25 красавіка споўнілася 149 гадоў з дня стварэння ў нашай краіне таварыства выратавання на водах

Грамадства Школа бяспекі

Чарговую ўзнагароду Мікалай Катлабай атрымаў з рук Паўла Новіка, старшыні Гомельскай абласной арганізацыі рэспубліканскага таварыства выратавання на водах.

Свежае паветра, маляўнічы пейзаж, блакітная гладзь… Хто не любіць правесці свой вольны час каля ракі ці возера? Асабліва – з адкрыццём купальнага сезона. Але калі такі адпачынак суправаджаецца свавольствам, легкадумнасцю і нядбайнасцю – чакай бяды. Таму галоўны ўпор у сваёй дзейнасці Брагінская раённая арганізацыя рэспубліканскага таварыства выратавання на водах, якую ўжо 18 гадоў узначальвае Мікалай Катлабай, робіць на прафілактыку. І ні адно намаганне тут не можа быць залішнім ці бессэнсоўным. Важна не толькі растлумачыць, давесці да ведама грамадзян, чым можа абярнуцца іх неасцярожнасць на вадзе, але і сфарміраваць навыкі бяспечных паводзін на блакітнай акваторыі, уменне аказваць дапамогу таму, хто церпіць бедства.

Мікалая Мікалаевіча добра ведаюць і ва ўстановах адукацыі, і ў іншых арганізацыях, куды ён прыходзіць, каб пагутарыць з дзецьмі і дарослымі, распаўсюдзіць наглядныя матэрыялы, папярэдзіць аб небяспецы, якая падпільноўвае на рэках і азёрах у тую ці іншую пару года. Асаблівую трывогу выклікае, калі людзі накіроўваюцца да вады ў нецвярозым стане, дэманструюць на ёй сваю “ўдаласць”, купаюцца, дзе ўздумаецца, выходзяць на тонкі лёд, пакідаюць дзяцей на беразе без прыгляду, не сочаць за іх гульнямі. Работа, накіраваная на захаванне жыццяў, не носіць сезонны характар.

Але звернемся да гісторыі: сёлета аднаму са старэйшых таварыстваў рэспублікі спаўняецца 149 гадоў. Першая такая арганізацыя – акруговая ўправа па аказанні дапамогі пры караблекрушэннях – была створана на тэрыторыі нашай краіны 25 красавіка 1872 года ў Віцебскай губерніі. І з тых часоў работа па выратаванні людзей, папярэджанні няшчасных здарэнняў на водах падтрымліваецца ўрадам. Яно і зразумела. Клопат пра бяспеку грамадзян – задача першачарговая.

Цяперашняе найменне – рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах” – структура атрымала ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 29 чэрвеня 2004 года №298. У складзе Брагінскай раённай арганізацыі зараз налічваецца 800 чалавек, аб’яднаных у 49 пярвічак. З мая 2003-га ў месцы масавага адпачынку насельніцтва – на беразе Дняпра ў Камарыне – дзейнічае выратавальны пост у складзе трох чалавек.

За апошнія пяць гадоў, дарэчы, у час рэйдаў па рацэ і патрулявання прыбярэжнай зоны праведзена больш за чатыры тысячы індывідуальных гутарак з адпачывальнікамі. Папярэджаны 234 няшчасныя здарэнні. Выратаваны чатыры чалавекі, у тым ліку двое малалетніх дзяцей. Не абышлося, на жаль, без ахвяр: вада забрала тры жыцці, і ўсе гэтыя трагедыі адбыліся ў месцах, не прызначаных для адпачынку. Таму напал прафілактычнай работы не зніжаецца.

Варта прыгадаць, што плённая дзейнасць мясцовых вы-ратавальнікаў неаднаразова заахвочвалася на абласным узроўні. Чарговае пацвярджэнне таму – новыя ўзнагароды. Дзякуючы плённай і мэта-накіраванай працы па ахове жыццяў людзей на водах фактаў гібелі ў мінулым годзе на Брагіншчыне не дапушчана. Як вынік – раённая арганізацыя заняла першае месца ў абласным спаборніцтве сярод аналагічных структур, а Ка-марынскі выратавальны пост прызнаны лепшым у вобласці. За дасягнутыя поспехі ў рабоце Мікалай Мікалаевіч адзначаны Ганаровай граматай.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА