Чым крык адгукнецца

Позиция Валентины Бельченко

 Адзін з лютаўскіх дзён выдаўся па-вясноваму цёплым. Сонейка лагодна пасылала з нябеснай вышыні промні на яшчэ пакрытую дзе-нідзе снегам зямлю. А маленькі хлопчык, які ішоў побач з маці, моцна трымаючыся за яе руку, нібы вітаў гэты прыгожы дзень сваёй бойкай гаворкаю. Нешта надзвычай эмацыянальна распавядаў, тлумачыў, пытаўся. Праўда, на сваёй, зразумелай, відаць, толькі самаму дарагому для яго чалавеку мове. Але рэакцыя маці ў такі момант выклікала абурэнне – прагучала гучнае, грубае: “Ды супакойся ты ўжо!..”  І ўраз цёплы сонечны дзень нібы засланіла чорная хмара, а цела пранізала холадам. Падумалася: “Вось дык выпаліла!”

У падобнай сітуацыі, вядома, не ўставіш сваё слова – у кожнага з бацькоў свае метады выхавання. Як і погляды на ўзаемаадносіны ў сям’і, развіццё таго ці іншага жыццёвага сюжэту. Але часам, калі з’яўляешся выпадковай сведкаю асобных “выхаваўчых працэсаў”, становіцца неяк сумна. Ці не ад таго, што мы, дарослыя, так хочам, каб нашы дзеці былі вельмі прыкладныя і паслухмяныя? Не бегалі, не капрызнічалі, не балбаталі, не патрабавалі, не глядзелі па баках… Іншымі словамі, проста не турбавалі – клопатаў ды спраў і так хапае. Вось і раздражняемся, крычым. Нярэдка – без знанай прычыны. Проста таму што не ў настроі, стаміліся, не паспяваем, нехта пакрыўдзіў ці раззлаваў, не ўсё атрымліваецца так, як хочацца. А што да ўсяго гэтага маленькай асобе, якая не разумее дарослых “паняццяў”? Яе больш цікавяць кошка на бардзюры, голуб на даху, дзядзечка з мятлой каля магазіна, адлюстраванне сонейка ў лужыне… Так, нейкія дробязі. Ва ўсялякім разе, з вышыні нашага ўзросту.

Нехта, магчыма, запярэчыць: выхоўваць дзіця і пры гэтым ні разу не павысіць на яго голас – задача цяжкавырашальная. Хто з нас, у рэшце рэшт,  не без граху. Згаджуся. Але адна справа, калі такім чынам, магчыма, засцерагаем сваіх дзяцей ад нейкай бяды, шкоды ці непрыемнасцей. І зусім іншая, калі на іх проста “зрываемся”, выстаўляем на паказ слабасці ўласнай псіхікі.

У дарослых як? Званкі. Размовы. Мітусня. Жыццё ў фармаце “хутчэй”. Пагоня за матэрыяльнымі дабротамі. Праблемы, якія часта ствараем самі. І ўсё гэта нярэдка засланяе куды больш важнае і значнае: жаданне дзяцей пачуць іх, падтрымаць размову, раздзяліць пачуцці. А потым здзіўляемся, чаму з цягам часу яны аддаляюцца, праяўляюць нецярпімасць, не давяраюць.

Цікавая, заўважце, атрымліваецца карціна: дарослы, разумны, умудроны жыццёвым вопытам чалавек крыкам падаўляе эмоцыі дзіцяці. Хаця сам іх, мяркуючы па паводзінах, кантраляваць не здольны. Дык што ў такім выпадку крык: спускавы механізм, выплёскванне накопленага негатыву? На мой погляд, гэта – падстава працаваць над сабой. Каб не дабіцца эфекту бумеранга.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА