Брагінчане прынялі ўдзел у абласным злёце маладзёжных атрадаў аховы правапарадку

Грамадства

Першы абласны злёт маладзёжных атрадаў аховы правапарадку “Час смелых!” прайшоў на мінулым тыдні ў Гомелі. У ім прынялі ўдзел і прадстаўнікі Брагінскага раёна. Дэлегацыю ўзначаліла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Дар’я Сніцарэнка.

Адкрылася мерапрыемства на базе спецыялізаванага ліцэя пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС. Тут прысутных вітала першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Вераніка Гудкова. Яна нагадала, што маладзёжныя атрады аказваюць садзейнічанне праваахоўным органам у прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама ў ахове грамадскага парадку. У Брагіне дзейнічае МААП імя Васіля Ігнаценкі.

Падчас адкрытага дыялогу “Мы за бяспеку ў маладзёжным асяроддзі” размова вялася з прадстаўнікамі абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў і ваеннага камісарыята, а таксама ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай і вайны ў Афганістане. Тэм для абмеркавання было шмат.

Асабліва мноства пытанняў датычылася арміі. Напрыклад, маладых людзей цікавіла, ці праўдзівыя чуткі аб тым, што плануецца павялічыць тэрміновую службу да двух гадоў. Па словах прадстаўніка абласнога ваенкамата, гэтае пытанне не абмяркоўвалася і адпаведных афіцыйных заяў пакуль не было, таму тэрмін службы застаецца ранейшым: 12 месяцаў для асоб з вышэйшай адукацыяй і 18 – для тых, у каго яе няма. Размова ішла таксама аб альтэрнатыўнай службе і службе ў рэзерве, адрозненнях сучасных Узброеных Сіл Беларусі ад арміі мінулага і інш.

Прадоўжылася мерапрыемства экскурсіяй па навучальна-практычным цэнтры ліцэя МНС, падчас якой удзельнікі злёту праверылі свае веды і навыкі дзеянняў у надзвычайных сітуацыях.

Наступны пункт маршруту – вайсковая часць 5525 унутраных войск МУС, якая знаходзіцца ў Гомелі. Тут маладыя людзі пазнаёміліся з узбраеннем і бытам ваеннаслужачых, паглядзелі паказальныя выступленні кіналагічнай службы.

Цырымонія закрыцця злёту прайшла на пляцы вайсковай часці. Падводзячы вынікі, першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Вераніка Гудкова адзначыла, што ўсё было арганізавана на высокім узроўні. Яна таксама запэўніла, што падобныя мерапрыемствы з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі будуць мець працяг.

 

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК