Аб гэтым паведаміла загадчыца аддзела праектнай дзейнасці Цэнтральнага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», каардынатар праекта Аляксандра Лугоўская.
«Паводле інфармацыі, што паступіла ў рэспубліканскі штаб па каардынацыі дзейнасці ўборачнай кампаніі 8 жніўня, на ўборцы задзейнічаны 729 маладзёжных экіпажаў, больш за ўсё — у Віцебскай і Мінскай абласцях (175 і 154 адпаведна). З іх 100 маладзёжных экіпажаў намалацілі 1 тыс. і больш тон збожжа. У іх ліку чатыры двухтысячнікі: у Мінскай вобласці — 2, у Брэсцкай і Магілёўскай — па адным, а таксама адзін трохтысячнік — у Віцебскай вобласці. Усяго маладзёжныя экіпажы намалацілі 447,357 тыс. т збожжа», — расказала Аляксандра Лугоўская.
Акрамя таго, задзейнічаны 631 малады вадзіцель. З іх 159 перавезлі ўжо 1 тыс. т і больш намалочанага збожжа. Больш за ўсё вадзіцеляў-тысячнікаў у Брэсцкай вобласці (40), Гродзенскай (38) і Мінскай (37).
Сярод іх дзесяць двухтысячнікаў: у Мінскай вобласці — 6, Брэсцкай — 2, Віцебскай і Гомельскай — па адным, а таксама тры трохтысячнікі: па адным у Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.
«На ўборцы ўраджаю працуюць 24 сямейныя экіпажы, з іх палавіна — у Магілёўскай вобласці. У іх ліку браты Алег і Сяргей Шашкі з КСУП «Бель», бацька і сын Аляксандр і Павел Маі з СЗАТ «СервалюксАгра», унук і дзед Уладзіслаў Аляхновіч і Пётр Лорчанка з ААТ «Трылесін Агра». У Гродзенскай вобласці разам працуюць бацька і сын Дзмітрый і Уладзімір Уласікі з КСУП «Дружба-Агра». Прычым, сын — вадзіцель, а бацька — камбайнер. У Мінскай вобласці на ўборцы праявіла сябе сямейная пара Іван і Вольга Шацілы з філіяла «Праўда-Агра ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», — адзначыла Аляксандра Лугоўская.
На палях у кожным рэгіёне па традыцыі арганізаваны ўшаноўванні маладых лідараў з уручэннем пераможцам дыпломаў і вымпелаў. Таксама тэрытарыяльныя арганізацыі БРСМ накіроўваюць бацькам хлопцаў падзячныя пісьмы.
Як паведамлялася, саюз моладзі арганізуе рэспубліканскі праект «Моладзь — за ўраджай!»
Спаборніцтвы праходзяць у намінацыях «Маладзёжны экіпаж камбайнераў, які дасягнуў найбольшага намалоту» і «Малады вадзіцель, які перавёз найвышэйшую колькасць збожжа».
Пераможцамі стануць першыя экіпажы-тысячнікі і вадзіцелі, якія занялі прызавыя месцы ў працоўным спаборніцтве па выніках уборачнай кампаніі. Важны складнік праекта «Моладзь — за ўраджай!» — комплексная інфармацыйная кампанія, якую БРСМ праводзіць у інтэрнэце ў сваіх групах у сацыяльных сетках пад хэштэгамі #молодежьзаурожай, #жатвабеларуси2019, #малаяродина.
Мэта праекта — павышэнне прадукцыйнасці працы маладых працаўнікоў вёскі, занятых на ўборцы ўраджаю, заахвочванне іх працоўнай ініцыятывы і папулярызацыя сельскагаспадарчай працы.