Пяты рэгіянальны фестываль творчасці людзей старэйшага пакалення «Спадчына» адбыўся ў Лоеве першага кастрычніка.
Удзел у каларытным фэсце прымалі народныя калектывы з трынаццаці тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гомельскай вобласці, у тым ліку і нашы землякі – ансамбль “Грымата”.
Кожны творчы калектыў прапанаваў увазе гасцей і журы фестывалю сваю выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, музычныя нумары і смачныя стравы.
Як расказала спецыяліст аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ліна Пятніцкая, у намінацыі “Нацыянальная страва” іх калектыў заняў першае месца. Такія простыя пачастункі, як бліны, салонікі (вараная бульба), шкваркі і інш. нашы землякі прэзентавалі так, што ў журы не засталося сумненняў: гэта – лепшае выступленне. Да кожнага з пачастункаў былі падрыхтаваныя гумарыстычныя вершаваныя радкі.
І хаця ў астатніх конкурсах перамогу атрымалі прадстаўнікі ТЦСАН з іншых раёнаў, у нашых таксама было на што паглядзець і што паслухаць. Песні ў выкананні самадзейных спявачак, несумненна, спрыяюць пазітыўнаму настрою. Ды і выстава была што трэба: вязаныя вырабы, вышыванкі і лялькі-хатнікі. Пад кіраўніцтвам Ліны Адамаўны ўсю гэтую прыгажосць стварылі нашы зямлячкі-майстрыхі: Валянціна Гайдар, Тамара Глуўко і Святлана Плюшчай.
Акрамя дыпломаў, пераможцы атрымалі падарункі. Не засталіся без увагі і астатнія ўдзельнікі фестывалю.
Ірына СТЫЧЫНСКАЯ