Датэрміновае галасаванне працягваецца. Тыя, у каго не будзе магчымасці завітаць на выбарчы ўчастак 9 жніўня, аддаць свой голас за аднаго з прэтэндэнтаў на пост кіраўніка дзяржавы могуць загадзя.
У ліку брагінчан, якія прагаласавалі датэрмінова, – маладая сям’я Шкурко. Выканаць свой грамадзянскі абавязак Дзмітрый і Кацярына прыйшлі з маленькай Сафіяй. У такім складзе галасуюць упершыню, але запэўнілі, што з гэтага часу наведванне выбарчага ўчастка ўсёй сям’ёй стане для іх традыцыяй.
Дзмітрый працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”. Кацярына займаецца выхаваннем двухгадовай дачушкі. Па словах маладых людзей, яны вельмі адказна адносяцца да выбараў, на якіх вырашаецца лёс рэспублікі. І, ставячы знак насупраць прозвішча кандыдата ў Прэзідэнты, у першую чаргу думалі пра будучыню Сафіі, лёс малой радзімы і краіны ў цэлым.
– Нам неабыякава, як далей будзе развівацца Беларусь і наша Брагіншчына. Мы – за стабільнасць, мір і незалежнасць сваёй дзяржавы, – адзначылі Дзмітрый і Кацярына.
Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара