Падчас Вялікай Айчыннай вайны многія жыхары вёскі Грушнае са зброяй у руках на фронце, у падполлі, у партызанскіх атрадах імя Катоўскага і імя Варашылава, брыгадзе “За Радзіму”, Чарнігаўскім партызанскім злучэнні змагаліся з ворагам. 82 з іх аддалі жыццё за свабоду Радзімы, некалькі дзясяткаў былі вывезены ў нямецкае рабства, а астатнія сяляне цалкам пазналі фашысцкія здзекі. Здраднікам ніхто не стаў…
Першая хата з краю
У лістападзе 1943 года, за тыдзень да вызвалення ад нямецкіх захопнікаў, па вуліцах Грушнага фашысты вадзілі звязаную вяроўкай за рукі маладую жанчыну з дошкай на грудзях з надпісам: “Яна пякла хлеб партызанам і хавала рускага салдата”.
Жанчына гэтая – Параска Радзівонаўна Шрамянок, 1912 года нараджэння. Дома засталіся без нагляду двух- і адзінаццацігадовыя дочкі Надзея і Ганна.
Пасля таго, як немцы паказалі “злачынцу” вяскоўцам, якіх пад прымусам выгнаналі на вуліцу, яе прывялі да першай з краю хаты і на вачах дзяцей павесілі. Потым, непрытомную, знялі і кінулі ў выкапаную ў двары яму для бульбы і засыпалі дрывамі.
Але здарыўся цуд: Параска выжыла і на наступны дзень змагла самастойна выбрацца з-пад бярвення.
З матэрыялаў Занальнага дзяржаўнага архіва Гомельская вобласці ў г. Мазыры (ф 310, в. 1, а.з. 4, ст. 59-60):
“У кастрычніку 1943 года адзін баец Чырвонай Арміі (прозвішча яго не ўстаноўлена), знаходзячыся ў разведцы, быў паранены немцамі. Фронт войскаў Чырвонай Арміі знаходзіўся ад Грушнага ў 8 кіламетрах. Пасля ранення баец (…) атрымаў дапамогу ад грамадзянкі Шрамянок Параскевы Радзівонаўны, якая аказала першую медыцынскую дапамогу (…) і праз праз некалькі дзён, пераапрануўшыся ў цывільнае адзенне, спрабаваў пайсці да сваіх. Аднак ён быў западозраны нямецкімі катамі і забіты ў некалькіх метрах ад вёскі. Акрамя гэтага немцам удалося даведацца, што гэты невядомы для іх грамадзянін, хаваўся ў гр-кі Шрамянок Параскевы Радзівонаўны. Немцы ўчынілі здзек над ёй, мучылі яе. Арыштаваўшы Шрамянок П. Р., сталі здзеквацца над ёй. У двары яе дома, павесілі яе і трымалі некалькі хвілін на шыбеніцы. Калі гр-ка Шрамянок была без прытомнасці, немцы ее знялі з шыбеніцы і кінулі ў яму, якая знаходзілася ў двары.
Усё гэта адбывалася на вачах двух дзяцей Шрамянок П. Р. Калі немцы сышлі з яе двара, Шрамянок П. Р. праляжала некаторы час, стала прыходзіць у прытомнасць. Агледзеўшы, што немцаў няма ў яе двары, упаўзла ў сваю хату. Праз некалькі дзён наша Чырвоная Армія вызваліла Грушнае…”
27 снежня 1996 года Шрамянок Параскі Радзівонаўны не стала. Муж Міхаіл Кузьміч, 1910 года нараджэння, у 1943 годзе загінуў на фронце.
У Грушным зараз пражываюць яе родныя пляменнік Мікалай Ціханавіч Анапрэенка і ўнук Міхаіл Мікалаевіч Анапрэенка.
Мікалай Ціханавіч успамінае:
– У маёй цёці Параскі былі тры браты і дзве сястры: Леўка, Сцяпан, Іван, Марыя, Варвара. Мая маці Варвара Міхайлаўна расказвала аб тым, як здзекваліся фашысты над маёй цёцяй за тое, што яна пякла хлеб партызанам і выратавала раненага савецкага разведчыка. Каб зганьбіць перад людзьмі, вадзілі яе па вёсцы, білі бізунамі, потым у прысутнасці дзяцей павесілі на шыбеніцы. Знялі, кінулі ў яму для бульбы і закідалі дрывамі. Але на наступны дзень Параска апрытомела, самастойна вылезла і прыйшла да дзяцей. У жыцці цёця была адметнай гаспадыняй. Памятаю, якія смачныя наліснікі яна пякла, на зайздрасць іншым гаспадыням. Ніякіх узнагарод ад дзяржавы яна не атрымала.
Міхаіл Мікалаевіч успамінае:
– Бабуля была добрая. Людзі яе любілі. Кожны раз, калі я прыходзіў да яе, частавала мяне чым-небудзь смачным.
Старэйшая жыхарка вёскі Грушнае Марыя Самойлаўна Лявоненка (1932 г.н.) успамінае:
– Я памятаю, як перад самым вызваленнем ад фашысцкіх захопнікаў немцы здзекваліся над людзьмі. У прыватнасці, такі эпізод. Я стаяла ў сваім двары і бачыла, як немцы вялі па вуліцы звязаную вяроўкай Параску Радзівонаўну Шрамянок. На шыі ў яе вісела дошка з нейкім надпісам. Мне было вельмі страшна. Пазней я даведалася, што Параска Радзівонаўна пякла партызанам хлеб, а таксама спасла раненага савецкага разведчыка – за гэта немцы спрабавалі яе павесіць у прысутнасці дзяцей і думалі, што яна ўжо мёртвая, і пайшлі. Але ёй цудам удалося выжыць.
На жаль, дагэтуль звестак пра доблеснага воіна-разведчыка 111-га стралковага палка 55-й стралковай дывізіі 29-га стралковага корпуса 61-й арміі Беларускага фронта, няма.
Другая хата з краю
14 студзеня 1978 года на сцэне буйнейшага ў Тбілісі Грузінскага тэатра оперы і балета імя Паліашвілі народная артыстка СССР Людміла Зыкіна пела песню аб тым, як маладая беларуская жанчына ўратавала савецкага дыверсанта-грузіна ад расправы фашыстаў:
“Тяжeлa eгo пpoщaльнaя дopoгa,
Кoнвoиpы aж зaxoдятcя oт злocти.
Смoтpит жeнщинa pacтepяннo c пopoгa:
Нeзнaкoмцa к нeй вeдyт лиxиe гocти.
“Узнaeшь ли ты, ктo этoт чepнoглaзый?”
Чтo oтвeтить, кoль нe видeлa ни paзy?
Оттoлкнyлa чyжeзeмнoгo coлдaтa:
“Ты нe тpoгaй мoeгo poднoгo бpaтa!”
И пpильнyлa вдpyг к щeкe eгo кoлючeй
От мyчeний и oт cмepти зacлoнилa.
Нa Пoлecьe пoмнят люди этoт cлyчaй,
В лиxoлeтьe в 41-м этo былo”.
Канцэрт быў адметны тым, што з нагоды Дня грузінскага тэатра тут знаходзіўся партыйны кіраўнік рэспублікі Э.А. Шэварнадзе. Калі пранікнёнае выкананне скончылася, ён падняўся на сцэну з ахапкам цудоўных кветак. А потым туды ж, з розных бакоў партэра, узыйшлі нічым не прыкметныя чорнавалосы мужчына і жанчына-славянка, якая яго выратавала ў час вайны – рэальныя прататыпы слаўнай песні Аскара Фельцмана і Яўгена Далматоўскага. Вочы людзей у зале напоўніліся слязамі…
Тое, аб чым спявала народная артыстка, сапраўды адбылося ў 1941 годзе, калі разведчык грузін Ойсу Джапарыдзе трапіў у палон каля вёскі Грушнае Брагінскага раёна. Пад катаваннямі ён сказаў, што пражывае ў другой з краю хаце. Калі гітлераўскі патруль вёў палоннага, да іх, з рызыкай для жыцця, кінулася жанчына менавіта з той хаты – Матрона Дзямідаўна Анапрэенка…
Яны былі аднагодкамі. Хоць сумеснае жыццё і не атрымалася, Ойсу і Матрона зноў сустрэліся на вяселлі сумеснага сына Валянціна.
Якаў АНАПРЭЕНКА,
філосаф, ураджэнец вёскі Грушнае