Беларусы змогуць прагаласаваць за прадстаўніцу сваёй краіны, студэнтку трэцяга курса Інстытута бізнесу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Настассю Лаўрынчук у фінале міжнароднага конкурсу прыгажосці «Міс свету». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе БДУ.
«Падтрымаць беларускую прыгажуню можна шляхам галасавання. Для гэтага неабходна зайсці на афіцыйны сайт конкурсу і зарэгістравацца з дапамогай акаўнта Facebook, Google або Instagram, адкрыць ўкладку Contestants, знайсці Anastasiya Laurynchuk — Belarus, перайсці ў профіль і націснуць Vote. З аднаго акаўнта можна пакінуць толькі адзін голас», — расказалі ў прэс-службе.
Шоу адбудзецца 14 снежня ў Лондане (Вялікабрытанія). Усяго ў фінале прэстыжнага конкурсу прымуць удзел 90 дзяўчат з розных краін. Карону новай «Міс свету» перадасць тытулаваная ў 2018 годзе мексіканка Ванэса Понсэ дэ Леан. Чакаецца, што фінал конкурсу пакажуць у 150 краінах. Трансляцыя сусветнага шоу адбудзецца 14 снежня на тэлеканале АНТ у 23.20.
Конкурс «Міс свету» ўпершыню быў праведзены ў 1951 годзе ў Лондане. Горад заставаўся сталіцай конкурсу прыгажосці да 1988 года ўключна. З 1989 года спаборніцтва праводзіцца ў розных краінах.