна расказала аб няпростай палітычнай сітуацыі вакол Беларусі, спробах некаторых замежных палітыкаў перапісаць гісторыю, апраўдаць фашызм. Нам, беларусам, як ніколі неабходна быць адзінымі і згуртаванымі.

Аб гэтым гаварыў у сваім выступленні і намеснік начальніка групы грамадзянскай абароны ваеннага камісарыята Хойніцкага і Брагінскага раёнаў Віталь Камеш. Армія заўсёды была з народам, абараняла яго інтарэсы. На ахове рубяжоў роднай Беларусі знаходзіцца і зараз.

Стаць нашчадкамі Перамогі – не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. Маладому пакаленню выпала магчымасць прадоўжыць слаўныя традыцыі дзядоў і прадзедаў. Ад імя юных жыхароў Брагіна вучань гімназіі Арцём Усціненка запэўніў, што яны не пасаромяць подзвіг салдат Вялікай Айчыннай, стануць годнымі пераемнікамі іх баявой славы.

Інсцэніроўка “Гора маці” кранула прысутных да слёз. Жанчына страціла на вайне сына, якога спрабуе адшукаць.

– Нам не жыць бы, мама, з табою, каб не загінуў ён пад Масквою, – кажа ёй адзін з байцоў.

Дзеці вайны… Яшчэ адна незагойная рана беларусаў, якая нясцерпна баліць. У выкананні ансамбля “Белыя росы” і дзіцячай харавой групы гучыць песня Іллі Рэзніка, прысвечаная гэтай тэматыцы.

Аб’яўляецца хвіліна маўчання. На імправізаванай сцэне з’яўляюцца ўдзельнікі ансамбля “Галасы дубровы” з песняй “Колакал”.

Ускладаюцца вянкі і кветкі. Мітынг заканчваецца, але святкаванне Дня Перамогі працягваецца. Харэаграфічная кампазіцыя пад гукі песні ваеннай пары змяняе сумны настрой на бадзёры. На тварах жыхароў з’яўляюцца светлыя ўсмешкі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды змагаліся дзеля гэтага дня, каб іх нашчадкі жылі ў свабоднай краіне, а на зямлі панавалі любоў, радасць і мір.

Святочныя гулянні прайшлі ў скверы па вуліцы Акцябрскай. У амфітэатры жыхароў і гасцей пасёлка парадавалі сваім майстэрствам самадзейныя артысты і творчыя калектывы, удзельнікі агляду-конкурсу “Брагінская музычная вясна”.

Пройдуць гады. Але Перамога будзе з намі заўсёды – у сэрцах, добрых справах, у пастаянным і штодзённым клопаце пра старэйшае пакаленне.

9 мая і напярэдадні мітынгі з ускладаннем вянкоў і кветак да помнікаў загінуўшым воінам прайшлі і ў сельскіх Саветах. У Камарынскім – з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Калясана.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК