Напярэдадні прафесійнага свята – Дня аўтамабіліста і дарожніка – жыхары Тэльмана з удзячнасцю ўзгадваюць калектыў унітарнага прадпрыемства “Гомельаблдарбуд” і яго генеральнага дырэктара Ігара Краўчанку. Дзякуючы іх намаганням на аўтобусным прыпынку з’явіўся крыты павільён. Акрамя гэтага, будаўнікі зрабілі так званае разваротнае кола з гравію для аўтобусаў, заасфальтавалі пляцоўку.
І вось мы ў Тэльмане, каб усё ўбачыць і ацаніць, сустрэцца з мясцовымі жыхарамі. У першую чаргу – з Алай Дзялец, якая ўзняла гэтую праблему і дачакалася яе вырашэння. Чацвёра яе сыноў і дачок ужо дарослыя, але ж чужых дзяцей, як заўважыла жанчына, не бывае. Прызналася, што сэрца шчыміць, калі бачыць, як з канца вуліцы Механізатараў прыходзяць дзеткі і дрыжаць ад холаду, пакуль не пад’едзе аўтобус.
– У нас усе сем’і мнагадзетныя, – расказвае Ала Дзям’янаўна. – Зараз у Тэльмане пражываюць 24 хлопчыкі і дзяўчынкі. Вельмі рада, што мясцовая ўлада нас пачула і выканала просьбу аб устаноўцы крытага павільёна. Я ўжо дзякавала Аляксандру Іванавічу за гэта. Ён патэлефанаваў мне асабіста і сказаў, што праблема знята. Такія клопаты аб людзях кранаюць.
А пачыналася ўсё са звароту людзей. Вось што расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр КАЛЯСАН:
– У час прыёму грамадзян у в. Тэльман мясцовае насельніцтва звярнулася да мяне з просьбай зрабіць павільён, каб у чаканні транспарту ў халодную пару года людзі не стаялі пад адкрытым небам і не моклі пад дажджом і снегам. Размова ў першую чаргу ішла пра дзяцей. Яны кожную раніцу збіраюцца на прыпынку, каб паехаць у Малейкаўскі дзіцячы садок або мясцовую школу. Няўтульна было стаяць на скразняках і дарослым, якія карыстаюцца грамадскім транспартам.
Я звязаўся па тэлефоне з Ігарам Іванавічам, які прыязджаў у Тэльман асабіста, каб ацаніць аб’ём работ. Прыкладна за месяц яго падначаленыя абсталявалі прыпынак. Вялікі дзякуй ім за гэта. Ад усёй душы віншую Ігара Іванавіча, калектыў унітарнага прадпрыемства з Днём аўта-мабіліста і дарожніка і жадаю ўсім поспехаў у працы, невычэрпнай энергіі, аптымізму і дабрабыту, моцнага здароўя.
Хачу таксама падзякаваць дырэктару ААТ “Пераможнік” Сяргею Карпенку і яго намесніку Пятру Малочку. Яны паклапаціліся аб устаноўцы на прыпынку драўляных лавак, якія засталося толькі пафарбаваць.
Сёння перад працаўнікамі аўтамабільнай і дарожнай гаспадаркі стаяць сур’ёзныя і важныя задачы па павышэнні якасці і надзейнасці перавозак, мадэрнізацыі транспартнай інфраструктуры, удасканаленні сферы паслуг. Важна пры гэтым не забываць пра тых, хто жыве ў невялікіх вёсках. Увагу і неабыкавасць людзі цэняць.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК