Праслухоўванне ўдзельнікаў нацадбору дзіцячага «Еўрабачання-2019» пройдзе 20 жніўня

Грамадства

Праслухоўванне ўдзельнікаў нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2019» пройдзе 20 жніўня ў Белтэлерадыёкампаніі. Жывое праслухоўванне юных талентаў будзе праходзіць на самай вялікай тэлевізійнай пляцоўцы — у студыі «600 метраў». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе медыяхолдынга.

Тэрмін прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборы завяршыўся 15 жніўня. На адрас Белтэлерадыёкампаніі ў электронным выглядзе паступілі 44 заяўкі.

«Паступілі анкеты як ад сольных выканаўцаў, так і ад калектываў. Некаторыя з іх ужо не першы раз змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на міжнародным форуме. У прыватнасці, гэта Марыя Жыліна, Арына Пехцерава, Настасся Жабко, Марыя Гулевіч, групы «Нясумны ўзрост» і Мonkey Tops. Ужо 20 жніўня патэнцыяльныя ўдзельнікі музычнага форуму змогуць прадставіць свае кампазіцыі на суд прафесійнага журы ў самай вялікай студыі на Макаёнка, 9 — знакамітай «шасцісотцы». Да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі, пазначанымі ў палажэнні нацадбору», — расказалі ў прэс-службе.

У фінал пройдуць ад сямі да дзесяці выканаўцаў. Гала-канцэрт адбудзецца не пазней за 27 верасня. Прадстаўніка Беларусі для ўдзелу ў міжнародным песенным форуме выберуць па выніках галасавання гледачоў і прафесійнага журы. Усе правы, якія адносяцца да правядзення нацадбору, належаць выключна арганізатару — Белтэлерадыёкампаніі як адзінаму ў краіне члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2019» пройдзе 24 лістапада ў Польшчы.

Беларусь удзельнічае ў конкурсе песні з моманту яго заснавання — з 2003 года. На рахунку краіны дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй «Мы разам», у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй «З сябрамі».

У мінулым годзе Беларусь ужо другі раз была гаспадыняй дзіцячага «Еўрабачання» і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю форуму: на сцэне «Мінск-Арэны» выступілі юныя артысты з 20 краін.

БелТА