11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

80 гадоў вызвалення Беларусі Важнае Грамадства

11 красавіка – значная і памятная дата. Ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Праз іх у гады вайны прайшлі 18 мільёнаў грамадзян еўрапейскіх краін. Больш за 11 мільёнаў былі зверскі знішчаны: зажыва спалены ў крэматорыях, загублены ў газавых камерах, памерлі ад медыцынскіх эксперыментаў… Зняволеных катавалі, гвалтавалі, мардавалі голадам, прымушалі непасільна працаваць. Жахліва, страшна і бесчалавечна.

Дата, якая нагадвае нам аб трагічнай старонцы ў гісторыі, устаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцлагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года. Праз гэтую фабрыку смерці за час яе існавання (1937–1945) прайшло больш за 200 тысяч чалавек. Спачатку гэта былі нямецкія палітвязні, а ў гады Другой сусветнай вайны – прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцей. Там загубілі звыш 56 тысяч жыццяў, у тым ліку 19 тысяч савецкіх ваеннапалонных.

Ажыццявіўшы паўстанне, вязні Бухенвальда выратаваліся, бо напярэдадні гітлераўскія ўлады аддалі загад аб іх фізічным знішчэнні.Бязлітасныя расправы з людзьмі ў гады Вялікай Айчыннай закранулі і Беларусь. Усяго за час варожай акупацыі фашыстам удалося вывезці ў Германію звыш 380 тысяч грамадзян, у тым ліку больш за 2000 жыхароў Брагінскага і Камарынскага раёнаў. Многія з іх загінулі ў няволі. Сотні месцаў прымусовага ўтрымання нацысты стварылі і на тэрыторыі нашай краіны.

Зараз на Брагіншчыне пражываюць 15 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. У кожнага свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожная хвіліна, кожны крок маглі стаць апошнімі. Амаль усе яны тады былі дзецьмі ці падлеткамі, але і сёння ў сэрцах баліць…

Толькі захоўваючы памяць аб тых страшных падзеях і аддаючы даніну павагі тым, хто выжыў у пекле, можна спадзявацца, што падобнае больш ніколі не паўторыцца. Будзем шанаваць і берагчы мір.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА