Свой летапіс Вялікай Айчыннай – у кожнай сям’і, у кожнага населенага пункта Беларусі

Важнае Галоўнае Грамадства

З набліжэннем чарговай даты, звязанай з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, я зноў перагортваю старонкі кнігі “Памяць. Брагінскі раён”. І ў які раз прымушаю сябе спыніцца на раздзеле, што паведамляе аб далёкіх саракавых. Так. Менавіта прымушаю. Бо чытаць пра нечалавечыя пакуты і выпрабаванні, карныя аперацыі ў мясцовых вёсках, пагібель людзей вельмі балюча. Такая яна, праўда вайны. З абарванымі жыццямі, катаваннямі і здзекамі, пахавальнымі ў руках, знішчанымі ў полымі марамі і надзеямі. Якое шчасце не зведаць усяго гэтага! Толькі ад адной думкі пра крывавы след фашысцкага тэрору халадзее ўнутры. І, магчыма, тут жа нехта заўважыць: гэта было так даўно, ад мяне – вельмі далёка. Я не пагаджуся. Вайна пакінула меткі на кожным пакаленні, на кожнай беларускай сям’і. Свой летапіс Вялікай Айчыннай – у кожнага населенага пункта Беларусі.

Трагічнае і гераічнае

Вось ён, змешчаны на адной са старонак спіс вёсак, поўнасцю або часткова знішчаных у 1941–1943 гадах: Бярозкі, Жылічы, Новая Іёлча, Кірава, Крыўча, Лубенікі, Малажын, Рудня Жураўлёва, Чамярысы… Ёсць тут і мае Галкі: фашысты спалілі 99 двароў і загубілі 18 мірных жыхароў. Значыць, гэта і мая гісторыя.

Аб кровапралітных баях, што разгарнуліся некалі на гэтай тэрыторыі, сведчыць брацкая магіла, у якой пахаваны больш за 600 воінаў – вызваліцеляў маёй і суседніх вёсак, выхадцаў з самых розных населеных пунктаў некалі вялікага СССР. Сярод іх – Герой Савецкага Саюза Тафцізан Міндзігулаў, імя якога носіць вуліца ў Галках (яна, дарэчы, тут адзіная). Гэта быў звычайны сялянскі хлопец, ураджэнец Башкірыі, якога ў суровым сорак першым прызвалі ў армію, і ён ваяваў у складзе мінамётнага падраздзялення. Вызначыўся ў час баёў на дняпроўскім плацдарме: восенню 1943 года разлік, якім камандаваў Міндзігулаў, трапіў у акружэнне. Зразумеўшы, што падмацаванне хутка не падаспее, мінамётчыкі вырашылі змагацца да апошняга. Калі затым 16-я гвардзейская Чарнігаўская кавалерыйская дывізія адбіла ў ворага агнявую пазіцыю Міндзігулава, то ўбачылі: вакол валяліся трупы гітлераўцаў. Байцы выкарысталі ўвесь боезапас і ўзарвалі мінамёты, каб іх не захапілі фашысты. І самі загінулі, але не адступілі. Тафцізану быў усяго адзін год.

Без апраўдання

Не злічыць усіх мясцовых жыхароў – воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Як і ўраджэнцаў іншых рэгіёнаў былога Савецкага Саюза, што вызвалялі ад ворага наш край і знайшлі вечны спакой на брагінскай зямлі. Не злічыць ахвяр акупацыйнага рэжыму… У спісах землякоў, якія загінулі на фронце ці прапалі без вестак, значыцца і Самсон Барысавіч Протас: нарадзіўся ў 1892-м, загінуў у 1941-м. Побач – фотаздымак яго з сям’ёй. На мяне пазірае сціплая сямейная пара і дзве прыгажуні-дзяўчынкі. Я ведаю са слоў маці, што гэты фотаздымак трапіў у кнігу “Памяць” дзякуючы маёй бабулі Раі. На ім – яе цётка Сцепаніда з мужам і дзвюма дачушкамі. Самсон у даваенны перыяд узначальваў сельсавет. І менавіта за сем’і такіх – партыйна-савецкіх актывістаў, гаспадарчых кіраўнікоў – акупанты браліся на першым этапе рэпрэсій. Расстрэльвалі, спальвалі, закопвалі жывымі, забівалі… У тым ліку дзяцей. Выратавацца Сцепанідзе і яе дзяўчынкам не ўдалося. Уяўляць такія жахі, глядзець на гэты фотаздымак балюча. Але ведаць патрэбна. Гэта – гісторыя маёй сям’і.

Сям’я Протасаў

Няма апраўдання жорсткаму тэрору, тым зверствам, што адчула на сабе мірнае насельніцтва. Няма апраўдання злачынствам супраць чалавецтва.

Пад агнём

Майго дзядулі Васіля Кандрашэўскага ўжо няма ў жывых. Але яго ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў навечна застанецца ў памяці. Знаёмае прозвішча я знаходжу ў спісе землякоў, якім пашчасціла вярнуцца ў родны край пераможцамі. Гэта яшчэ адна старонка, ужо гераічная, у гісторыі маёй сям’і.

Нарадзіўся Васіль Нікіфаравіч 14 сту-дзеня 1919 года ў вёсцы Хракавічы. У яго былі брат і чатыры сястры. Сям’я – дружная, працалюбівая. Толькі б ажыццяўляць светлыя мары, ды іх у адно імгненне перакрэсліла вайна. Яе прайшоў дзядуля артылерыстам-разведчыкам, галоўнай задачай якога было весці назіранне за баявымі дзеяннямі праціўніка. Ад гэтага, дарэчы, залежаў вынік бою.

Таму пакінуць пост, які звычайна знаходзіўся на самым высокім дрэве ці ўзгорку, мог толькі апошнім.

Адной з узнагарод быў удастоены за стойкасць і мужнасць, праяўленыя пры абароне Ноўгарада. Звесткі аб гэтым утрымліваюцца на сайце “Подзвіг народа” – адкрытым інтэрнэт-рэсурсе з узнагароднымі дакументамі 1941–1945 гг. А дакладней, у загадзе па 448 армейскім пушачным артылерыйскім палку 59-й арміі Волхаўскага фронта: 12 чэрвеня 1943 года, у перыяд моцнага артылерыйскага абстрэлу праціўнікам нашых баявых парадкаў, старшы разведчык-назіральнік першай батарэі яфрэйтар Васіль Нікіфаравіч Кандрашэўскі, будучы параненым, пост не пакінуў, а прадоўжыў адшукваць і засякаць артбатарэі і агнявыя кропкі праціўніка. За перыяд з 10 па 16 чэрвеня 1943 года ён засёк пяць артбатарэй, з якіх тры – калібра 105 мм, адна – калібра 75 мм і адна – калібра 210 мм. За гэта ўзнагароджаны медалём “За адвагу”.

За гады вайны дзядулю ні разу не давялося паспаць у нармальнай пасцелі – то ў зямлянцы, то ў сене… Але ноч у акопе, з мёртвым салдатам, навяла на роздум: “Як жа я табе зайздрошчу, сябар! Ты зараз з Богам, табе цёпла, зямля там пяшчотная, не залітая крывёю. Там спяваюць птушкі, а не гучаць выбухі і аўтаматныя чэргі. І я б хацеў быць там, але не магу. Яшчэ не завершана змаганне, а раптам вайна забярэ маю сям’ю, а я не магу гэтага дапусціць. Я не магу дапусціць, каб савецкі народ выміраў пад гнётам варожых сіл. Не дапушчу!”

Памятаю, як прыгадваў выпадак, калі ўзяў у палон важных нямецкіх афіцэраў, узнагароджаных жалезнымі крыжамі. Пры допыце ад іх атрымалі каштоўную інфармацыю.

Удзельнічаў Васіль Кандрашэўскі ў вызваленчых баях на тэрыторыі Венгрыі. Менавіта там быў удастоены ордэна Чырвонай Зоркі – за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць. Гэта пацвярджае загад па 35-й гвардзейскай армейскай пушачнай артылерыйскай Ноўгарадскай ордэна Суворава брыгадзе 9-й гвардзейскай арміі 2-га Украінскага фронта. А ва ўзнагародным лісце паведамляецца, што гвардыі яфрэйтар Кандрашэўскі за перыяд наступальных баёў у раёне гарадоў Секешфехервар і Веспрэм, пастаянна рухаючыся ў баявых парадках пяхоты, неаднаразова пад моцным артылерыйскім агнём, рызыкуючы сваім жыццём, вёў разведку, выяўляючы даволі важныя цэлі, што перашкаджалі руху нашай пяхоты. Ён дакладваў аб гэтым камандзіру батарэі, пасля чаго праціўнік быў накрыты агнём дывізіёна.

Перамогу дзядуля сустрэў у Аўстрыі. У ліку яго ўзнагарод – ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі “За ўзяцце Вены”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, а таксама дзве падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза Сталіна.

Калі вярнуўся з вайны, не застаў у жывых свайго бацьку і брата Мікалая, які загінуў на фронце. У роднай вёсцы Хракавічы стварыў Васіль Нікіфаравіч сям’ю, з якой у 60-х гадах пераехаў у Галкі. Працаваў у сельскай гаспадарцы, заўсёды быў жаданым і ганаровым госцем мерапрыемстваў, прысвечаных падзеям вайны, вызначаўся сціпласцю і прыстойнасцю. Разам з жонкай Раяй выхавалі траіх дзяцей. Не стала дзядулі на 79-м годзе…

Памяць

Памяць аб земляках, якія зведалі жахі вайны, героях-вызваліцелях, аб па-дзеях, што адбываліся на тэрыторыі былога Асарэвіцкага сельсавета, захоўвае музей баявой славы “Бітва за Днепр”. Некалі ён ствараўся як цэнтр ваенна-патрыятычнай работы на базе Асарэвіцкай школы, куды хадзілі таксама дзеці з Галак і Вялля, а цяпер перамясціўся ў мясцовы дом народнай творчасці. Тут можна ўбачыць і асабістыя рэчы майго дзядулі: ваенны кацялок, каску і карманны блакноцік-дзённік, у які ён змяшчаў свае запісы з першых дзён вайны. Іх, праўда, ужо з дакладнасцю вельмі цяжка разабраць – свой адбітак зрабіў час. Але нешта ўсё ж на пажаўцелых з гадамі старонках можна прачытаць:

31 декабря 1943 г.
Наши войска овладели областным центром УССР г. Житомиром. По радио слушали поздравления тов. Калинина. После этого подняли бокалы в честь Нового 1944 года… После полуночи заступили на боевой пост.

28 мая 1944 г.
Хорошее весеннее утро. Зеленью покрылась земля, птицы над тобой поют… В это время мечтаешь о счастье… Не теряешь надежды, что будет победа…

22 июня 1944 г.
Памятный день. Приказом от 22.06. мне присвоено звание гвардейца.

19 июля 1944 г.
После ночёвки в одной деревушке двинулись дальше на Запад. Утром вели 28 фрицев. На привале у реки хорошо искупались, получили продукты… Движемся к Прибалтике…

 

Памяць аб героях-вызваліцелях і земляках, якія зведалі жахі вайны, захоўвае музей баявой славы ў Асарэвічах

Звяртаю ўвагу на іншыя матэрыялы, змешчаныя ў музеі. У мае рукі трапляе знаёмы альбом – прысвечаны Барысу Зацееву. Памятаю, як некалі сама, будучы піянеркай, выводзіла ў ім пад трафарэт кожную літарку тэксту, наклейвала фотаздымкі. Гэта ж цяпер раз – і ўсё праз прынтар, а раней – уручную, праяўляючы ўседлівасць і цярпенне. Значыць, у захаванні гісторыі ёсць у нейкай ступені і мой уклад.
Імя Барыса Зацеева, ураджэнца Чалябінскай вобласці, які загінуў пры вызваленні вёскі Галкі і там жа пахаваны, насіў наш піянерскі атрад. Аб тым, што перажыла яго маці Аляксандра Якаўлеўна, якая так і не дачакалася сына, цяжка нават падумаць. Выдатнік у школе, пераможца абласных спаборніцтваў па плаванні, ён з дзяцінства праяўляў здольнасці да спорту, малявання, ігры на гітары. Марыў стаць артыстам ці мастаком. Ды суджана было загінуць у 19-гадовым узросце.

У 1967 годзе Аляксандра Якаўлеўна прыязджала на магілу сына і звярнулася да мясцовых жыхароў з просьбай: у каго народзіцца хлопчык – назваць яго Барысам, у гонар яе сына. Пажаданне выканала сям’я Яшчанка: з Барысам жанчына сустрэлася на 40-годдзе Перамогі і лічыла яго сваім унукам.

У іншых папках, альбомах захоўваюцца ўспаміны сведкаў вайны, перапіска з героямі-абаронцамі, роднымі і блізкімі воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне вёсак Асарэвічы, Галкі і Вялле. На здымках – сустрэчы з дэлегацыямі з Украіны, Башкірыі. Такая цесная сувязь падтрымлівалася ва многім дзякуючы піянерважатай Людміле Яшчанцы, асобе творчай і нераўнадушнай, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, жыццё якой, на жаль, нядаўна абарвалася.

Не меншую каштоўнасць уяўляюць матэрыялы, прысвечаныя беларусу Міхаілу Сіманенку і ўкраінцы Алене Бялевіч, астанкі якіх у 1986 годзе былі знойдзены ў Асарэвічах пры правядзенні земляных работ і перазахаваны ў мясцовую брацкую магілу. Варта прыгадаць, што гэта – маладыя партызаны, якія трапілі падчас разведкі ў рукі паліцаяў і былі пакараны.  Зрэшты, гэта яшчэ адна старонка гераічнага мінулага роднага краю. Кніга памяці не загортваецца. Яна вядзе сцежкамі гісторыі, скіроўвае ў яе глыб, дапамагае асэнсаваць тое, што адбывалася на сённяшняй мірнай зямлі, на дазваляе паддаць забыццю трагізм вайны і падзвіг народа. Мы памятаем…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК