Падлетак і закон – тэма актуальная

Грамадства

Падлетак і злачынства – паняцці несумяшчальныя. Але гэта, калі ў ідэале. Практыка паказвае: выкараніць такую з’яву, як парушэнне непаўналетнімі закону, не так проста. І разважаць над пытаннем, што падштурхоўвае юных асоб да крыміналу, здзяйснення супрацьпраўных учынкаў, можна бясконца. У адных выпадках гэта, магчыма, спакуслівае “за кампанію”, у другіх – жаданне такім чынам звярнуць на сябе ўвагу, штосьці даказаць, зацвердзіцца ў вачах аднагодкаў, паказаць сваю сілу і перавагу. А часам падлеткі і ўвогуле не могуць растлумачыць свае дзеянні. Аднак пераступіць мяжу забароненага – гэта крок да бездані. Як засцерагчы падрастаючае пакаленне ад негатыўныя з’яў і наколькі актуальная праблема дзіцячай злачыннасці для нашага раёна? З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольгі ЯСІНСКАЙ.

– Вольга Міхайлаўна, дзейнасць, накіраваная на захаванне жыцця і здароўя дзяцей, фарміраванне ў іх законапаслухмяных паводзін і цвёрдых маральных прынцыпаў, была і застаецца ў прыярытэце. Якім чынам будуецца яна і што пакладзена ў аснову такой работы?

– На сістэмную і скаардынаваную працу ў даным напрамку нацэльвае раённы комплексны план па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, гібелі дзяцей, правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх на 2019-2022 гады. Усе, хто стаіць на абароне правоў падрастаючага пакалення, добра разумеюць: мы вырашаем агульную задачу. Таму галоўнае – не дапускаць збояў у сістэме міжведамаснага ўзаемадзеяння. Месца бескантрольнасці, абыякавасці і безадказнасці тут быць не павінна.

Каб засцерагчы дзяцей ад неабдуманых крокаў і не дазволіць ім трапіць пад дрэнны ўплыў, у школах, спартыўных, культурных і іншых установах раёне імкнуцца максімальна заняць іх у вольны час. Наладжваюцца мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат”, абласных акцый “Карысныя канікулы”, “Лета на карысць”, “Арганізуй свой вольны час”, “У новы год – без правапарушэнняў”.

Калі гаварыць пра работу, накіраваную на папярэджанне сацыяльнага сіроцтва, то тут мы ставім на мэце прадухіліць негатыўныя паследкі, аказаць дапамогу бацькам і дзецям на ранніх стадыях недабрабыту, каб захаваць сям’ю і не даводзіць сітуацыю да крайнасці.

Зараз на тэрыторыі раёна, дарэчы, пражывае 18 сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У іх выхоўваецца 31 непаўналетні. Хадайніцтвы аб прызнанні такіх хлопчыкаў і дзяўчынак маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне ў мінулым годзе ў камісію не паступалі.

– Наколькі трывожная сітуацыя з правапарушэннямі і злачынствамі сярод непаўналетніх?

– Падлетак і закон – тэма і актуальная, і балючая адначасова. На жаль, наш раён не з’яўляецца шчаслівым выключэннем: супрацьпраўныя ўчынкі дзецьмі здзяйсняюцца, аб чым сведчаць трывожныя лічбы за мінулы год.

Сітуацыя ў параўнанні з 2018-м пагоршылася: колькасць правапарушэнняў вырасла з 15 да 21, і амаль палова – на рахунку школьнікаў. Непаўналетнія сталі часцей ужываць спіртныя напоі, парушаць правілы дарожнага руху, кіраваць транспартнымі сродкамі, не маючы на тое правоў. Адпаведна, больш бацькоў прыцягнута да адказнасці за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей.

З аднаго да трох вырас таксама лік здзейсненых падлеткамі злачынстваў, і ўсе – крадзяжы. А іх удзельнікі – вучні ўстаноў адукацыі раёна. Адзін з непаўналетніх, дарэчы, пайшоў на завалоданне чужой маёмасцю сумесна з дарослымі.

– Што, на Ваш погляд, да такіх фактаў прывяло?

– Па-першае, недахопы ў выхаванні юных асоб, недастатковы ўплыў сям’і, дзе павінны закладвацца маральныя каштоўнасці і фарміравацца сацыяльныя нормы паводзін. Па-другое, нізкая прававая культура непаўналетніх і іх бацькоў, якія да таго ж далёка не заўсёды ў курсе спраў і інтарэсаў сваіх дзяцей. І, вядома, нельга скідваць з рахунку пралікі ў рабоце суб’ектаў прафілактыкі.

Заўважу, што на здзяйсненне крадзяжоў падлеткаў падштурхоўвае, як правіла, імкненне да лёгкага жыцця, жаданне мець тое, на што ў бацькоў не хапае грошай ці ў чым яны адмаўляюць. Напрыклад, вельмі дарагі тэлефон. У кагосьці ён ёсць, а хтосьці зайздросціць. І калі такая рэч яшчэ ляжыць на бачным месцы і застаецца без прыгляду – спакуса завалодаць ёю павялічваецца. Не сакрэт, што некаторыя дзеці прыносяць дарагія гаджэты ў школу, бяруць іх з сабой на трэніроўкі, спаборніцтвы, канцэрты і г.д. А вось аб элементарных мерах перасцярогі забываюць – праяўляюць нядбайнасць. Таму і непаўналетнім уладальнікам нятанных рэчаў, і адказным за правядзенне мерапрыемстваў асобам варта быць больш пільнымі і ўважлівымі. А бацькам, магчыма, перш чым купляць свайму дзіцяці дарагі мабільнік, варта задумацца: ці патрэбна?.. Ці зможа яно забяспечыць захаванасць і цэласнасць нятаннай маёмасці?

– Бытуе меркаванне, что малалетнія парушальнікі закону выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях, – такі вынік, маўляў, уплыву гора-бацькоў. А насамрэч?

– Зусім наадварот. У апошні час усё часцей пераступаюць мяжу дазволенага дзеці з нармальных сем’яў. Ёсць, здавалася б, дастатак, і ніхто з бацькоў не злоўжывае спіртным. Але праблемы ўзнікаюць з-за іх залішняй апекі, усёдазволенасці, недахопу ўвагі, адсутнасці даверу ў сям’і і г.д. Часам дастаткова проста не цікавіцца справамі, унутраным светам і колам зносін сваіх дзяцей, не кантраляваць іх паводзіны, каб “натхніць” на дзеянні, якія ідуць у разрэз з законам і нормамі маралі.

– Якія меры прафілактыкі, на Вашу думку, з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі? Што дапамагло б засцерагчы непаўналетніх ад негатыўных з’яў і небяспечных спакус?

– Універсальнага рэцэпта, на жаль, не існуе. Але лепшы спосаб папярэдзіць бяду, на мой погляд, – быць заўсёды побач з дзецьмі, дапамагаць ім спраўляцца з цяжкасцямі, падтрымліваць у складаных жыццёвых сітуацыях, фарміраваць негатыўныя адносіны да згубных звычак і з’яў, накіроўваць на шлях без заганаў. Таму ў кожным са сваіх мерапрыемстваў – ад індывідуальных сустрэч з бацькамі да арганізацыі вольнага часу дзяцей – мы па-ранейшаму будзем кіравацца галоўным: каб ні адна сям’я, ні адно дзіця не засталіся адзін на адзін з праблемамі, якія яны могуць вырашыць з удзелам і з дапамогай кампетэнтных спецыялістаў.

Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА