Дзецям нагадалі аб правілах бяспекі: дома, на вуліцы, каля вады

Грамадства Школа бяспекі

Заняць летні адпачынак дзяцей карыснымі і цікавымі мерапрыемствамі, каб у іх не было часу на свавольствы, – такая задача стаіць сёння перад дарослымі.  І адно з іх – квэст, які прайшоў у раённым доме культуры ў рамках  акцыі “Юны веласіпедыст”,  што  праводзілася  на  Брагіншчыне з 12 па 19 чэрвеня. Акцэнт падчас сустрэчы  быў зроблены на прафілактыку і папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму  і іншых надзвычайных   сітуацый  сярод   непаўналетніх.

Да ўдзелу ў квэсце былі запрошаны выхаванцы прышкольных лагераў. Хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся на каманды і пачалі падарожжа па станцыях займальнай гульні. За правільныя адказы і заданні, выкананыя без памылак, дзеці атрымлівалі картачкі з літарамі, з якіх неабходна было скласці словы.

Першае заданне – агучыць нумары экстраных службаў: 101 – выратавальнікі, 102 – міліцыя, 103 – хуткая дапамога, 104 – газавая служба. Дзеці назвалі іх беспамылкова.  Ім таксама нагадалі, што беспадстаўна  тэлефанаваць на гэтыя нумары нельга. Потым удзельнікі квэста сустрэліся з персанажамі народных казак, якія праявілі даверлівасць і сталі ахвярамі нядобразычліўцаў.  Памылкі  Бураціны, Калабка, Чырвонай Шапачкі і семярых казлят лепей не паўтараць.

Што рабіць, калі адчулі ў пакоі пах газу? Ні ў якім  разе нельга запальваць агонь і карыстацца электрапрыборамі.  А патэлефанаваць у аварыйную газавую службу па нумары 104 патрэбна з вуліцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама пагутарылі аб іншых правілах бяспекі дома і ў побыце, як паводзіць сябе на вадзе і на дарозе, адказалі на пытанні віктарыны і разгадалі загадкі.

– Падобныя квэсты – гэта альтэрнатыва шэрым будням і шкодным звычкам, а таксама настрой на здаровы лад жыцця, – адзначыла  метадыст раённага дома культуры  Ірына Чарняўская. Яна ўпэўнена, што падчас гульні дзеці атрымалі  шмат  карыснай інфармацыі, якая дапаможа ім у жыцці.

Вольга ПАЛЯШЧУК