Ёсць даты, што навечна застаюцца ў памяці народа, – як сведчанне ці гістарычных перамог, ці жудасных трагедый. І ўсе яны ўплецены ў адзінае палатно жыцця: летапіс змрочных падзей змяняецца хронікай адраджэння. У гэтым і заключаюцца стойкасць, цвёрдасць духу, нязломнасць волі нацыі. Пацвярджэнне таму – 35 паслячарнобыльскіх гадоў, на працягу якіх Беларусь ідзе цярністым шляхам пераадолення паследкаў катастрофы. Каб не выжываць, а жыць!
Вясна. Здавалася б, гэтая пара заўсёды нясе з сабой радасць і надзею, прыліў энергіі і сіл, натхняе на стваральную працу і дапамагае адчуць асаблівую сувязь з зямлёй і прыродай. Ды красавік 1986-га ўсё перайначыў: усклаў на плечы нашага народа яшчэ адно выпрабаванне, прынёс горыч страт і разлуку, прымусіў іншымі вачыма паглядзець вакол сябе. І наўрад ці хто мог тады ў поўнай меры ацаніць маштаб небывалай катастрофы. Прызнаем: былі і спробы ўтаіць ад людзей інфармацыю, і недазваляльная марудлівасць у прыняцці рашэнняў, і непазбежныя памылкі, і палітычныя спекуляцыі… Але куды прыкметней кардынальна супрацьлеглае – шматгадовая мэтанакіраваная работа па пераадоленні паследкаў чарнобыльскай навалы. Прычым вялася яна адначасова з вырашэннем вострых праблем, выкліканых развалам Савецкага Саюза. Патрэбна было аднаўляць кіраванне краінай, выратоўваць фабрыкі і заводы, сельгаспрадпрыемствы, сістэму сацыяльнай абароны людзей. Адказнасць за прыняцце рашэнняў, у тым ліку звязаных з бяспекай насельніцтва, легла на плечы Прэзідэнта. Менавіта па яго ініцыятыве пачалася сістэмная, прадуманая і карпатлівая праца па рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый, якая перарасце ў іх актыўнае адраджэнне і развіццё. Але гэта будзе потым.
Нішто не прадказвала…
Да 1986 года на Брагіншчыну ўскладваліся вялікія надзеі. Раслінаводства, жывёлагадоўлю развівалі калгасы-перадавікі. Была магчымасць на месцы перапрацоўваць прадукцыю, частка якой (сыры, масла) ішла на экспарт. Чарговымі працоўнымі дасягненнямі завяршылася адзінаццатая пяцігодка (1981–1985). Пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, УЦСПС і ЦК УЛКСМ узнагароджаны раён – за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак прадукцыі льну-даўгунцу і калгас “Запаветы Леніна” – за паспяховае правядзенне зімоўкі жывёлы, павелічэнне вытворчасці і закупак прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімова-стойлавы перыяд 1984–1985 гг. Наперадзе – работа па вышукванні рэзерваў інтэнсіфікацыі народнай гаспадаркі ў адпаведнасці з прыярытэтнымі мэтамі “Асноўных напрамкаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1986–1990 гг. і на перыяд да 2000 года”. Але сумны красавіцкі дзень у адно імгненне перакрэсліў тыя планы і многія людскія надзеі.
Як каля ложка хворага
Лета 1986-га. На вуліцах Брагіна – мноства тэхнікі і людзей. Адны займаюцца дэзактывацыяй і зносам жылля, другія будуюць і асфальтуюць дарогі. Усё гэта падобна на мітусню ўрачоў і сваякоў каля ложка хворага.
Вось што расказваў аб ліквідацыі паследкаў трагедыі ў нашым райцэнтры міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР Артур Бязлюдаў:
– Спачатку пачалі старанна мыць горад спецыяльнымі растворамі ды і проста вадой – вуліцы і тратуары, дамы і дрэвы. Справа ў тым, што пыл, як акумулятар, накоплівае радыяцыю, і варта дзьмухнуць вецярку, як яго зноў панясе на чыстыя аб’екты. Палівачныя машыны кругласутачна абмываюць горад і тэрыторыі, якія з ім мяжуюць. Адразу ж пачалі заліваць асфальтам і бетонам вуліцы і тратуары ўздоўж трас, давялося выкасіць траву, высечы кусты, а дзе і гэтага аказалася недастаткова – зняць слой грунту, усё гэта вывезці і надзейна “захаваць”.
Відавочцы памятаюць, якая маса людзей перамяшчалася тады па краіне. Як ішлі бясконцыя, здавалася, калоны аўтобусаў, колькі матэрыяльных каштоўнасцей – машын і механізмаў, жывёл, тавараў і інш. патрэбна было зноў узяць на ўлік.
З даклада начальніка раённага штаба грамадзянскай абароны Аляксандра Пракопава:
снежань 1986 года
– На падставе рашэння аблвыканкама… 3 і 4 мая з 30 населеных пунктаў 30-кіламетровай зоны… эвакуіравана 6336 чалавек, 12 240 галоў буйной рагатай жывёлы, 3200 свіней, 6600 авечак і 247 коней. Для аказання практычнай дапамогі нам былі накіраваны 251 аўтобус і 660 грузавых аўтамабіляў з розных аўтагаспадарак вобласці.
За межы раёна да 10 мая вывезена ў піянерскія лагеры, санаторыі і прафілакторыі краіны 10 200 дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту, 760 маці з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў і 273 цяжарныя жанчыны.
У сувязі з ускладненнем радыяцыйнай абстаноўкі з 3 да 9 чэрвеня 1986 года праведзены другі этап адсялення з 18 населеных пунктаў: вёсак Спярыжжа, Ясяні, Глухавічы, Багушы, Хатуча і інш. Вывезена больш за пяць тысяч чалавек, 13 500 галоў жывёлы. На трэцім этапе (в. Астрагляды, Сабалі, Савічы) эвакуіравана больш за тры тысячы чалавек…
Паследкі аварыі на ЧАЭС сталі для раёна сапраўды катастрафічнымі. Ен увесь падвергся радыеактыўнаму забруджванню. І пры гэтым больш за 60% тэрыторыі – з узроўнем цэзія-137 звыш 5 кюры на квадратны кіламетр. Давялося ліквідаваць дзесяць гаспадарак і чатыры заводы. Жыхары не вярнуліся ў 54 населеныя пункты, дзевяць з якіх пахаваны. Больш за трэць плошчы пазней адышло да Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. З’явілася зона адсялення і адчужэння, дзе ўстаноўлены кантрольна-прапускны рэжым. Перад Брагіншчынай паўстала пытанне: быць ці не быць?..
Па шляху пераадолення
Сухая статыстыка, безумоўна, скупа адлюстроўвае ўсе складанасці таго перыяду. Для раёна і рэспублікі ў цэлым паслячарнобыльскія гады сталі перыядам вялікай і напружанай працы, набыццём неацэннага вопыту жыцця ў новых умовах. І трэба прызнаць, што маладая беларуская дзяржава з гонарам выйшла з сітуацыі, даказаўшы: мы здольны адрадзіць зямлю, абпаленую Чарнобылем. За гэты час прыняты значныя меры па вырашэнні радыяцыйна-экалагічных, медыцынскіх, сацыяльна-эканамічных і іншых праблем, выкліканых аварыяй на атамнай электрастанцыі. Уся практычная работа вядзецца ў рамках дзяржаўных праграм па пераадоленні паследкаў катастрофы на ЧАЭС. За 1991–2020 гады паспяхова рэалізаваны пяць такіх праграм: на мерапрыемствы зрасходавана больш за 19 млрд долараў у эквіваленце. А гэта – аздараўленне нашых дзяцей, медыцынская дапамога, стварэнне бяспечных і камфортных умоў для працы і жыцця, будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў, радыяцыйная абарона тэрыторый… Прыярытэтам чарговай праграмы – шостай (на 2021–2025 гг.), зацверджанай у сакавіку бягучага года, таксама застаюцца людзі, іх здароўе і дабрабыт.
За словам – справа
На кожную гадавіну трагічных падзей Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіроўваецца ў пацярпелыя рэгіёны, знаёміцца з рэальнай сітуацыяй на месцах. Для людзей гэта добрая магчымасць паказаць свае дасягненні і агучыць праблемы. Такія сустрэчы з’яўляюцца імпульсам да ліквідацыі балючых кропак, прыняцця канкрэтных мер, важных рашэнняў па паляпшэнні сітуацыі. А вынік кожнага візіта кіраўніка краіны – абавязковы пратакол даручэнняў і кантроль за выкананнем.
Першая такая паездка на Гомельшчыну, дарэчы, адбылася ў 1997 годзе. Менавіта тады Прэзідэнту даклалі аб сумнай сітуацыі вакол цэнтра радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі. Ідэя стварыць яго ўзнікла яшчэ ў 1990-м, калі востра адчувалася патрэба ў медыцынскіх установах новага тыпу, здольных захаваць здароўе людзей пасля аварыі на ЧАЭС. Але распад СССР пераўтварыў гэты аб’ект у доўгабудоўлю. Рашэнне Прэзідэнта: мільён долараў са свайго фонду для пагашэння даўгоў плюс яшчэ пяць мільёнаў на само будаўніцтва, рэспубліканскі суботнік з пералічэннем на гэтыя мэты заробленых сродкаў.
Сёння Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека – гонар краіны, галоўная арганізацыя па аказанні спецыялізаванай медыцынскай дапамогі пацярпеламу насельніцтву і навуковым забеспячэнні дзяржпраграм па пераадоленні паследкаў катастрофы на ЧАЭС. Сюды штогод звяртаюцца, каб атрымаць кансультацыі, больш за 70 тысяч пацыентаў, у тым ліку з Брагінскага раёна. Амаль 15 тысячам аказваецца дапамога ў стацыянары. Апрача гэтага, на пацярпелых тэрыторыях працуюць выязныя брыгады, і галоўны акцэнт робіцца на дзяцей. Штогод толькі на Брагіншчыне спецыялісты цэнтра абследуюць больш за тысячу маленькіх жыхароў – медагляд арганізоўваецца на базе ўсіх амбулаторый і ФАПаў. Плюс сістэма тэлемедыцынскага кансультавання.
На брагінскай зямлі
Год 2006-ты. У дзень 20-годдзя аварыі на ЧАЭС Прэзідэнт наведаў Брагіншчыну. На прыкладзе саўгаса “Камарынскі” ён азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна і ходам вясенніх палявых работ. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы знаходзіліся пытанні пераспецыялізацыі сельгаспрадпрыемстваў на пацярпелых землях. І невыпадкова. Згодна з пратаколам даручэнняў, такая работа ў забруджаных раёнах пачалася ў 2001-м. Мэта: не толькі атрымаць чыстую прадукцыю, але і палепшыць сацыяльную атмасферу ў раёнах. У планах – добраўпарадкаваць вёскі, у развіццё якіх ужо шмат гадоў не ўкладваліся сродкі.
У час гэтай паездкі, дарэчы, Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікі аб’ём работ па газіфікацыі ў пацярпелых рэгіёнах – сюды ўжо былі праведзены тысячы кіламетраў газаправодаў. Але на Брагіншчыне існавала праблема. “У вас пакуль газіфікаваны толькі тры населеныя пункты і часткова раённы цэнтр”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І даручыў кіраўнікам адпаведных рэспубліканскіх і мясцовых органаў паскорыць пракладку газаправода ў гарадскі пасёлак Камарын і сельскія населеныя пункты.
Пабываў тады беларускі лідар і ў Брагінскай цэнтральнай раённай бальніцы, якой быў перададзены ад яго DVD-прайгравальнік і тэлевізар. На той момант ва ўстанове функцыянавалі пяць аддзяленняў. У аперацыйна-рэанімацыйным блоку – самае сучаснае абсталяванне і сістэмы жыццезабеспячэння (атрыманы па праграме аснашчэння медустаноў). Развіццё сістэмы аховы здароўя, аказанне спецыялізаванай медыцынскай дапамогі насельніцтву, забеспячэнне кадрамі – пытанні, якія знаходзіліся ў полі зроку Аляксандра Лукашэнкі. І ён зноў пацвердзіў, адказваючы на пытанні мясцовых жыхароў, што дзяржава будзе падтрымліваць Брагіншчыну і іншыя пацярпелыя раёны. Але і самі жыхары павінны прыкладаць намаганні, рабіць усё магчымае, каб свае населеныя пункты развіваць.
Год 2009-ты. Беларусь пераходзіць на новы этап вырашэння чарнобыльскіх праблем – ад рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый да іх актыўнага адраджэння і развіцця. Прычым з абавязковым захаваннем усіх мер па радыяцыйнай абароне насельніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў у час чарговай паездкі: у красавіку яго сустракалі ў Камарыне. Тут ужо, дарэчы, быў пракладзены газаправод – даручэнне кіраўніка краіны выканалі ў жніўні 2007-га.
Аляксандр Лукашэнка не пакінуў без увагі пытанні занятасці насельніцтва, энерга- і рэсурсазабеспячэння. Яму паказалі работу цэха дрэваапрацоўкі як прыклад эфектыўнага выкарыстання мясцовых рэсурсаў. Наведаў беларускі лідар і Камарынскую бальніцу, дзе азнаёміўся з арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. А добрым паказчыкам таго, што адраджаць наш край неабходна, палічыў факт: у папярэднім годзе сюды прыехала людзей больш, чым выехала.
У 2020-м, наведваючы Нараўлянскі раён, Прэзідэнт нагадаў аб сваёй прапанове: падумаць аб стварэнні ў Брагінскім, Нараўлянскім і Хойніцкім раёнах мнагапрофільных вытворчых аб’яднанняў-холдынгаў, якія б уключалі, напрыклад, сельскагаспадарчы накірунак, лесапілаванне, нарыхтоўку, магчыма, чагосьці яшчэ. Вяртаючыся да чарнобыльскай тэмы, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, что вырашаць ужо патрэбна не тыя праблемы, якія былі 25–30 гадоў таму. Цяпер мы не думаем, ці можна тут жыць увогуле, а паляпшаем якасць жыцця.
За будучыню ў адказе
Вынік планавых шырокамаштабных мер па рэабілітацыі чарнобыльскіх рэгіёнаў за мінулыя гады сапраўды адчувальны. Пачынаючы з 1993-га, у Гомельскай вобласці ўведзена ў абарот звыш 16 тыс. га сельскагаспадарчых зямель. За 2016–2020 гг. на пацярпелых тэрыторыях пабудавана і рэканструявана 15 малочна-таварных ферм, з’явіліся тры новыя зернесушыльныя комплексы. Набыта больш за 1300 адзінак сельгастэхнікі.
Палітыка дзяржавы ў галіне сацыяльнай абароны пацярпелага насельніцтва заключаецца ў падтрымцы тых катэгорый грамадзян, якія маюць у гэтым найбольшую патрэбу. На 1 студзеня 2021 года пенсіі і даплаты, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”, атрымлівалі амаль 1700 жыхароў Брагіншчыны. У іх ліку 178 інвалідаў (арт. 18), 1305 удзельнікаў ліквідацыі паследкаў катастрофы, 114 атрымальнікаў пенсій з нагоды страты карміцеля, 94 адселеныя жыхары. Усяго на выплату кампенсацый і прадастаўленне льгот у 2016–2020 гг. у рамках пятай дзяржпраграмы ў бюджэт вобласці паступіла 397 млн руб. І яшчэ 183 млн накіравана на бясплатнае харчаванне школьнікаў, больш за 280 млн – на аздараўленне насельніцтва. Толькі ў 2019 годзе ў айчынных і замежных здраўніцах пабывалі 1399 юных жыхароў Брагіншчыны, у 2020-м – 875 (на паніжэнне колькасці паўплывала пандэмія).
Няма праблем з дастаўкай дзяцей з аддаленых вёсак да ўстаноў адукацыі – падвозам у нашым раёне ахоплена 346 вучняў і выхаванцаў. За апошнія пяць гадоў для гэтых мэтаў набыта 7 аўтобусаў. Абнавілася таксама халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне ў школьных сталовых: 83 адзінкі.
Для замацавання спецыялістаў у пацярпелых раёнах і паляпшэння жыллёвых умоў інвалідаў-чарнобыльцаў з 2016-га па 2020 год у вобласці пабудавана 505 кватэр і індывідуальных дамоў. На Брагіншчыне толькі ў мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю 48- і 24-кватэрны дамы ў Камарыне і два індывідуальныя жылыя дамы ў райцэнтры.
Вялікая ўвага таксама надаецца развіццю сацыяльнай сферы. Абнаўленні, якія адбыліся за апошні час у Брагіне, прыкметны ўсім. Праведзена рэканструкцыя былога будынка ДТСААФ пад спартыўна-аздараўленчы цэнтр, былой аптэкі – пад дзіцячую школу мастацтваў. Змянілі сваё аблічча пасля капітальнага рамонту раённы дом культуры, мясцовы стадыён. Мадэрнізаваны фасад і дах пажарнай часці. У Камарыне пачаў працаваць басейн для дашкольнікаў. А хто б мог некалі падумаць, што на Брагіншчыне пабудуюць першыя ў нашай краіне сонечныя электрастанцыі!
Людзі, якія тут засталіся, даказалі: ва ўмовах малых доз радыяцыі можна нармальна жыць і працаваць, ствараць вытворчасць і прыцягваць інвестыцыі. Відаць, само месцазнаходжанне раёна, яго самабытнасць, багатая гісторыя, большая колькасць сонечных дзён і працягласць светлавога дня не дазваляюць нам жыць змрочнымі думкамі. А паслячарнобыльскі перыяд з усімі яго цяжкасцямі – гэта не толькі наш сум, трывога і боль, але і немалы вопыт па мінімізацыі паследкаў, выпрабаванне на трываласць, адказнасць перад будучымі пакаленнямі.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА