ААТ “Чамярыскі”: з бачаннем перспектывы

Сельская гаспадарка

У Аляксандра Малочкі спраў заўсёды хапае

Па выніках работы за дзевяць месяцаў ААТ “Чамярыскі” не дапусціў спаду вытворчасці малака да ўзроўню мінулага года (108%). Як не знізіць, а павялічыць валавы надой, палепшыць якасць прадукцыі, мы папрасілі расказаць галоўнага заатэхніка гаспадаркі Аляксандра Малочку. Гэта вопытны спецыяліст, які ў свой час закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію з чырвоным дыпломам і паспяхова прымяняе тэарэтычныя веды на практыцы.

–Аляксандр Іванавіч, на чым грунтуецца поспех вашага сельгаспрадпрыемства, што патрэбна, каб атрымліваць вялікае малако?

– Са свайго вопыту магу сказаць, што вытворчасць малака завязана на ўзнаўленні статка. Менавіта яно вызначае прадуктыўнасць і эканамічную эфектыўнасць развядзення жывёлы. Гэта комплексная сістэма мерапрыемстваў, якія забяспечваюць замену матачнага пагалоўя. Калі ўпушчаны пытанні асемянення, на добрыя вынікі нельга разлічваць. У “Чамярыскім” мы два разы ў месяц адбіраем цялушак для рамонту асноўнага статка. На сёння іх налічваецца 1651 галава. З пачатку года ўвялі ў дойны гурт 190 галоў нецеляў, што складае 20%. Да канца года заменім не менш 35% кароў.

Работу па ўзнаўленні патрэбна праводзіць пастаянна і не выпускаць з поля зроку ні на адзін дзень. Яе лічу найважнейшай і кантралюю сам, каб быць упэўненым, што заўтра спаду вытворчасці прадукцыі не будзе.

– Але ж каб вырасціць рэкардыстку, нецелей неабходна правільна раздаіць. Хто гэтым займаецца?

– Перш чым расказаць пра людзей, хацеў бы спыніцца на такім аспекце, як правільнае размяшчэнне, як вы сказалі, будучых рэкардыстак. Нецеляў неабходна або выдзяляць у асобныя групы і адводзіць ім цалкам секцыі, або будаваць для іх спецыяльныя памяшканні, што мы і зрабілі. Ні ў якім разе нельга размяркоўваць па групах некалькім даяркам, інакш эфекту не будзе. У новым хляве ў Хракавічах – толькі нецелі. І станоўчых момантаў тут некалькі. Па-першае, кожная на вачах, па-другое, бачна, колькі камбікармоў неабходна выдзеліць у разліку на малако, па-трэцяе, яе не будуць чапаць, як гэта звычайна бывае, старыя каровы. У іх свая іерархія: слабейшыя падпарадкоўваюцца мацнейшым.

Раздоем займаецца Сяргей Веракса, а дапамагаюць яму жанчыны з брыгады. Справа не з лёгкіх. Каб прывучыць першацёлку да даільнага апарата, варта запасціся цярпеннем.

Сяргей Веракса займаецца справай для сапраўдных мужчын

– Каго б Вы яшчэ выдзелілі з аператараў машыннага даення?

– Ведаю, што ніколі не падвядуць мяне ў рабоце Алена Кузякова, Алена Смірнова і Юрый Петачэнка. У хляве, дзе працуюць, заўсёды парадак. Даглядаюць утраіх 190 галоў. У суткі ад кожнай каровы атрымліваюць па 14 літраў малака, што на літр больш чым у мінулым годзе. На вытворчасці здараецца ўсякае, але ж яны ў лік парушальнікаў дысцыпліны не траплялі. Сумленныя людзі ёсць і на іншых вытворчых падраздзяленнях, на іх трымаецца гаспадарка.

Пашанцавала нам з кіраўніком сярэдняга звяна. Таццяна Аладка ўзначальвае калектыў жывёлаводаў Хракавіцкай фермы пяць гадоў. Не кожны справіўся б з тым аб’ёмам работы, з той нагрузкай, якая ляжыць на яе плячах. Пагалоўе кароў, нецеляў сканцэнтравана вялікае, увесь маладняк буйной рагатай жывёлы пасля 21-дзённага выпайвання малаком паступае сюды. Без пачуцця адказнасці, любові да сваёй справы многія б апусцілі рукі, а Таццяна Анатольеўна кіруе вытворчым працэсам як вопытны дырыжор. А які парадак навяла ў пакоі для адпачынку! Тут вельмі ўтульна і прыгожа.

Дарэчы, спрыяльныя ўмовы стараемся стварыць не толькі для тых, хто заняты на фермах, але і для пастухоў, паляводаў, якія задзейнічаны каля сіласных ёмістасцей. Да іх паслуг – невялікія драўляныя домікі на колах, дзе можна пасядзець, прылегчы на канапу.

Алена Кузякова, Юрый Петачэнка і Алена Смірнова. Хутка абедзеннае даенне

– У гаспадарцы вялікая ўвага надаецца будаўніцтву вытворчых памяшканняў. Што зроблена і што запланавана на наступны год?

– Былы дарэктар Аляксандр Кот правёў рэканструкцыю амаль усіх ферм гаспадарчым спосабам: у Грушным, Хракавічах (двух кароўнікаў і двух цялятнікаў), Чамярысах. У апошніх, напрыклад, адрамантаваны і пабудаваны чатыры хлявы, павець для цялят, летні лагер. Яго справу працягвае Адам Царанок, які прыняў гаспадарку. З’явіўся летні лагер для маладняку буйной рагатай жывёлы ў Хракавічах, тут запланавана павець для цялят, якія вырошчваюцца ў клетках-доміках. У Новай Грэблі будуць фуражны склад і новая наземная сіласная траншэя, летні лагер для кароў. Прычым прытрымліваемся праверанай гадамі тэхналогіі: каб жывёле было камфортна і менш траўматычна. На ферме, дзе працуе Сяргей Веракса, нецелі ўтрымліваюцца на глыбокім подсціле. У прыстасаванай зале на восем станкоў (тут падлога зацэментавана), жывёла знаходзіцца непрацяглы час, пакуль ідзе працэс даення. Зараз будаўнікі займаюцца сістэмай ацяплення.

– Што яшчэ, акрамя ўзнаўлення статка, дапамагае вашаму сельгаспрадпрыемству трымацца на плаву і не здаваць пазіцыі?

– На другое месца я б паставіў кармавую базу. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 33,6 цэнтнера кармавых адзінак. Гэта менш чым у мінулым годзе (летась было па 36,7 цнт), але ж паўтарагадовы запас ёсць: 156,7% да плана. Дарэчы, закладку сіласу працягваем і зараз. У траншэі трапляе ўсё, што вырасла на палях.

– Якая якасць таго, што нарыхтавалі грамадскаму статку?

– На праверку пробы кармоў адправілі ў Калінкавіцкую аграхімічную лабараторыю, дзе зробяць поўны заатэхнічны аналіз. Калі атрыманыя вынікі не задаволяць, звернемся ў рэспубліканскую лабараторыю. І гэта не нашы капрызы. Рацыён статка неабходна збалансаваць па ўсіх пажыўных элементах. Будзем ведаць рэальную сітуацыю – зможам нешта мяняць у рацыёне. На жаль, сёлета ўраджай каралевы палёў атрымалі меншы за мінулагодні, але ж пры гэтым на тэрыторыі Хракавіцкай фермы заклалі шэсць тысяч тон якаснага кукурузнага сіласу, які будзем скормліваць дойным каровам пасля ацёлу. Закупляем канцэнтраты для цялят.

– ААТ “Чамярыскі” заўсёды атрымлівае найвышэйшыя сярэднясутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы. Чыя ў гэтым заслуга?

– Усяго калектыву: тых, хто рыхтуе кармы, даглядае, лечыць цялят, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. Вы, мабыць, звярнулі ўвагу, якое духмянае зялёнае сена ляжыць у двары. За гэта патрэбна сказаць дзякуй нашым механізатарам, і не толькі за яго, а за сянаж, сілас. Вялікую дапамогу нам аказваюць работнікі ветэрынарнай станцыі на чале з Ірынай Сніцарэнкай. А такіх даглядчыкаў маладняку, як Надзея Кандрашэўская і Вячаслаў Манкевіч, патрэбна пашукаць. Пра Надзею Мікалаеўну нават розныя цікавыя гісторыі расказваюць. У моцныя маразы (мінус 30 і больш) яна па ўласнай ініцыятыве перанесла ў хлеў з клетак-домікаў усіх сваіх гадаванцаў. Маленькіх бычкоў і цялушак з усіх ферм росцяць яны з мужам не адзін год, адносяцца да цялят як да малых дзяцей. Нельга без усмешкі слухаць расказы Надзеі Мікалаеўны і Вячаслава Пятровіча пра сваіх падапечных, бо гавораць пра іх з такой любоўю і цеплынёй, што міжволі пранікаешся пачуццём павагі да гэтых цудоўных людзей.

Лічу, нічога гераічнага ў нашай рабоце няма. Проста неабходна сумленна выконваць свае абавязкі і не быць абыякавымі да справы, якую выбралі.

Надзея Кандрашэўская сваіх гадаванцаў песціць
Вячаслаў Манкевіч з надзейным памочнікам

Ад сябе дададам, што поспех не прыходзіць выпадкова. Дырэктар гаспадаркі Адам Царанок трымае сітуацыю на кантролі, у чым мы пераконваліся не раз у час наведвання сельгаспрадпрыемства. Ва ўсім падтрымлівае зааветспецыялістаў, прыслухоўваецца да просьб і парад, выдзяляе грошы для закупкі неабходных прэпаратаў.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА