Грозны сорак першы прынёс з сабою смерць і боль, разруху і страх, запляміў крывёю і слязамі людскія лёсы. Разам з дарослымі праз усе гэтыя жахі былі вымушаны прайсці і дзеці, якія ў цяжкіх абставінах навучыліся цярплівасці і вытрымцы, рана пасталелі, спазналі нягоды. Яны не гулялі ў вайну, а жылі па яе суровых законах. Замест мірнага неба, забаў, вучобы ў школе – пекла пакут. Дзяцінства, адабранае фашызмам, абгароджанае калючым дротам… Цяжка паверыць, што такое некалі адбывалася.
Мы сядзелі разам з Нінай Аляксандраўнай Богуш каля яе прасторнага дома ў вёсцы Асарэвічы. Калісьці яго ўзводзілі з мужам Аляксеем. Майстар, як прыгадвае жанчына, быў на ўсе рукі. Ды з цягам часу адолела, прыкавала да ложка хвароба. Даглядала свайго мужа верная спадарожніца да апошняга дня. Цяпер аб Аляксеі засталася толькі памяць, якую захоўваюць таксама трое дзяцей, сем унукаў і дзесяць праўнукаў – такая вялікая сям’я ў Ніны Аляксандраўны. Пра маці і бабулю, якая засталася ў доме адна, не забываюць – наведваюцца з гарадоў. А сама яна душою прыкіпела да вёскі. Родная зямля, відаць, трымае сваёй цішынёй і спакоем, прывычным укладам жыцця, маляўнічымі краявідамі. Але так было не заўсёды…
У гады Вялікай Айчыннай больш за пяць мільёнаў дзяцей сталі вязнямі канцлагераў і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, раскіданых па ўсёй акупіраванай Еўропе. Непасільная праца і хваробы, холад і голад былі іх спадарожнікамі. Ні ў чым не вінаватых, пазбаўленых радасных і шчаслівых дзён. Вайна ні ў каго пра ўзрост не пыталася.
Ніне Аляксандраўне, калі ў вёску прыйшлі фашысты, было не больш за тры гады. Таму ў памяці, вядома, амаль нічога не захавалася. Пра тое, як везлі на чужыну і што там адбывалася, як надоўга разлучылі з маці, яна больш ведае са слоў старэйшага брата. У сям’і Катлабаеў, дарэчы, Ніна была трэцяя – пасля Мікалая і сястры Раі. Бацька ў 1940-м памёр. А маці з трыма дзецьмі апынуліся ў ліку палонных, якіх пагналі на чыгуначную станцыю ў Калінкавічы.
Дарога была доўгая, таму малых, якія вельмі стаміліся, пасадзілі ў машыну. Так Ніна са сваім сямігадовым братам засталіся без прыгляду маці і старэйшай сястры – пешая калона значна адстала.
Прывезлі ў Калінкавічы, а там разам з іншымі палоннымі пагрузілі ў таварныя саставы. І – на Аўстрыю. Месца прымусовага ўтрымання размяшчалася паблізу горада Грац.
Усім загадалі памыцца. Агалілі галовы. А потым – медагляд: раздзялілі дужых і нездаровых. Апошнім на лоб наносілі пячатку. І ў гэтым ліку (які жах!) апынулася Ніна. Падазрэннем на захворванне стаў… нейкі прышчык. Нягледзячы на гучны і надрыўны плач, дзяўчынку разлучылі з братам. Яны апынуліся па розныя бакі калючага дроту. Ды Коля не разгубіўся – пайшоў на смелы ўчынак. “Калі павядуць у барак класціся спаць – не спі. Чакай, пакуль сцямнее і падыходзь да дроту, – загадаў ён сястры. – Я цябе ўкраду!”
Сёння Ніна Аляксандраўна і сама ўражваецца: як тады ёй, зусім маленькай дзяўчынцы, удалося ўсё выканаць, зрабіць так, як наказаў брат. Каля калючкі на змярканні ён чакаў яе не адзін, а з памочнікам. Удваіх нейкім чынам разагнулі дрот, каб сястрычка змагла праз яго пралезці. Потым жанчыны да нясцерпнага болю церлі на ілбе дзяўчынкі пячатку, ад якой так і не атрымалася пазбавіцца. Выйсце заставалася адно – адмыслова завязаць хустку. Так Ніна была выратавана ад пагібелі. Бо назаўтра людзей, якія знаходзіліся па другі бок калючага дроту, не ўбачылі. Іх спалілі…
Ад вялікай скучанасці, цяжкай працы, жудасных умоў для пражывання, голаду і холаду многія хварэлі. Кармілі, як і ў іншых падобных месцах, баландой з бручкі, ды хлеба толькі ўкусіць. За шчасце было атрымаць адгон, якім раз у тыдзень “частаваў” бауэр (так у немцаў называлі заможных сялян).
Дарослых у асноўным вазілі на завод, выкарыстоўвалі ў якасці рабочай сілы для рамонту ваеннай тэхнікі. А юнаму Мікалаю загадвалі ацяпляць лазню, за што “заахвочвалі” некалькімі цыгарэтамі. І той умудраўся ў кагосьці з дарослых абменьваць іх на хлеб.
Самых малых, знямоглых і нядужых пакідалі ў лагеры. На напханых саломай матрацах, што выносіліся з баракаў, ляжалі найбольш слабыя, знясіленыя. Там і паміралі… Іх целы потым грузілі на цялежкі, вывозілі і спальвалі.
На вялікае шчасце, і Ніна, і яе брат выжылі. За некалькі дзён да вызвалення ворагі, адчуваючы свой крах, пакінулі вязняў без ежы і вады. Так яны правялі трое сутак і дачакаліся, калі прыехалі савецкія танкі і сцеглі калючы дрот. Нарэшце… Гэта быў і радасны, і адначасова напружаны момант. Паніку і неразбярыху сеялі асобы, якія тут жа пачалі агітаваць людзей ехаць у іншыя краіны, не вяртацца ў Савецкі Саюз. Яго, маўляў, ужо няма – зруйнавалі з зямлёй. Але калі раздаўся гучны голас савецкага салдата: “Грамадзяне! Не паддавайцеся падману! Радзіма-маці вас чакае”, з’явілася рашучасць і ўпэўненасць.
Былі, вядома, і такія, хто, не раздумваючы, накіраваліся ў Канаду, Англію. Як правіла, з ліку паліцаяў, прыслужнікаў фашыстаў. Але тыя, для каго родны край застаўся блізкім і дарагім, яму не здрадзілі. Цяпер у таварняках людзі, сярод якіх былі і Мікалай з Нінай, ехалі да сваіх.
Дабрацца дзецям з Гомеля ў Камарынскі раён, у склад якога тады ўваходзіла вёска Асарэвічы, дапамог старэйшы зямляк-яўрэй. Разам з ім на цягніку даехалі да Новай Іёлчы, адкуль мужчына пешшу накіраваўся ў райцэнтр. А дзецям загадаў тут, на чыгуначнай станцыі, чакаць сваю стрыечную сястру Раю, якая таксама працавала ў Камарыне: “Прыйдзе і завядзе вас дадому, у вёску”. Адлегласць усё-такі немалая – больш за дзесяць кіламетраў. Ды бойкі Мікалай, відаць, чакаць не надта хацеў. Вырашыў, адчуўшы, што Ніне ўжо нічога не пагражае, пайсці знаёмым напрамкам сам. “Сядзі тут, – абхітрыў сястру, – а я схаджу папрасіць табе малака”.
Першая сустрэча ў Асарэвічах была з цёткай Домнай, якая тут жа кінула сваю справу – жлукціла бялізну. І першае пытанне: “А дзе ж Ніна?..” Маці, якая ў гэты час праполвала на калгасным полі бульбу, даведалася аб усім пазней.
У Новую Іёлчу жанчыны беглі ўдваіх. Але ўсе сустрэліся значна бліжэй – каля вёскі Вялле, куды Рая ўжо паспела давесці сваю стрыечную сястру. Што адбывалася ў кожнай з іх унутры, якія пачуцці перапаўнялі – гэтага, відаць, нам, не зведаўшым ваенных нягод, не зразумець… Прыціснуўшы да грудзей сваю маленькую дачку, маці несла яе, не выпускала з рук да самай вёскі.
Я слухала Ніну Аляксандраўну і разумела: як мала ўсё-такі ведаю пра лёсы сваіх родных і блізкіх. І як шкада, што ў свой час не так уважліва слухала іх, не заўсёды прыдавала значнасць нейкім расказам, успамінам. Магчыма, некалі гісторыю маленькай Ніны распавядала мне і яе стрыечная сястра – мая бабуля Рая (узгаданая вышэй Домна – яе маці і мая прабабуля). Асэнсаванне многага, відаць, прыходзіць з узростам, са з’яўленнем уласнай сям’і. Калі ў душы нараджаецца найвялікшая супярэчнасць: не! Нельга, каб так было…
Пасля вайны усе трое дзяцей з сям’і Катлабаеў атрымалі, як жартоўна зазначае мая суразмоўца, “вышэйшую” адукацыю – закончылі сем класаў. Яе брат Мікалай накіраваўся на поўнач Расіі, дзе служыў у марфлоце. А ў пенсійным узросце вярнуўся з сям’ёй у Беларусь, яго апошнія гады прайшлі ў Светлагорску. Пакінула гэты свет і старэйшая сястра.
Дзясяткі гадоў Ніна Аляксандраўна аддала жывёлаводчай галіне: даглядала свіней, даіла кароў у калгасе. Будучы ўжо жонкай і маці, не бачыла сэнсу жыцця без працы. Сям’я, як і ўсе тады на сяле, трымала вялікую гаспадарку. І дарослыя, і дзеці дружна шчыравалі на зямлі. Цяпер здароўе, вядома, не дазваляе далучацца да такіх аб’ёмаў работ. Але погляды, звычкі пакалення, якое перажыло ліхалецце, пасляваенныя цяжкасці, не змяніць: пакуль ёсць хоць нейкія сілы, не будуць сядзець без справы. Дагэтуль знаходзяць радасць у абуджэнні прыроды, белым убранні майскіх садоў, цішыні роднага наваколля, сонечным святле над ускапанай градкай. Ніякія жыццёвыя нягоды іх не адолелі, не зламалі. А кожная сустрэча з такімі людзьмі – як урок мужнасці і патрыятызму, гаючай сардэчнай дабрыні і душэўнай сціпласці, бясконцай прагі да жыцця і працалюбства.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК
і з сямейнага альбома.