… Не, я не супраць розных іншых моў,
Але мне роднай смак заўсёды мілы.
І я – падданы беларускіх слоў,
Тых, да якіх Радзіма прычасціла.
Н. Гальпяровіч
Ва ўсім свеце вельмі шмат розных моў, але толькі адна з іх родная. І яна для чалавека самая прыгожая, любімая і дарагая. Кожны год 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы людзі прызнаюцца ў любові да матчынага слова. У гэтым годзе свята будзе адзначацца ў нядзелю. Таму было вырашана адвесці з гэтай нагоды на святкаванне цэлы тыдзень.
Нашы гімназісты стараліся вытрымаць усе ўмовы і гаварылі на беларускай мове. Вучні 5-7 класаў на перапынках праяўлялі кемлівасць, разгадваючы загадкі, крыжаванкі, філворды, спаборнічалі ў конкурсе хуткапрамаўлянак. Для вучняў 8-11 класаў былі арганізаваны і праведзены розныя інтэлектуальныя твурніры, віктарыны (моўны турнір “Размаўляем па-беларуску”, інфарм-дайджэст “Дзве мовы сталі блізкімі мне змалку”, інтэлектуальная гульня “З родным словам круглы год”, конкурс “У свеце роднага слова” і інш.). У сераду вучні змагаліся за званне лепшага чытальніка, паказваючы свае ўменні ў валоданні мастацкім словам.
На працягу тыдня заданняў было на розны густ: вучні 5-6 класаў адчулі сябе сапраўднымі мастакамі, малюючы стылізаваную літару Ў – літару, якая ёсць толькі ў беларускім алфавіце. У выніку на сваіх малюнках дзеці адлюстравалі ўсё тое, з чым асацыіруецца ў іх Беларусь: жытнёвы колас, сонейка, лён, валошкі, бусел, абрысы Беларусі на карце свету. Работы здзівілі сваёй крэатыўнасцю і цеплынёй. Старшакласнікі стваралі сценгазеты, прысвечаныя Дню родной мовы. Хутка яны пачнуць ужо самастойнае жыццё, ад іх будзе залежаць будучыня нашай краіны і нашай мовы.
Гэты тыдзень хутка праляцеў, але беларуская мова працягвае гучаць не толькі на ўроках. Цікавасць да роднай мовы ў грамадстве ўзрастае: часцей яе можна ўбачыць на рэкламных білбордах, таварных упакоўках, пачуць па тэлебачанні, у крамах ды і проста на вуліцы. Навукоўцы пацвярджаюць, што беларуская літаратурная мова перамясцілася з вёскі ў горад у іншай якасці: сёння гэта мова творчай нацыянальнай эліты.
Верыцца, што моладзь будзе імкнуцца далучыцца да інтэлігенцыі не толькі па матэрыяльных паказчыках, а, перш-наперш, у духоўным плане, дзе мова – дзейсны сродак, неабходны фактар самавызначэння і асобаснага станаўлення кожнага сапраўднага беларуса. У якасці прыклада прывяду словы Народнага паэта П. Панчанкі “…песню сваю, мову сваю я да грудзей прытульваю”.
Прытуліце і вы, шаноўныя землякі!
Вольга ГАРДЗЕЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
гімназіі г.п. Брагіна