Сенатар Ала Смаляк сустрэлася з калектывам Брагінскай школы

Грамадства

У сераду член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ала Смаляк наведала наш раён, каб сустрэцца з працоўным калектывам Брагінскай СШ. Сенатар адзначыла, што прыязджае ў райцэнтр не ўпершыню, але кожны раз не перастае захапляцца яго ўтульнасцю і прыгажосцю.

Ала Віктараўна з’яўляецца старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Таму найперш яна пазнаёміла прысутных з дзейнасцю грамадскага аб’яднання, асноўная задача якога – дапамагаць прадстаўнікам найменш абароненых катэгорый грамадзян.

Сенатар таксама пацікавілася ў настаўнікаў, як пачаўся навучальны год, з якім настроем прыступілі да заняткаў дзеці. Ала Віктараўна выказала занепакоенасць, што ў многіх гарадах непаўналетнія ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах палітычнага характару. Яна звярнулася да педагогаў з просьбай тлумачыць школьнікам, што зараз адбываецца ў краіне – ад іх граматнага, кампетэнтнага і прафесійнага падыходу да гэтага пытання залежыць і ўспрыманне сітуацыі падрастаючым пакаленнем. А меркаванне настаўнікаў заўсёды было важным і аўтарытэтным у любым асяроддзі.

Па словах парламентарыя, школьнікі павінны вучыцца, наведваць разнастайныя факультатывы і гурткі, сустракацца з аднагодкамі, а не бадзяцца па вуліцах. І адна з галоўных задач для настаўнікаў сёння – сфарміраваць у дзяцей пачуццё патрыятызму, навучыць іх беражліва і з павагай ставіцца да роднай краіны, яе дасягненняў.

 

Вольга ПАЛЯШЧУК