Памятаеце, як у казках? “І жылі яны доўга і шчасліва”… А мы ў дзяцінстве нават не задумваліся,як героям удавалася ствараць гэтае шчасце, падтрымліваць і захоўваць яго доўгія гады. Літаратурныя творы такіх сакрэтаў нам не раскрывалі. Хутчэй, наадварот, малявалі ілюзію: усё далей, пасля вяселля, складзецца само сабой. Ды жыццё – не казка. Тут вецер дуе ў пераменных напрамках. Здараюцца і ўраганы.
Гэта да шлюбу – яркія пачуцці і рамантыка, лепшыя якасці характараў. І паводзіны – такія, каб выклікалі захапленне, зачароўвалі, падабаліся таму, хто побач. А недахопы? Яны здаюцца зусім нязначнымі, таму на іх проста заплюшчваюцца вочы. Не бачыцца розніца ні ў светапоглядах, ні ў жыццёвых прынцыпах, ні ў маральных якасцях. Не звяртаецца ўвага на адносіны да сябе: праяўленне ўвагі, клопату, давер і праўдзівасць. Розум закаханых амаль заўсёды засланяюць пачуцці. Вось і атрымліваецца: хвалюючая прапанова аб замужжы, залатыя кольцы на пальцах, фанфары картэжу машын і свята ў рэстаране, дзе чакае мноства тостаў і падарункаў, – мары ажыццяўляюцца. Але вяселле – гэта не проста прыгожае свята. З яго па сутнасці пачынаецца новае жыццё. І шлюб “ружовыя акуляры” хуценька здымае.
Год першы. Арэол рамантыкі развейваецца, і вось яны – не прынц і прынцэса, а звычайныя людзі. Са сваімі звычкамі, характарамі, поглядамі на бытавы камфорт, падзел абавязкаў, адносінамі да грошай і іх размеркавання… Выбраннікі нярэдка прыходзяць да высновы, што іх унутраныя чаканні не адпавядаюць знешняй рэальнасці, і пачынаюцца канфлікты. Раўнавагу ў адносінах парушаюць і залішнія эмоцыі, і нежаданне ісці на ўступкі, і трыманне цяжкага грузу крыўд.
Яшчэ два-тры гады. Да фінансавых, жыллёвых і іншых праблем дадаецца фізічнае і нервовае напружанне, выкліканае пастаянным патрабаваннем да сябе ўвагі новага члена сям’і. Бывае, што да рознагалоссяў прыводзяць любыя дробязі: хто мые посуд, гуляе з малым ці якія шпалеры лепш купіць у спальны пакой. А тут яшчэ па-ранейшаму хочацца сюрпрызаў, яркіх эмоцый, весялосці і драйву, свабоды дзеянняў – усяго, што так уласціва маладосці.
Дзіця падрастае – і ў маці, з вяртаннем на работу, абавязкаў становіцца яшчэ больш. Клопат пра сям’ю, дом, праца – патрэбна як ніколі вучыцца спраўляцца з некалькімі справамі адразу. Добра, калі ў цяжкую хвіліну падтрымае, падставіць сваё плячо муж.
Не выключана, што з цягам часу праблемы і крыўды, раздражненні і прэтэнзіі, умяшанне ў сітуацыю бацькоў, супярэчнасці ў пытаннях выхавання дзяцей і інш. выстрайваюцца ў непраходны бар’ер. Дакучаюць манатоннасць і аднастайнасць жыцця, прыпраўленыя побытам. Дык што гэта – сямейныя крызісы: падстава бегчы ад адказнасці, уцякаць ад цяжкасцей ці ажыццяўляць работу над памылкамі?
У нашай краіне, мяркуючы па статыстыцы, распадаецца кожны другі шлюб. Прывяду лічбы, якія датычаць менавіта Брагіншчыны: у мінулым годзе ўзаконіла свае адносіны 61 пара, а развяліся – 33. Прычым ёсць такія, хто не змог пражыць разам і года-двух. Паспяшаліся? Зусім іншым уяўлялі сямейнае жыццё? Не задумваліся пра тое, што будзе заўтра?.. Вядома, куды прасцей разбегціся, кінуцца на пошукі новага “ідэалу”, чым вучыцца будаваць свае адносіны, дасягаць у іх раўнавагі, прыстасоўвацца адзін да аднаго. Усё зачастую псуе нежаданне працаваць над сабой, прыкмячаць уласныя памылкі, ісці на кампрамісы. У рэшце рэшт, банальны эгаізм.
Пяць пар скасавалі свой шлюб праз загс: сумеснае жыццё доўжылася ад двух да васьмі гадоў. Такім чынам, як вядома, можна развесціся па ўзаемнай згодзе і калі няма непаўналетніх дзяцей, адсутнічаюць спрэчкі аб маёмасці. У іншым выпадку – дарога ў суд. І пры падачы заявы ўказваецца прычына, што выклікала прыняць такое рашэнне. Фігуруюць, як правіла, “не сышліся характарамі”, “розныя погляды на жыццё”, “стаміліся адзін ад аднаго”… Але насамрэч, як заўважаюць у судзе, падставы для скасавання шлюбу могуць быць зусім іншыя – асабістае нярэдка застаецца пры сабе. Таму па запісах, часам зробленых фармальна, меркаваць аб рэальных прычынах распаду той ці іншай сям’і складана.
І ўсё ж… Будзем рэалістамі: сумеснае жыццё не можа складвацца толькі з адных свят і станоўчых падзей. У адносінах дваіх назіраюцца ўсплёскі і зацішша, пад’ёмы і спускі, узлёты і падзенні. Галоўнае – умець дастойна сустрэць выклік. Крызіс па сутнасці дае нам магчымасць стаць больш мудрымі, разумнымі, свядомымі і цярплівымі. Іншая справа – як яе кожны выкарыстоўвае.
Зразумела, што да кахання, каб шлюб быў моцны, патрэбна яшчэ прыкласці ўзаемны давер і разуменне, здольнасць пераадольваць усе цяжкасці і перашкоды, захоўваючы цэласнасць сям’і. Ды атрымліваецца гэта, на жаль, далёка не ў кожнага.
Нядаўна ў адной з газет прачытала, як маладая пара прыйшла ў сталічны загс з цвёрдым намерам скасаваць шлюб праз… чатыры месяцы пасля вяселля. На вялікую радасць, задуманае не ажыццявілася. Шчаслівы працяг гэтая і нямала іншых гісторый набылі пасля таго, як іх удзельнікі пагадзіліся сустрэцца з медыятарамі. Менавіта такіх спецыялістаў, як аказалася, ім не хапала, каб зразумець адзін аднаго і адважыцца сабе дапамагчы.
Даная працэдура, дарэчы, – пасрэдніцтва пры вырашэнні спрэчных сітуацый, ці медыяцыя, шырока выкарыстоўваецца ва ўсім свеце. У тым ліку ў сферы сямейна-шлюбных праваадносін. Ёсць нават краіны, дзе не прымаюць заяву на скасаванне шлюбу, пакуль муж з жонкай не прынясуць даведку, што былі ў медыятара. Менавіта ён дапамагае дваім прааналізаваць свае адносіны, знайсці кампраміс, выпрацаваць агульную пазіцыю па канфлікце. У рэшце рэшт, прыняць свядомае, добра абдуманае рашэнне. Без помсты і злобы. Згадзіцеся: нават калі развод непазбежны, важна таксама дамовіцца і ўсё зрабіць цывілізавана. Каб не застацца ворагамі, не нашкодзіць дзецям.
У Беларусі, праўда, інстытут медыяцыі яшчэ даволі малады. Але пэўных поспехаў, як сведчыць статыстыка, ён ужо дасягнуў: больш як у 40% выпадкаў людзі, якія звярнуліся да спецыялістаў, прыйшлі да кампрамісу, заключыўшы медыяцыйныя пагадненні. І, магчыма, больш актыўнае прымяненне такой практыкі для ўрэгулявання сямейных спрэчак і канфліктаў дазволіла б зменшыць колькасць разводаў. Нездарма ініцыятыва па ўвядзенні медыяцыі ў мінскіх загсах, якая спачатку выклікала скепсіс нават у асобных спецыялістаў, сёння становіцца ўсё больш запатрабаванай. З’явілася ідэя зрабіць сямейную сустрэчу з медыятарам абавязковай да звароту ў суд.
Ва ўсялякім выпадку, бясспрэчным застаецца адно: пабрацца шлюбам – крок даволі адказны і сур’ёзны. На шчасце, мы самі вырашаем, рабіць яго ці не. Як і тое, ці выходзіць замуж (жаніцца) наогул. Паспешлівасць у гэтым пытанні – пад успышкай моцнага прыцягнення адзін да аднаго ці ўплывам нейкіх знешніх фактараў, гаворак тыпу “час ужо…”, “калі вяселле?” – да добрага не прывядзе. Тут варта кіравацца ўласным розумам, усведамляць, што ў сямейным жыцці без праблем не бывае.
Сёння, згадзіцеся, так мала добрых прыкладаў сумеснага жыцця. У многіх дзяцей перад вачыма – бацькоўскія няўдачы і “войны”. У прэсе і па тэлебачанні – падрабязнасці разводаў артыстаў, палітыкаў і іншых вядомых людзей, з чаго робіцца сенсацыя. Бясконцая чарада шлюбаў і іх скасаванняў успрымаецца як норма. Таму і няпроста выхаваць пакаленне з трывалымі поглядамі на сям’ю, доўгатэрміновыя адносіны.
Няма, безумоўна, апраўданню хатняму насіллю ці п’янству, за якім – знявагі, абразы, праяўленне агрэсіі. Але ў іншых выпадках, на мой погляд, за захаванне шлюбу варта пазмагацца. Іншая справа – наколькі самі людзі гатовыя не даказваць сваю “праўду” да хрыпаты, а рабіць пэўныя высновы. Сутыкненне з цяжкасцямі – гэта як выхад на грэбень хвалі: адны сем’і пераадольваюць яго і ўмацоўваюць адносіны, а другія – не, распадаюцца.
Я жадаю, каб як мага больш сённяшніх маладых пар выпрацавалі сваю формулу шчасця і трывалага шлюбу. Беражыце свой сямейны карабель ад расколін і прабоін, не дазваляйце яму ісці на дно.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА