Збожжавыя ў Беларусі ўбраны амаль з 40 працэнтаў плошчаў

Сельская гаспадарка

Збожжавыя (акрамя кукурузы, грэчкі і проса) у Беларусі ўбраны з 846,7 тыс. га, што складае 39,2 працэнта ўборачнай плошчы.

Паводле даных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання на 29 ліпеня, лідарам па-ранейшаму з’яўляецца Брэсцкая вобласць, дзе ўбрана 70,9 працэнта плошчаў.

У Гомельскай вобласці ўбрана 43,2 працэнта плошчаў збожжавых, у Гродзенскай — 46,3 працэнта, Мінскай — 33,3 працэнта, Магілёўскай — 29,2 працэнта, у Віцебскай, якая апошняй уключылася ў жніво, — 15,8 працэнта.

Усяго ў Беларусі намалочана амаль 2,8 млн т збожжа. У сярэднім з аднаго гектара ў гэтым годзе аграрыі ўбіраюць 33 ц збожжа.

Завяршаецца ўборка азімага рапсу на зерне: ён убраны з 296,5 тыс. га (99,1 працэнта ад плана). Усяго намалочана 619,7 тыс. т пры ўраджайнасці 20,9 ц/га.

Акрамя таго, гаспадаркі Беларусі правялі другі ўкос траў на 71,3 працэнта плошчаў (559 тыс. га). Паводле даных Мінсельгасхарча, сельскагаспадарчыя арганізацыі краіны нарыхтавалі 3033,6 тыс. т кармавых адзінак травяных кармоў. Усяго ў бягучым годзе іх плануецца нарыхтаваць 9168 тыс. т. Сенажу нарыхтавана 9327,4 тыс. т (71,8 працэнта да плана), сена — 654 тыс. т (69 працэнтаў), сіласу — 343,5 тыс. т (1,89 працэнта).

Лён выцераблены на 25,6 тыс. га (49,3 працэнта ад плана). Акрамя таго, праведзена абгортванне стужак 31,3 працэнта выцерабленага лёну.

БелТА