Сянаж з люцэрны рыхтуюць у ААТ “Пераможнік”

Важнае Сельская гаспадарка

Нарыхтоўцы кармоў, іх якасці ў рэспубліцы ўдзяляецца асаблівая ўвага. Прынцыпова падыходзіць да гэтага пытання і кіраўнік дзяржавы. У мінулым годзе ён агучыў сваё патрабаванне: стварыць у кожным сельгаспрадпрыемстве паўтарагадовы запас. І справа тут не толькі ў круглагадзічным аднатыпным кармленні. Існуе рызыка недаатрымаць запланаваны ўраджай з кармавога поля з-за неспрыяльных кліматычных умоў, як гэта было ў 2019-м. Хаця і ў такіх абставінах той, хто сябруе з тэхналогіяй, змог забяспечыць сенажом і сіласам грамадскае пагалоўе не толькі сваёй гаспадаркі, але і суседніх. Аб гэтым не без гонару гаварылі механізатары ААТ “Пераможнік”.

І сёлета акцыянернае таварыства пачало зялёнае жніво адным з першых у раёне. Галоўны аграном Анатоль Панчанка расказаў, што яны ўжо запоўнілі сенажом ёмістасць умяшчальнасцю 2,5 тысячы тон. Рыхтавалі зялёную масу з азімага жыта і свірэпы, зараз закладваюць у чыстым выглядзе люцэрну трэцяга года карыстання. Дакладней будзе сказаць: завяршылі працэс. Немалая плошча, а гэта 280 гектараў, убрана да апоўдня 26 мая. Скасіў травы Мікалай Хінчынскі. Пасля гэтага, каб захаваць усе каштоўныя элементы, іх пакінулі ў валках: няхай падсыхаюць. Паказчык пажыўнасці падвяленай травы, як сцвярджаюць спецыялісты, настолькі высокі, што пры неабходнасці яна можа замяніць прывычны рацыён жывёлы ў халодны перыяд. А далей за справу ўзяліся Уладзімір Боркін і Аляксандр Пацега, якія здрабнілі масу.

Аляксандр Ляўкоўскі і Аляксандр Пацега.
Мікалай Катлярэнка.

Пра гэтых механізатараў неабходна сказаць асобна. Першы з іх працуе на “Ягуары” 13 гадоў, за сезон дабіваецца высокай выпрацоўкі, таму выходзіў у лік пераможцаў абласнога спаборніцтва. Другі эксплуатуе новы кормаўборачны камбайн КВК-800, які атрымаў у 2019-м, і заняў другое месца ў раённым спаборніцтве. З энтузіязмам працуюць людзі і зараз. Адвозяць зялёнку Аляксандр Ляўкоўскі і Мікалай Катлярэнка, трамбуе на К-700 Васіль Боркін, да якога потым далучаецца яшчэ адзін трактарыст. Сянажныя ёмістасці размешчаны на тэрыторыі МТК “Зарэчча”.

Васіль Боркін.

Убраныя плошчы, па словах Анатоля Панчанкі, будуць падсілкаваны азотам, каб атрымаць не менш чым тры паўнацэнныя ўкосы. Праз месяц пасля гэтага пры дастатковай вільгаці можна будзе рыхтаваць кармы з люцэрны на гэтым участку зноў. Яна лічыцца эканамічна выгаднай каштоўнай кармавой культурай з высокім утрыманнем пратэіну, таму і ўвагі да сябе заслугоўвае асаблівай.

А вось да сенакосу прыступяць крыху пазней. Якасць грубага корму залежыць не толькі ад саставу траў, але і ад перыяду, калі праведзена сушка. Сена будуць назапашваць, калі на змену дажджам прыйдуць сонечныя дні, ды і фаза развіцця раслін будзе дастатковая.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК