Ключавыя пытанні, якія разглядаліся на апаратнай нарадзе, датычылі сельскай гаспадаркі

Афіцыйна

Ключавыя пытанні, якія разглядаліся на апаратнай нарадзе ў панядзелак, датычылі сельскай гаспадаркі. “ВЯСЕННІЯ ПАЛЯВЫЯ работы вядуцца недапушчальна маруднымі тэмпамі, пасеяны ў разліку на адну сеялку не тое што мінімальныя – мізэрныя плошчы. Неадкладна выправіць становішча, паскорыць тэмпы работ, захоўваючы аптымальныя тэрміны і тэхналагічныя патрабаванні, – абавязак кожнага кіраўніка ААТ”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Прыйшоў той час, пра які кажуць у народзе, што ён год корміць. Унясенне арганічных угнаенняў, догляд азімых, пасеў траў – аграрыям неабходна паспець зрабіць усё. Таму тэхніку варта задзейнічаць поўны светлавы дзень. Марна бавіць час, рэсурсы недапушчальна.

Гэта не значыць, што на самацёк можна кінуць ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЮ. Кантроль за якасцю прадукцыі, выкарыстаннем кармоў, выкананнем патрабаванняў тэхналогій павінен быць усебаковы. Патрэбна займацца будаўніцтвам і рамонтам загонаў для жывёлы, там, дзе гэта мэтазгодна, – правесці суботнікі.

ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ тэрыторый неабходна працягваць. Акрамя навядзення парадку, клопатам кожнага павінна стаць і захаванне пабудаванага і пасаджанага. Дарослыя павінны стаць прыкладам паводзін для дзяцей і падлеткаў.

Па інфармацыі начальніка РАНС Андрэя  Грыгаровіча, трывогу выклікаюць палы мінулагодняй расліннасці. Пакінуты без нагляду агонь можа прывесці да сур’ёзнай бяды – пры правядзенні ўсіх работ неабходна памятаць пра гэта. За тыдзень выратавальнікі здзейснілі 19 выездаў. У Іванках здарыўся пажар у жылым доме, людзі не пацярпелі.

За тыдзень у раёне зарэгістравана адно злачынства (крадзеж мабільнага тэлефона), – паведаміў начальнік РАУС Валерый Чэкан. Выяўлены п’яная аператар машыннага даення на працоўным месцы і “нясун” канцэнтратаў.

Па словах начальніка пагранзаставы “Камарын” Антона Самалюка, на мінулым тыдні затрыманы чатыры парушальнікі на тэрыторыі ПДРЭЗ. Яны патлумачылі,  што прывяло іх на забароненыя тэрыторыі жаданне займацца экстрэмальным турызмам.

Заключэнне дагавораў на водакарыстанне з сельскімі жыхарамі праводзіцца нездавальняюча, – заўвага кіраўніка раённай вертыкалі ў адрас дырэктара КЖУП “Брагінскае” Аляксандра Атрошчанкі. Спецыялістам камунальнай службы сумесна з прадстаўнікамі сельскіх Саветаў неабходна актывізаваць работу.

Галоўны ўрач установы аховы здароўя “Брагінская ЦРБ” Ігар Кірэня расказаў аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні выплаты заработнай платы, здачы другаснай сыравіны, самаабкладання.

Галіна ШАЎЧЭНКА