Ну вось ён, такі жаданы, абвеяны пяшчотай лагоднага сонейка і цеплынёй апошніх летніх дзён – доўгачаканы водпуск. Ніякіх табе працоўных напружанняў, аўральных рэжымаў на рабоце, рэпартажаў і інтэрв’ю, рэдагаванняў… Гэта ж больш за месяц нікуды не трэба спяшацца! Можна перазагрузіцца, змяніць абстаноўку. Хаця б на некалькі дзянёчкаў – да экзотыкі, марскіх краявідаў. Але тут… Напрошваецца сумны, расчараваны смайлік. “Ну навошта бударажыць сябе зноў?” – паўстае заканамернае пытанне. Тым больш што для сябе ўсё ўзважана і вырашана: калі адпачываць – дык у спакойнай атмасферы, без нервовых узрушэнняў. А гэта наўрад ці магчыма, пакуль свет – у палоне надакучлівай пандэміі. І нават адкрыццё пэўных турыстычных напрамкаў не дадае смеласці рызыкнуць. Застаецца адно: надаць пазітыўную афарбоўку загубленым планам. А што? Можна паспрабаваць зірнуць на курортны рай і пад іншым вуглом.
Так, падарожжа адмяняецца. Значыць, ні марскога табе паветра, ні меладычнага шуму прыбою, ні імклівых вадападаў, ні велічных гор… Але, з іншага боку, і ніякіх хваляванняў. Не патрэбна загружаць сябе думкамі, які варыянт паездкі выбраць, гадзінамі сядзець у інтэрнэце і вывучаць водгукі аб тых ці іншых месцах адпачынку, суадносіць свае фінансавыя магчымасці з прапановамі турыстычных агенцтваў. Ды і не факт, што ўсе спадзяванні апраўдаюцца: дарога не стоміць, мора будзе цёплае, умовы пражывання – камфортныя і з надвор’ем пашанцуе.
Менавіта тут, удалечыні ад марскога пабярэжжа, ты цалкам застрахаваны ад натоўпу турыстаў. А значыць, і ад цеснаты на пляжах, вялікай масавасці падчас экскурсій, нагнаных цэнах на рынках і ў кафэ, назойлівых вулічных гандляроў. Асабістай прасторы – колькі хочаш! І ніякай спакусы “напакаваць” страўнік такімі нязвыклымі для яго экзатычнымі далікатэсамі ды фаст-фудамі. Іншая справа – родненькая бульбачка, вырашчаныя на ўласным участку гародніна і садавіна, якасная прадукцыя айчынных вытворцаў у мясцовых магазінах.
Варта таксама ўлічыць абмежаванні, без якіх сёлета, у перыяд пандэміі, не абысціся і падчас паездкі на курорт. Сацыяльная дыстанцыя, масачны рэжым, іншыя меры перасцярогі – усё гэта, хутчэй будзе толькі напружваць, ствараць пэўны дыскамфорт. І добра, калі здароўе не апынецца пад пагрозай. З рэаліямі патрэбна ўсё-такі лічыцца.
Як альтэрнатыва курортнаму фармату водпуску – блакітная гладзь Дняпра і прыгажосць мясцовых краявідаў. Тым больш што нам, жыхарам самага паўднёвага раёна Беларусі, сапраўды пашанцавала: і з маляўнічымі прасторамі, і з колькасцю сонечных дзён. Сама прырода нібы паклапацілася пра ўсе ўмовы для адпачынку.
Вядома, недзе там, за тысячамі кіламетраў ад родных мясцін, была б цудоўная магчымасць дакрануцца да іншых традыцый і культур, паблукаць па вуліцах незнаёмага горада… Не даравальна, па-мойму, абмяжоўвацца толькі пляжам: сумна, аднастайна, надакучліва. Ды і залішняе сонца не на карысць. Затое плюс бачыцца ўжо ў тым, што потым не пачуеш традыцыйнае: “Ой, а дзе ж твой загар?” Паездка на мора, згодна з існуючым стэрэатыпам, у нас ацэньваецца выключна па адценнях скуры: чым цямней – тым лепш адпачыў.
І, безумоўна, яшчэ адзін відавочны плюс – сэканомленыя сродкі, якія можна накіраваць на іншыя мэты. Напрыклад, на пэўныя “абноўкі” для кватэры. Я, прызнацца, яе гэтым даўно не песціла. Ды і ўвогуле, ніякія ўражанні ад замежных курортаў не заменяць найбольш важнага і каштоўнага: надвор’я ў доме, міру і стабільнасці ў краіне, спакою ў душы. Што выбраць: светлыя ці цёмныя фарбы жыцця? Усё – унутры нас.
…Ну вось, каляндар перагорнуты. Не паспеў вокам маргнуць, як ужо гучыць: “З выхадам!” Сустрэча з калектывам пасля водпуску – асабліва цёплая. Ты адчуваеш: цябе чакалі, і сам гэтай сустрэчы рады не менш. Бойкія гутаркі, рэдакцыйныя спрэчкі, трапныя жарты, узаемная зацікаўленасць агульнай справай… Ці не гэтага так не хапала, пакуль не бачыўся са сваёй другой сям’ёй? Значыць, самы час паставіць клічнік у сказе “Я люблю сваю работу!” і – за працу. Прыемнага адпачынку ўсім, у каго водпуск яшчэ ў разгары.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА