Першы дзень красавіка выдаўся халодны і ветраны, і гэта пры тым, што веснавое сонца свяціла шчодра і ярка. Трактар, на якім працаваў Аляксандр Заранік, убачылі здалёк. Спыніўся хлебароб ненадоўга, спяшаўся дасеяць ячменем падрыхтаванае поле. Да яго на гэтым участку пагаспадарыў Аляксандр Дзегцярэнка, які ўнёс мінеральныя ўгнаенні. Насенне падвозіць малады механізатар Вячаслаў Нікіценка.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка засыпала Аляксандра пытаннямі: як арганізавана гарачае харчаванне, ці своечасова падвозяць абеды, ці ёсць у кабіне аптэчка, а ў майстэрні – сродкі для дэзынфекцыі, колькі доўжыцца рабочая змена… Прафсаюзны лідар занепакоена станам здароўя людзей, у руках якіх – лёс будучага ўраджаю. Працуюць яны сумленна і плённа з 7.00 да 19.00. Калі гаварыць пра братоў Заранікаў, то і вынікова. За плячыма кожнага – па два дзясяткі гадоў работы на трактарах розных марак. Як удакладніў Аляксандр, зерневыя ён сее з 1993 года. А гэта гарантыя таго, што ў пуцёўцы, якую запаўняе аграном, будзе адзначана выдатная якасць работы. Ёсць ужо вопыт, хаця справа не толькі ў ім, але і ў адносінах да даручанага. Удваіх механізатары загарнулі ў глебу насенне яравых зерневых і зернебабовых на плошчы 765 га (485 – ячменю, 280 – аўса). Акрамя гэтага, пасеялі 270 гектараў аднагадовых.
Неабходна адзначыць стараннасць маладога трактарыста Сяргея Рэбкі. Дарэчы, ён у мінулым годзе выйшаў у лік пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых (заняў другое месца). Новы “Беларус-3522”, які сельгаспрадпрыемства набыло ў жніўні мінулага года па лізінгу, як і прычапны інвентар да яго, дырэкцыя без сумнення даверыла Сяргею. З пачатку пасяўной кампаніі ён падрыхтаваў глебу на плошчы 1050 гектараў. Аб гэтым нас праінфармавала галоўны эканаміст “Брагінскага” Таццяна Шульга. Няхай усё ў жыцці ў гэтага працалюбівага хлебароба складваецца найлепшым чынам! Радасна становіцца, калі сустракаешся з людзьмі, якія працягваюць справу сваіх продкаў і робяць гэта з душой.
Падкормкай азімых займаўся Уладзімір Макрушаў. Усе, хто мае дачыненне да важнай сельскагаспадарчай кампаніі, ад якой залежаць вага і памер караваю, стараюцца выконваць работу ў тэрмін, на належным узроўні. У майстэрні вывешваецца наглядная інфармацыя, якая адлюстроўвае ход пасяўной, выпрацоўку кожнага. Па словах Таццяны Іванаўны, механізатары ведаюць расцэнкі і могуць падлічыць, колькі грошай зарабіў кожны за веснавы дзень. У сярэднім атрымліваецца ад 40 да 50 рублёў.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК