Прадстаўнікі 11 раёнаў Беларусі прымуць удзел у фестывалі «Кліч Палесся»

Год малой родины Грамадства

У VI Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» прымуць удзел прадстаўнікі 11 раёнаў краіны. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі.

«У фестывалі прымуць удзел творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з дзвюх абласцей краіны. Гомельскую прадставяць Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі раёны. З Брэсцкага рэгіёна прыедуць прадстаўнікі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага раёнаў», – расказаў Дзяніс Язерскі.

Свае нумары рыхтуюць Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.І. Цітовіча, заслужаны калектыў Беларусі ансамбль народнай музыкі «Бяседа». Акрамя таго, выступіць вакальная група «Чысты голас» і фальклорны ансамбль славянскай песні «Збіцень» Гомельскай абласной філармоніі. Гомельскі эстрадна-сімфанічны аркестр імя Ю.Васілеўскага рыхтуе спецыяльную праграму.

«З нецярпеннем чакаем канцэрта дзіцячага харэаграфічнага калектыву «ВІП пакаленне» і народнага фальклорнага ансамбля «Макоша». У гэтым годзе таксама прыедзе папулярная група з Украіны «Лісапетны батальён», – дадаў начальнік упраўлення.

Паводле слоў Дзяніса Язерскага, будуць працаваць выставы «Фестываль кнігі і прэсы», «Турыстычнае Палессе» і «Паляванне і рыбалоўства».

«Запланавана правядзенне конкурсу прыгажосці «Палеская Прыгажуня–2020». Госці таксама змогуць убачыць скульптуры абласнога пленэру «Міфалогія Палесся ў дрэве». Завершыцца фестываль вячэрнім шоу і святочным феерверкам», – сказаў ён на заканчэнне.

VI Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» збярэ гасцей у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна 29 жніўня. Мерапрыемства накіравана на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, умацаванне творчых сувязей прыгранічных рэгіёнаў. Фестываль праводзіцца раз у два гады. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, Нацыянальны парк «Прыпяцкі».

БелТА