ААТ “Імя Жукава” Сяргей Міхаленка ўзначальвае не першы год. Памятаю яго з тае пары, калі працаваў галоўным аграномам і ў час справаздачных сходаў рабіў глыбокія аналізы работы раслінаводчай галіны. Таму ў гэтае адкрытае акцыянернае таварыства заўсёды еду з пачуццём перакананасці: і палявыя работы, і нарыхтоўка кармоў павінны праходзіць тут арганізавана, у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.
На 1 чэрвеня было назапашана 2474 тоны сенажу з бялковых траў, а на днях кансерваваным кормам запоўнілі ёмістасць умяшчальнасцю 1216 тон у Бакунах. Цяпер закладка сенажу будзе весціся ў Рыжкаве. Аб гэтым расказаў галоўны аграном ААТ Віктар Дашук.
Шматгадовыя травы ў гаспадарцы займаюць 430 гектараў. На сена ўбрана 80 га палепшаных угоддзяў. Кормаўборачная тэхніка ёсць. Для сенакашэння набылі тры дыскавыя навясныя касілкі, а для здрабнення зялёнай масы – два новыя камбайны КВК-800. У працэс работы ўключаецца і “Ягуар”. Сёлета сельгаспрадпрыемства купіла новы прэс-падборшчык, і цяпер такіх у машынным двары тры. На адным працуе Валерый Барысенка, які запрасаваў першыя тоны сена.
На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны чатыры МАЗы, за рулём якіх – Генадзь Шкурко, Уладзімір Шахніцкі, Міхаіл Смальцар і Руслан Лазовік. Першыя два – з ліку высокакласных “мазістаў” (так іх называлі ў гаспадарцы), бо ў час корманарыхтоўкі і ўборкі хлеба яны дабіваліся высокай выпрацоўкі дзякуючы зладжанасці ў рабоце, узаемаразуменню. Амаль кожны год выходзілі ў лідары, а прэміі за першае, другое і трэцяе месцы дзялілі пароўну. Цікава, што і працоўны шлях абодвух пачынаўся аднолькава: Уладзімір Рыгоравіч і Генадзь Валянцінавіч пасля службы ў арміі прыйшлі ў калгас у студзені 1994 года. Іх маладым калегам пашанцавала: вучыцца ёсць у каго. Дастаўкай зялёнкі да месца закладкі заняты на ЗІЛ-130 і Руслан Лазовік.
Віктар Пятровіч – вопытны спецыяліст. У калгас “Чырвоная ніва” (яго потым далучылі да “Чырвонага Кастрычніка”, і гаспадарка стала насіць імя Героя Савецкага Саюза Пятра Жукава) прыйшоў у 1990-м. Перш чым узначаліць агранамічную службу, Віктару Пятровічу давялося пабыць фуражырам, брыгадзірам, в.а. дырэктара. Яму не патрэбна тлумачыць, якая роля адводзіцца насенню высокіх рэпрадукцый у атрыманні высокіх ураджаяў зерневых і зернебабовых. Каб не купляць насенны матэрыял у спецыялізаваных гаспадарках, неабходна вырасціць сваё. Сёлета ў ААТ “Імя Жукава” вырошчваюць азімую пшаніцу на 50 га, эліту якой купілі ў агракамбінаце “Сноў”. Другі ўчастак плошчай 40 га засеялі элітным насеннем пшаніцы з эксперыментальнай базы “Крынічная”. На двух участках даспяваюць элітны ячмень, на адным – авёс. Пасевы ў здавальняючым стане. Па словах раённых спецыялістаў, тут толькі неабходна правесці відавую праполку.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК