Толькі адно слова – настаўнік, а колькі яно ў сябе ўвабрала! Здаецца, цэлы свет. Быць адначасова і выхавальнікам, і псіхолагам, і творцам, і сябрам, і дарадчыкам – справа складаная. Не толькі таму, што патрабуе шмат часу і ведаў, душэўных сіл і намаганняў, пастаяннага самаўдасканалення, але і таму, што педагог павінен з’яўляцца прыкладам для ўсіх і ва ўсім. У гэтым, відаць, заключаецца веліч яго працы. Навучыць дзяцей неабходнаму – мала. Патрэбна яшчэ захаваць у іх душах і не страціць самому галоўнае – чалавечнасць.
Для Алены Мікалаеўны Голік, якая выкладае ў пачатковых класах, школа – асаблівы свет. Яшчэ будучы маленькай дзяўчынкай, яна не хацела развітвацца з ім нават дома: у гульнях брала на сябе ролю настаўніцы, а вучнямі былі старэйшая сястра ды лялькі. Прыклад мудрасці, дабрыні і спагады бачыла ў сваіх класных кіраўніках – Міхаіле Маркіянавічы Куляшы, які потыў стаў завучам, і Ганне Гардзееўне Гатальскай. Таму не дзіўна, што пасля заканчэння Малейкаўскай школы сумненняў у выбары прафесіі не ўзнікла – паступіла ў Лоеўскае педвучылішча. А размеркаванне прывяло Алену Мікалаеўну ў Буркі. Прыйшла ў мясцовую школу маладым спецыялістам, а цяпер гэта вопытны педагог з 25-гадовым стажам. І да таго ж маці траіх дзяцей. Старэйшая дачка Вольга і сын Аляксандр ужо працуюць. Першая, як і маці, атрымала педагагічную адукацыю, другі закончыў Ваенную акадэмію. А малодшая Анастасія пакуль яшчэ вучыцца ў пятым класе.
Разумеючы, наколькі важна настаўніку павышаць свой прафесійны ўзровень, Алена Мікалаеўна завочна набыла вышэйшую адукацыю. Але атрыманыя веды і багаты працоўны вопыт даюць плён толькі ў спалучэнні з любоўю да дзяцей. Работа з імі стала для жанчыны не проста прафесіяй, а крыніцай натхнення, станоўчых эмоцый. Менавіта побач з гэтай настаўніцай усё было для многіх маленькіх асоб упершыню: урачыстая лінейка, урок, адказ каля дошкі… А колькі патрэбна цярлівасці, стараннасці і вытрымкі, каб настроіць яшчэ такіх недасведчаных хлопчыкаў і дзяўчынак на новы від дзейнасці, выклікаць у іх цікавасць да ведаў. У працэсе навучання і выхавання дапамагаюць настаўніцкая мудрасць, ураўнаважанасць і тактоўнасць, вялікае жаданне паказаць дзецям шлях да цікавых адкрыццяў, маральных вышынь, духоўнага і фізічнага ўдасканалення. Выкарыстоўваючы метады і прыёмы, якія адпавядаюць патрэбам і інтарэсам школьнікаў, Алена Мікалаеўна з лёгкасцю можа пераўтварыць урок у займальную гульню, падарожжа, конкурс ці віктарыну. І гэтым актывізаваць у класе разумовую дзейнасць, захапіць дзяцей тым ці іншым прадметам, паказаць яго важнасць у жыцці.
Добразычлівасць і чуласць сваёй настаўніцы, яе зацікаўленасць агульным поспехам вучні адчуваюць як на занятках, так і ў час даверлівых размоў, пры арганізацыі выхаваўчай работы. Клапатлівая і шчырая, яна заўсёды ўмее падтрымаць добрым словам, дапамагчы мудрай парадай, далікатна падказаць. Нездарма менавіта ёй калегі даверылі яшчэ работу сацыяльнага педагога – па сумяшчальніцтве. Шмат намаганняў Алена Мікалаеўна прыкладае для таго, каб засцерагчы падрастаючае пакаленне ад неабдуманых учынкаў, захаваць дабрабыт, узаемаразуменне і спакой у сем’ях.
Выходзіць, настаўніцкі сакрэт просты: любіць сваю прафесію і ісці да дзяцей з адкрытай душой, успрымаць кожнага з іх як асобу.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА