Уся другая палова XVII ст. з’явілася адным з найбольш цяжкіх перыядаў у гісторыі нашага краю. У выніку частых войнаў і сялянскіх паўстанняў былі спустошаны многія гарады і мястэчкі, у т. л. Брагін. Пасля другога моцнага разбурэння войскамі Рэчы Паспалітай, калі горад быў поўнасцю спален, а матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці зрабаваны і вывезены, ён перастаў выконваць ролю апорнага абарончага пункта на ўкраінска-расійскай мяжы і ператварыўся ў маёнткавую сядзібу яго ўладароў. Паступова Брагін страціў і значэнне даволі важнага раней звяна на гандлёвым шляху па Дняпры, а таксама па сушы – праз Мазыр, Хойнікі і далей на Лоеў, Любеч.
Адначасова з узмацненнем нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту пагоршыліся ўмовы для развіцця культуры карэннага насельніцтва. Беларуская мова ў дзяржаўных сферах яе ўжывання замянялася польскай. Закрываліся і без таго нешматлікія школы, знішчаліся кнігі, складзеныя па-беларуску. Асвета станавілася манаполіяй каталіцкай і ўніяцкай цэркваў.
У гэты ж перыяд Брагін і навакольныя мясцовасці перайшлі ад Вішнявецкіх ва ўласнасць буйнейшых па тым часе польскіх магнатаў Канецпольскіх. Так, у 1687 г. ён належаў ваяводзічу бэлзскаму – Яну Канецпольскаму. У склад Брагінскага маёнтка (ключа) уваходзілі тады, як сведчаць архіўныя даныя, 22 населеныя пункты: Бабчын, Спарыж (Спярыжжа), Нудзічы, Дублін, Галкі, Сувіды, Мікулічы, Веляцін, Гамолічы, Сялец, Малыйкі (Малейкі), Катловіца, Скураты, Мокіш, Еўлашы, Глухавічы, Губарэвічы, Сцежарна, Хатуча, Юркавічы, Юлча (Іёлча), Ліствін, а таксама чатыры хутары: Маскі, Ільічы, Буркі, Крыўча, Дамброўскі, Варацец, Каноны, Чэхі, Забалацце, Ясяноў (Ясяні), Звінярскае, Бандары.
Напрыканцы XVII ст. у Брагінскую воласць уваходзіла і мястэчка Хойнікі з яго ваколіцамі.
Дарэчы:
Да пачатку XVIII ст. адносіцца цікавы гістарычны факт: у апошнія дні чэрвеня 1706 г. у нашых мясцінах пабываў расійскі цар Пётр I. З невялікай флатыліяй рачных суднаў ён праследаваў па Дняпры ў Кіеў. У народзе бытуе легенда пра тое, нібыта ў гонар той падзеі на паштовым тракце Брагін – Лоеў быў пабудаваны памятны “царскі” (Пятроў) домік, а неўзабаве каля яго заснавана вёска, якая атрымала назву Петрыцкае.
На пачатку XVIII ст. Брагін зноў перайшоў да новых уладальнікаў. У 1715 – 1721 гг. мястэчка і частка воласці належалі падкаморыю дзерпцкаму Аляксандру Бандзінелі, другая палова воласці з рэзідэнцыяй у Губарэвічах – мазырскаму маршалку Антонію Аскерку, а потым – Сігізмунду Шукту. Гэтыя ўладальнікі часта варагавалі паміж сабой.
У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Мінску захоўваецца інвентарны вопіс маёнтка Хойнікі ад 20 сакавіка 1721 г., паводле якога да маёнтка адносіўся фальварак Астрагляды разам з вёскамі Астрагляды, Вязок, Плоскае, Варацец.
Сярэдзіна XVIII ст. была адзначана шырокім размахам сялянскага руху на мазырскім Палессі. Са зброяй у руках выступалі прыгонныя людзі ў вёсках каля Брагіна, Лоева, Нароўлі і ў іншых месцах. Гэтыя разрозненыя сялянскія хваляванні, вядома, не маглі змяніць цяжкага становішча збяднелага і бяспраўнага люду, але ўсё ж вымушалі мясцовых памешчыкаў хоць у нейкай меры лічыцца з настроямі прыгонных.
У другой палове XVIII ст. Брагін са значнай часткай воласці і вёска Мікулічы набылі ці атрымалі ў спадчыну графы Людвіг Міхайлавіч і Алозій (Алоіз) Міхайлавіч Ракіцкія. Яшчэ да пачатку іх уладарання тут (50-я гг. XVII ст.) брагінскі маёнтак быў даволі буйны. Па даных “Словаря географического Королевства Польского” ў яго ўваходзілі 37 вёсак з 3319 душамі прыгонных мужчынскага полу.
Аб тым, што ва ўладаннях Ракіцкіх не абыходзілася без сялянскіх бунтаў, сведчыць пісьмо ротмістра графа Ракіцкага да рускіх уладаў у Кіеве і пісьмо кіеўскага генерал-губернатара на адрас Генеральнай вайсковай канцылярыі ад 14 мая 1751 г. аб прыняцці сілавых захадаў супраць нападаў сялян на ўладанні шляхты ў раёне Брагіна. У ім генерал-губернатар, паведамляючы аб удзеле ў гэтых хваляваннях сялян памежных раёнаў Украіны, патрабаваў “…всепрележнейшей таковых вновь появившихся злодеев-разбойников поимки… и искоренения”.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА