У самых блізкіх людзей мы знаходзім падтрымку, дзелімся з імі патаемным, разам смуткуем, хвалюемся, радуемся. Настае час, калі дзякуем бацькам за падараванае жыццё і будуем уласныя сем’і. Яны былі і застаюцца захавальніцамі чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця.
Нездарма 15 мая ў нашай рэспубліцы – святочны дзень.
Дзесяць год таму ў Брагіне здалі ў эксплуатацыю дом па вуліцы Скарахода. У ліку шчаслівых навасёлаў, якія атрымалі ключы ад новых кватэр, былі Ірына і Аляксей Мышэйкі. Той памятны і ўрачысты момант засведчыла камера нашага фотакарэспандэнта Вольгі Паляшчук (яна рыхтавала рэпартаж з месца падзей). І вось мы ў гэтай сям’і ў гасцях.
Дома была Ірына з малодшымі дзецьмі. У сям’і іх чацвёра: дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. Муж, які працуе ў аддзеле ўнутраных спраў вадзіцелем, яшчэ не вярнуўся з Гомеля. Старэйшая дачка Вікторыя (ёй споўнілася 14 гадоў) зараз знаходзіцца ў санаторыі. Гаспадыня рыхтавала на кухні вячэру. Каля яе ног увесь час круціўся мініяцюрны сабачка Рычы, сёмы член сям’і. Ён, па словах жанчыны, нават раўнуе яе да малога (Макару ўсяго паўгода). У кватэры светла, прыгожа. Ірына і Аляксей шмат сіл і сродкаў уклалі ў рамонт, каб было тут утульна і зручна. Галава сям’і ўмее ўсё рабіць па гаспадарцы. Свайго прысядзібнага ўчастка ў іх пакуль няма, дык мужчына з вялікім задавальненнем завіхаецца каля сядзібы матулі ў раёне ААТ “Брагінаграсэрвіс”.
Ірына расказала, што ў яе спадарожніка жыцця была даўняя мара: пабудаваць уласны дом. Сёлета, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, яна павінна ажыццявіцца. Кватэра, якую атрымалі дзесяць год таму, арэндная. Паколькі ў сям’і чацвёра дзяцей, сталі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Атрымалі льготны крэдыт, і ў канцы красавіка будаўнікі ўжо заклалі падмурак. З акна можна ўбачыць, як на вачах расце іх дом па вуліцы Чалідзе. У ім будуць тры пакоі, гасціная, кухня, тэраса з выхадам на вуліцу. А каля дома – 15 сотак зямлі. Плануюць разбіць сад, заняцца агародніцтвам, завесці дамашнюю гаспадарку… Дзецям тут будзе раздолле. Ды і не толькі ім. Жанчына ў час размовы заўважыла, што ні ў яе, ні ў суседзяў не прыжываюцца папугаі. Хвалюецца за выхаванца, які падаравалі сёлета на 35-годдзе і спадзяецца, што з гэтым усё будзе добра.
У КОЖНАГА члена сям’і ёсць сваё хобі. Вікторыя, напрыклад, разводзіць слімакоў. Пра занятак дачкі Ірына гаварыла з захапленнем, бо і сама з цікавасцю вывучала іх паводзіны, ведае, што любяць, калі спяць. Бацькі не забараняюць дзецям прыносіць у дом жывёлін або рыбак. Злоўленага Антонам (яму споўнілася 12 год) карасіка адразу ж змясцілі ў акварыум. І сын, і дочкі добра вучацца. Кожны з іх – асоба, індывідуальнасць з уласцівымі рысамі характару і паводзінамі. Дзевяцігадовая Бажэна – з хітрынкай, Антон любіць адстойваць свой пункт гледжання. Вікторыя, якая ў дашкольным узросце адрознівалася ўпартасцю, нават пажартавала: “Як гэта вы пасля мяне не пабаяліся нарадзіць яшчэ траіх дзяцей”. Зараз яна – першая памочніца ў матулі. Калі з’явіўся на свет Макар, даглядала і купала яго, карміла. Дарэчы, хлопчык расце самастойным. Гледзячы на брата і сясцёр, імкнецца хутчэй стаць на ногі, шпарка бегае па кватэры ў хадунку.
Мнагадзетная сям’я – вялікая адказнасць, штодзённая нялёгкая праца, якую не ўсе заўважаюць. З боку Ірыне часта даводзіцца чуць і кпіны, і зайздроснае: “Канешне, дзяржава дом бясплатна пабудавала, можна нараджаць”. Часам такім хочацца адказаць: “А вы паспрабуйце паставіць усіх на ногі! Вырасціць і выхаваць дастойнымі людзьмі, каб прыносілі карысць грамадству, родным і блізкім.
Мама – гэта не толькі самы родны і блізкі чалавек, але і псіхолаг, эксперт, прыклад ва ўсім”. Сапраўды, каб адпавядаць такому ганароваму званню, патрэбна вялікае сэрца, здольнае ўмясціць столькі любові, што яе хапае на родных і блізкіх людзей.
ПРА карані і гены. З мамай Аляксея знаёма з тае пары, калі яна працавала галоўным заатэхнікам у Лоеўскім раёне. Алена Пятроўна ўвесь час трымала вялікую гаспадарку. Гэта было добрае падспор’е для бюджэту. Ведаю і бабулю, набажную і працавітую вясковую жанчыну. Нядаўна яна пайшла з жыцця. У кватэры Мышэйкаў я ўбачыла дзве вялікія іконы. “Бабуліны, – растлумачыла Ірына. – Забралі з хаты пасля яе пахавання”.
Гэты род моцны духам, маральнымі ўстоямі. Няхай Ангел ахоўвае яго ад усялякіх бед, а ў новым доме Ірыны і Аляксея назаўсёды паселяцца шчасце і дабрабыт, любоў. Каб дзеці і ўнукі не забывалі сюды дарогу і вярталіся да цёплага сямейнага ачага з перакананасцю: тут іх чакаюць, сустрэнуць з радасцю.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК