Творчыя работы на конкурс «За што я люблю родную зямлю», прысвечаны Году малой радзімы, можна прыслаць да 20 жніўня

Год малой родины Грамадства

Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

«Чакаецца, што ў работах жыхароў гарадоў і вёсак Беларусі будуць адлюстраваны дасягненні ў развіцці рэгіёнаў краіны, увасоблена пачуццё гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і слаўнага сучаснага», — адзначылі ў НАН.

Да ўдзелу прымаюцца арыгінальныя эсэ, вершы, апавяданні, нарысы і іншыя творчыя работы, напісаныя грамадзянамі Беларусі на беларускай мове самастойна або ў суаўтарстве, якія не ўдзельнічалі ў конкурсах і не публікаваліся раней. Прапанаваныя тэмы — «За што я люблю свой край», «Мова маёй малой Радзімы», «Родная зямля — крыніца натхнення», «Квітней, мая Радзіма!».

Ацэнку работ будуць праводзіць супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Крытэрыі ацэнкі — адпаведнасць заяўленай тэме, грамадская актуальнасць, арыгінальнасць, мастацкі ўзровень і дасканалае валоданне мовай. Аб’ём творчых прац — да 10 друкаваных старонак.

Вынікі конкурсу будуць падведзены ў час Тыдня мастацкага слова (з 31 жніўня па 6 верасня) і Дня беларускага пісьменства (6 верасня). Пераможцы конкурсу будуць адзначаны памятнымі прызамі, дыпломамі, граматамі і падзякамі НАН Беларусі. Лепшыя работы будуць апублікаваны асобным зборнікам.

Творчыя работы можна прыслаць да 20 жніўня па адрасе: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 1/2, г.Мінск, 220072 або па электроннай пошце: inlinasbel@tut.by з паметкай “Конкурс”.

БелТА