Перад пачаткам пасяджэння райвыканкама пад апладысменты прысутных кіраўнік раёна Аляксандр Васільевіч Кохан уручыў ветэрану працы Васілю Яфімавічу Грыбу Ганаровую грамату Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, а таксама памятны знак з нагоды 100-годдзя ўтварэння БССР.
Такога гонару наш зямляк удастоены за асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Гомельскай вобласці і ў сувязі са святкаваннем стогадовага юбілею з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі. Многія ведаюць яго, а некаторым спецыялістам і кіраўнікам гаспадарак давялося і папрацаваць побач. Чалавек ён паважаны, да ўсяго – ганаровы грамадзянін Брагіна.
Ветэрынарны ўрач з вялікім стажам і вопытам работы (Васіль Яфімавіч узначальваў ветэрынарную службу раёна) не пакінуў Брагіншчыну пасля аварыі на ЧАЭС. Нягледзячы на тое, што ў першыя гады пасля выбуху на рэактары вакол панавалі неразбярыха і паніка, ішло адсяленне насельніцтва, ён змог згуртаваць спецыялістаў, захаваць грамадскі статак. Не хапала заатэхнікаў, урачоў, таму кадры падбіраў і рыхтаваў сам. Неабходна было замяніць тых, хто пераехаў у больш чыстыя раёны, і Васіль Яфімавіч з ліку ветфельчараў і санітараў-практыкаў выбіраў здольных, каб перадаць ім веды, навучыць таму, што спасцігаў сам гадамі.
Верна служыў ён прафесіі і пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Вучні Васіля Яфімавіча працягваюць яго справу і заўсёды ўзгадваюць з павагай і ўдзячнасцю.
Ніна СІНІЛАВА