Чарнобыль – разнавіднасць палыну, якая шырока распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі, у перакладзе са стараславянскай мовы азначае “чорная трава”, чорны колер якой у людзей звычайна асацыіруецца з горам і смерцю.
Чарнобыль – горкая трава, Чарнобыль – гарэць, паміраць, апусцець… Спаленая зямля, памерлыя людзі, адселеныя вёскі, пустыя дамы і хаты, пустыя калодзежы, закінутыя могілкі…
Калі адсялялі вёску Багушы, маёй дачушцы было амаль тры з паловай гады, а сынам-двайнятам па паўтары, да 4 мая 1986 года яны купаліся ў пяску і басанож бегалі па траве…
Праз 32 гады, мінулай вясной, я зноў наведаў тыя мясціны, дзе калісьці жыў і працаваў, і пад уражаннем ад той паездкі напісаліся гэтыя радкі.
Бывайце, любыя абшары,
Вас схавалі за дротам калючым,
А попел чарнобыльскіх пажараў
Асядае на сэрцы ранай балючай.
Адно радуе, што Брагін такі прыгожы, тут жывуць і радуюцца жыццю добрыя, шчырыя, вясёлыя і прыгожыя людзі. Здароўя, міру і дабра вам, жыхары Брагіншчыны.
З павагай, Аляксандр Цярэшчанка
з Рудні-Жураўлёвай
ВЁСКА ГАЛАСІЛА…
Вёска калісь галасіла,
Калі людзі яе пакідалі
Дадому, вяртайцесь, прасіла,
Навошта ж вам чужыя далі?
Родная плакала хата,
Плакалі кветкі, калодзеж, сады…
І верылась маці з татам
У вяртанне аднойчы сюды.
Але вёска дарэмна чакала,
Не вярнуцца жыццю ўжо назад…
Як бабуля мая казала,
Гэта “нехрысць” прынёс нам разлад.
Адышлі ў небыццё Астрагляды,
Печы, Хатуча, мае Багушы,
На магілах ржавеюць аграды…
З жывых тут, на жаль, ні душы.
БЫЛОЕ І ДУМЫ
Чаму ты засохла – скажы мне, бяроза?
Цябе бацька мой калісьці садзіў.
Што здарылась? Што за пагроза?
Мірны атам… ты што нарабіў?
Хата пустая, вокны разбітыя,
Стол, канапа – тут я сядзеў.
Міска, конаўка, ржою пакрытыя,
Гэтаю лыжкай калісьці я еў…
Розныя рэчы мне душу кранаюць:
Чобат парваны, стары патэфон…
Папераджальныя знакі спыняюць:
Уваход забаронены! Асцярожна! Радыяцыі фон!
СУСТРЭЧА
Ужо няма бацькоўскіх хат
Чамусьці ў землю іх схавалі
Ты дзе цяпер мой кум ці сват?
А як з табою мы спявалі!
Сцяжынка школьная мая
Валун вялікі пры дарозе
Тут бываю рэдка цяпер я
Старэнькай я кіўну бярозе.
Прыеду продкам пакланіцца
Пабыць ля родных мне магіл,
Мне вёска стала часта сніцца
Майго маленства куток мілы.
І цяжка стане на душы
На сэрцы боль і так жахліва,
Але ж жалобныя крыжы
Стаяць панура і маўкліва.
Ужо няма бацькоўскіх хат,
Але мы будзем сустракацца
Давай спяем, мой кум ці сва,
Не плакаць будзем – а смяяцца.
Давай жыццё сваё любіць,
Яго праявы ўсе і гукі.
Давай дабро ў жыцці тварыць,
Расціць дзяцей сваіх і ўнукаў.