У адкрытым акцыянерным таварыстве “Малажынскі” мы пабывалі разам з галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Максімам Каўцэвічам. Гэтае сельгаспрадпрыемства, як і суседняе “Брагінскі”, завяршыла ўборку азімага рапсу да 1 ліпеня.
Калі быць шчырымі, дык і жаць асабліва не было чаго: усяго 80 гектараў з 580, якія малажынцы адвялі пад рапс. На ўчастку за Дубліном вялася асноўная работа. За штурвалам камбайна КЗС-10 знаходзіўся Аляксандр Карнічэнка. Тэхніка новая, працуе на ёй Аляксандр Пятровіч са жніўня 2017 года. Максім Каўцэвіч не прамінуў магчымасці падняцца ў кабіну, пацікавіцца, як ідзе работа, колькі насення рапсу ў бункеры. Сам ён тры гады ўбіраў зерневыя, быў памочнікам у вопытнага камбайнера Міхаіла Дарошчанкі з ААТ “Пераможнік”, таму для галоўнага тэхнолага жніво з яго клопатамі і напружаннем – асаблівая пара.
На адвозцы рапсу задзейнічаны вадзіцель Аляксандр Кудранок, салому прасуе Сяргей Леглік. Як і патрабуе пажарная служба, каля ўборачнай тэхнікі знаходзілася бочка з вадой.
Не пашанцавала каштоўнай тэхнічнай культуры сёлета: з засеяных у раёне 3530 гектараў убраць засталося 1115 (68%). Прырода не паслала доўгачаканых дажджоў у жніўні мінулага года, была скупая на вільгаць, калі наступілі аптымальныя тэрміны сяўбы. Насенне азімага рапсу загарнулі ў сухую глебу, яно нават не паспела прарасці, даць усходы. Хаця, па словах Максіма Юр’евіча, на тых плошчах, якія засеялі ў пачатку месяца (найлепшыя тэрміны – з 5 жніўня), расліны ўсё ж набраліся моцы да наступлення халадоў і далі нядрэнны ўраджай. Гэта яшчэ раз пацвярджае, наколькі каштоўная, і галоўнае, рэнтабельная культура патрабавальная да тэхналогіі.
Калі прааналізаваць паказчыкі па ўраджайнасці рапсу папярэдніх гадоў, атрымаецца, што пахваліцца аграрыям няма чым. У 2017-м убралі ўсяго 500 гектараў, з якіх палова – у ААТ “Камарынскі”. Летась, праўда, у раёне зжалі і абмалацілі 2010 гектараў (сярэдняя ўраджайнасць – 9,5 цнт). Камарынцы ў 2018-м адвялі алейнай культуры 400 гектараў, сабралі 560 тон пры ўраджайнасці 14 цнт/га. Гэта – найлепшы вынік. Рэзервы для росту ёсць, бо ў перадавых гаспадарках не толькі рэспублікі, але і вобласці, атрымліваюць з кожнага гектара значна больш.
На рапсавых плантацыях хлебаробы апрабоўваюць свае стэпавыя караблі. Галоўная работа – уборка збожжавых – наперадзе. Таму ад усёй душы пажадаем ім высокіх намалотаў, плёну ў працы і моцнага здароўя.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК