Удзел у абласным творчым спаборніцтве, прысвечаным Году малой радзімы, мелі магчымасць прыняць навучэнцы ўстаноў, што забяспечваюць рэалізацыю праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры і мастацтва, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзяржаўных устаноў культуры.
Канкурсанты ва ўзросце ад 6 да 20 гадоў вынеслі на суд высокапрафесійнага журы свае работы ў намінацыях “Жывапіс”, “Графіка”, “Фатаграфія” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Прапанаваныя тэмы: “Малая радзіма”, “Да вытокаў”, “Кветкі Вялікай Перамогі” і “Квітней, зямля мая!”. А агульнымі крытэрыямі ацэнкі работ з’яўляліся майстэрства іх выканання, колеравае і стылістычнае рашэнне, кампазіцыя, выразнасць, арыгінальнасць, мастацкі густ, умелае спалучэнне традыцый і наватарства.
Наша юная зямлячка Алеся Ярыгіна аддала перавагу тэме малой радзімы: на яе малюнку – водарная жніўная пара. Яшчэ, відаць, зусім нядаўна на духмяным полі з налітымі золатам каласамі збожжа працавала зернеўборачная тэхніка, а зараз красуюцца рулоны саломы. Яркія і сакавітыя фарбы з перавагай жоўта-зялёных адценняў перадаюць атмасферу летняга дня – цёплага, з крыху пахмурным небам. Родная зямля з ураджайнымі палеткамі паўстае месцам працы, спакою і натхнення.
Сама ж Алеся зазначае, што маляванне – яе любімы занятак. Яно дапамагае адпачыць, пераключыцца на іншы від дзейнасці пасля ўрокаў, пазбавіцца ад адмоўных эмоцый, знайсці душэўную раўнавагу. Алоўкі, пэндзалі і фарбы сталі вернымі спадарожнікамі дзяўчынкі з маленства. У першых творчых спробах дапамагала маці, ад якой, відаць, і перадаліся мастацкія схільнасці. А потым Алеся вырашыла развіваць свае здольнасці ў Брагінскай ДШМ.
Ужо трэці год дзяўчынка вучыцца правілам, законам і прыёмам выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Вікторыі Шаўчук, якая прыехала ў наш раён з абласнога цэнтра маладым спецыялістам і згадзілася заключыць працоўны кантракт на пяць гадоў. Дарэчы, яна выпускніца Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа, на базе якога і праводзіўся адкрыты конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Квітней, мая зямля”. У ліку яго асноўных мэтаў – выяўленне і падтрымка юных талентаў, садзейнічанне развіццю іх творчых здольнасцей і павышэнню ўзроўню мастацкай падрыхтоўкі, а таксама папулярызацыя беларускай культурнай спадчыны.
Вынікам і вучаніца, і яе настаўніца задаволены: Алеся атрымала дыплом трэцяй ступені ва ўзроставай групе 14–15 гадоў у намінацыі “Жывапіс”.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК